Фёдар Антонавіч Піскуноў

У пятніцу, 5-га красавіка 2013 г. пайшоў з жыцця Фёдар Антонавіч Піскуноў. Хімік па адукацыі, прапрацаваўшы ўсё жыццё па спецыяльнасці, Фёдар Антонавіч меў вялікую любоў да беларускай мовы і пераймаўся яе лёсам. Вынікам больш чым дваццацігадовай працы над сістэматызацый беларускага словазмянення стаў «Вялікі слоўнік беларускай мовы», выданы якраз год таму. ВСБМ — не толькі сам па сабе цікавы лексікаграфічны прадукт, але тыя Артыкулы, якія паўсталі на падставе аналізу моўнага матэрыялу да слоўніка, таксама утрымліваюць многа вартых ідэй і высноў.

Выданне ВСБМ для мяне стала тады навіной, і цікавай ва ўсіх сэнсах, таму мне было вельмі прыемна пазнаёміцца з аўтарам слоўніка.

На жаль, я з памылкай запісаў нумар тэлефона і таму не змог сустрэцца з Ф.А., калі мы папярэдне дамаўляліся: тэлефон на памылковым нумары не адказваў. Але праз пэўны час я вырахаваў, які мусіць быць слушны нумар. Усё ж такі дазваніўшыся да Ф.А., я спаткаў паразуменне, і Ф.А. сказаў, што калі нам не ўдалося сустрэцца у горадзе, то можна завітаць да яго. Ён нават сустрэў мяне каля метро, каб я не заблукаў.

Такое стаўленне і змястоўная размова, дый сама зацікаўленасць Ф.А. у мове і моўных праблемах — усё гэта было вельмі прыемным уражаннем, якое выбівалася з таго, што з’яўляецца штодзённым для беларускай лінгвістыкі. Да таго ж, самая тая зробленая праца, якую я пабачыў, была аграмаднай і – галоўнае – паспяховай. Такое таксама спаткаеш нячаста, і такое радуе заўсёды.

Пакой Фёдара Антонавіча быў застаўлены слоікамі, шклянкамі з зёлкамі, лекамі – па усім было відаць, што гэта жытло хваравітага чалавека. Аднак канкрэтна аб ягоным стане я не ведаў. На лісты Ф.А. заўсёды адказваў, пры тым вельмі сур’ёзна і з разуменнем, паведамляў пра планы барацьбы за правы беларускай мовы, пра тыя моўныя і калямоўныя праблемы, якімі ён займаецца. Нішто не казала, што тэрмін кароткі.

Сумная падзея адбылася, якраз калі я прыехаў на тыдзень у Мінск. Адной з прычын наведвання сталіцы для мяне было менавіта жаданне пагаварыць пра ягоныя праекты, планы іх далейшага развіцця, абмеркаваць з ім свае думкі з той вобласці, якой займаўся Фёдар Антонавіч і якая мне таксама вельмі блізкая. Але, даведаўшыся пра бягучыя абставіны (у шпіталі, у цяжкім стане), я паспеў толькі патэлефанаваць — падзякаваць за грунтоўныя адказы на мае нядаўнія лісты і ўпамінуць, што хацеў бы пагаварыць/паразмаўляць. Размову праз абставіны прыйшлося адкласці на пазней. А цяпер вядома, што назаўсёды.

Так, сапраўды, шкада, што Ф.А. ужо не даробіць таго, што ён планаваў, не напіша артыкулаў на падставе назапашанага матэрыялу, шкада, што ўжо не пагаворыш, не параішся і г.д., нарэшце, шкада, што памёр чалавек, і кропка.

Але калі я зараз думаю пра Ф.А. і пра тое, кім ён быў у гісторыі беларускага грамадства, то перш за ўсё неяк паўстае думка: у новых пакаленнях мы не пабачым такіх людзей. Будуць энтузіясты, напэўна, будуць тыя, хто даследуе беларускую мову, любіць яе, каго хвалююць моўныя праблемы ў краіне. Аднак вельмі сумняваюся, што з нашага цяперашняга грамадства выйдзе такая асоба, якая патраціць столькі ўласных сілаў, цярплівасці і часу і столькі мала запатрабуе ўзамен.

Калі нехта зробіць добрую справу, але і не забудзе пра тое, каб разрэкламваць сябе, — такія паводзіны мы сёння можам прыняць і зразумець.

Калі нехта робіць мізэр, але прыкладае намаганні, каб паведаміць усім, што ён змяніў свет, — гэта паўсядзённасць.

Але каб хтосьці выдаткаваў гады і зрабіў нешта сапраўды цікавае і карыснае для многіх, апублікаваў плён сваёй працы (таксама саматужна) і каб пры гэтым застаўся вядомым толькі вузкаму колу асоб, — такіх людзей, відаць, ужо не будзе.

Здымак ўзяты з сайта Краязнаўчай газеты.

Рэдактар і тэхнічны адміністратар Philology.BY. Спецыялізуецца на лічбавых метадах у гуманітарных навуках (digital humanities). Цікавіцца лексікаграфіяй, сацыялінгвістыкай і марфалогіяй. Акрамя мовазнаўства, займаецца аналізам і візуалізацыяй дадзеных (Dataviz.BY) ды стварэннем вэб-праектаў.

Дадаць каментар