60 % жыхароў Беларусі назвалі падчас перапісу 2009 г. беларускую мову роднай, але, калі супаставіць вынікі перапісу з паўсядзённаю практыкай, то становіцца зразумела, што слова «родная» у гэтым кантэксце ўжытае ў метафарычным значэнні кшталту «роднай душы», а не ў сэнсе «роднага брата/сястры».

Адсюль сюрэалістычныя карціны мерапрыемстваў, прысвечаных «роднай мове», — калі гледачы, а часам і ўдзельнікі збіваюцца на рускую, а як чытаюць з паперкі, то чуваць, што тэкст быў перакладзены з рускай мовы праз слоўнік. Альбо калі вучні малодшай школы чытаюць тэксты з падручніка «Родная мова» з выразным акцэнтам і няслушнымі націскамі.

Калі часам заходзіць гутарка сярод філолагаў – ці ёсць моўная палітыка (politics) у беларускай дзяржавы ці няма ўвогуле ніякай, то да канкрэтнага меркавання звычайна не ўдаецца прыйсці.

Здаецца, усё складана. Але калі не разглядаць менавіта моўную сітуацыю ў краіне, а паглядзець агулам на тое, што робіцца і адбываецца ў Сінявокай, то ўсё становіцца больш выразным. Мову і культуру абслугоўвае тая самая палітыка, што і эканоміку: усе складаныя пытанні, а тым больш праблемы прыкрываюцца прыгожым фасадам. Таму тым асобам, якія блізка з тэмай не сутыкаюцца, можа падацца, што ўсё ў нас калі і не добра, то, прынамсі, неяк так, некрытычна – што з трактарамі, што з бульбай, што з рублём, што з мовай. А тым, хто збірае трактары ці вырошчвае бульбу, усё вядома, але хто іх слухае?

У гэтым рэчышчы былі складзеныя пытанні да перапісу – каб заблытаць і жыхароў, якія на іх адказвалі, і грамадства – якому тыя вынікі прэзентавалі.

Што тычыцца ўласна палітыкі як практыкі (policy), то тут, без выразнай волі ўлад, працуе той жа механізм, што і ўва ўсіх іншых сферах грамадства – гегемонія большасці, якую чыноўнікі і лаяльныя СМІ выдаюць за дэмакратыю і «рэалізацыю канстытуцыйных правоў». Аднак канстытуцыйны выбар мовы з дзвюх у рэальным жыцці мусіць значыць, што асоба валодае абедзвюма мовамі, але выбірае для пэўнай размовы адну, у адпаведнасці са сваімі поглядамі і патрабаваннямі пэўнай сітуацыі.

На сённяшні момант дзяржава – у выглядзе ўстаноў адукацыі, органаў адміністрацыі і аховы парадку, медыцынскіх устаноў і інш., відавочна, не забяспечвае ўмоў для карыстання беларускай мовай, як і для засваення мовы тымі, у каго ў сям’і не гавораць беларускай літаратурнай мовай.

Некаторыя бачаць у гэтым новую хвалю русіфікацыі (чым, можа, гэта і ёсць de facto). Але зноў жа, калі зірнуць больш шырока – то калі вы не поўны сіл малады мужчына сярэдняга ўзросту, росту, вагі, адукацыі, даходу, то вам, напэўна, у Беларусі няпроста. Для інвалідаў амаль няма безбар’ернага асяроддзя (бо ўсе ж ходзяць!), для веласіпедыстаў амаль няма веласцежак (бо ўсе ж ездзяць грамадскім транспартам ці машынай), для маладых маці няма дзіцячых пляцовак (бо горад — для тых, хто працуе), для дзетак — няма садкоў (бо забудова гораду робіцца для бізнэсу, а не для марнавання грошай). Ці добра ў Беларусі быць мастаком? Ці лёгка быць прадстаўніком нетрадыцыйнай арыентацыі альбо мець небеларускае аблічча?

Беларусы, нягледзячы на старую песню пра талерантнасць, зусім не талерантны народ. Гэта зразумела, калі паглядзець на гісторыю — быць іншым апошнія 500 гадоў было нядобра. І асаблівай праблемай было тое, што толькі ад таго, што нарадзіўся і вырас тут, чалавек мімаволі станавіўся «не такім, як трэба». Хіба толькі савецкая ўлада зрабіла трохі, каб перабіць гэты забабон — дый і тое – толькі ў дачыненні да народнай творчасці. Палітыка ж апошніх 20 гадоў не перашкаджала, а часам і дапамагала, каб беларусы надалей перакоўвалі сябе пад чужы ўзор і гадавалі сваю нелюбоў да тых, хто не разумее, якім варта быць.

21 лютага 1952 году ў горадзе Дака (сучасная сталіца Бангладэша) адбылася дэманстрацыя студэнтаў Універсітэту Дакі, Універсітэту імя Джаганата і Медыцынскага Каледжу Дакі ў падтрымку надання бенгальскай мове статусу дзяржаўнай. Тады Бангладэш быў пад уладай Пакістана – дэманстрацыя была расстраляная паліцыяй каля будынка Вышэйшага Суду Дакі.

Але што агульнага маюць тыя падзеі, ўва угодкі якіх свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы, з днём 21 лютага 2016 году ў сучаснай Беларусі?

Рэдактар і тэхнічны адміністратар Philology.BY. Спецыялізуецца на лічбавых метадах у гуманітарных навуках (digital humanities). Цікавіцца лексікаграфіяй, сацыялінгвістыкай і марфалогіяй. Акрамя мовазнаўства, займаецца аналізам і візуалізацыяй дадзеных (Dataviz.BY) ды стварэннем вэб-праектаў.

Дадаць каментар