ЛІТАРАТУРА

Усходнія славяне

М. = Масква, Л. = Ленінград, К. = Кіеў, Х. = Харкаў.

Buzuk P.: Sproba lіngvіstyčnaje geografіі Belarusі. Č. 1. Vyp. 1. Instytut Belaruskaje Kul’tury. Mensk, 1928. (Versuch einer linguistischen Geographie von Weißrußland. 8°, 2 + 112 S., 20 Mappen, 2.50 R.)

Аўтар адхіліў як метад Жыльерона (непасрэдныя вынікі, атрыманыя ў выніку апытання, адразу наносяцца на мапу), так і прыёмы, якія я выкарыстаў у маёй кнізе “Atlas linguistique pour servir à l’Étude du Duel en Slovène” (не толькі вынікі апытання, але і іх інтэрпрэтацыя, г. зн. ізаглосы, былі нанесеныя на мапу). Ён пайшоў трэцім мажлівым шляхам і абмежаваўся тым, што перанёс свае інтэрпрэтацыі фактычных звестак на мапу (толькі ізаглосы і зоны без моўных фактаў). Здаецца, аўтар выкарыстаў гэтую няпоўную методыку, паколькі ў яго распараджэнні не было сістэматызаваных звестак, атрыманых пасля анкетавання. Хаця даследчык самастойна аб’ехаў вывучаныя тэрыторыі, ён не падаў тэкст свайго апытання, а, найверагодней, узяў за аснову цытаваныя ім манаграфіі і дапоўніў свае высновы асабістымі назіраннямі. Усё гэта, зразумела, прывяло да розных недахопаў: элементы мапаў неаднародныя; небяспечна выводзіць фанетычныя ізаглосы на падставе розных слоў; цалкам адсутнічае лексічны матэрыял, які з’яўляецца адпраўным пунктам і адным з самых плённых аспектаў лінгвістычнай геаграфіі; запазычванне спосабаў транскрыбавання з мноства крыніц прыводзіць да разнароднасці запісаў. На жаль, Бузук таксама лічыў необходным падаць усе формы кірыліцай. Яго транскрыпцыі недастаткова дакладныя. Відавочна, даследчык сутыкнуўся з цяжкасцямі, якія, на жаль, аказаліся непераадольнымі ў рамках гэтага першага эксперымента. Такім чынам, работа аўтара ўяўляе сабой свайго рода кампраміс паміж старым метадам дыялекталагічнай манаграфіі і новым метадам лінгвістычнай геаграфіі. Відавочна, што Бузук прапанаваў прынцыпова новыя метады, толькі ў яго не было сродкаў для іх выкарыстання. Яго кніга ўяўляе сабой асаблівую каштоўнасць, прынамсі, у тым, што ў ёй гаворыцца пра зрух ізаглосы “č/с” і пра ўплыў гарадоў і рэк на перамяшчэнне адпаведных моўных фактаў. Высновы кнігі вельмі важныя. Як паказваюць мапы, а таксама па словах самога аўтара, ізаглосы і з’явы, характэрныя для беларускай мовы, не звязаны між сабой. Інакш кажучы, паміж расейскай і беларускай мовамі няма “пояса ізаглос”, за выключэннем ізаглос, што праходзяць паралельна лініі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Гэта, па сутнасці, азначае, што паміж расейскай і беларускай мовамі не існуе ніякіх межаў, а таксама пацвярджае: развіццё беларускай літаратурнай мовы штучнае і не адпавядае глыбокай лінгвістычнай патрэбе. Сам аўтар прызнае немагчымасць у такіх умовах раздзяліць беларускую мову на дыялекты. Але чаму ён настойвае на тым, каб абавязкова знайсці межы гэтай штучнай мовы? Было б цікава даведацца пра мяжу беларускай мовы ў параўнанні з польскай. Зрэшты, нельга вінаваціць Бузука ў тым, што ён не адказаў на гэтае пытанне, паколькі яно знаходзіцца па-за мэтамі даследавання. Больш за тое, няма яго віны і ў тым, што ў сферы даследавання апынулася тэрыторыя беларускай Савецкай рэспублікі (5 000 000); у той час як 1 600 000 беларусаў, якія пражываюць на беларускай тэрыторыі (плошча якой значна большая за плошчу Беларускай рэспублікі), ў цяперашні час з’яўляюцца польскімі грамадзянамі. Улічваючы велізарны інтарэс, прадэманстраваны да яго працы, са шкадаваннем можна адзначыць, што надрукавана яна на малараспаўсюджанай мове; але плюсам з’яўляецца рэзюмэ (хаця і не зусім поўнае) па-нямецку. Мабыць, Бузук падзяляе досыць спрэчнае, але вельмі папулярнае ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы перакананне (рамантычнага паходжання), згодна з якім тэрыторыя народа супадае з тэрыторыяй праяўлення пэўных фанетычных законаў. Нягледзячы на абмежаваную сферу даследаванняў, аўтар падаў адносна ясны ў друкарскім плане звод, наносячы адну з моўных з’яў на кожную мапу. У цэлым, нягледзячы на недахопы, гэта выдатная кніга, і аўтара можна павіншаваць. У найбліжэйшы час намі будзе разгледжаны лінгвістычны атлас славацкай мовы на аснове цудоўнай працы В. Важніса, пра якую мала ведаюць нават у самой Чэхаславакіі. Падрыхтоўка вялікага лінгвістычнага атласа Беларусі таксама вітаецца. Бузук мае магчымасць паспяхова працягнуць вывучэнне гэтай тэмы. Беларуская акадэмія навук і ўрад Рэспублікі павінны ў далейшым садзейнічаць яму.

Пераклаў М. В. Супрунчук.

Дапамагалі ў перакладзе М. Кірава, К. Васіленка, А. Яскевіч

Сцягнуць арыгінал рэцэнзіі па-нямецку ў pdf.

Дадаць каментар