Правілы дарожнага руху па–беларуску: больш пытанняў, чым адказаў

Панядзелак, 16 студзеня 2012 г. Вадзім Шклярык
Раздзел: Публікацыі
Пазнакі: |
Праглядаў: 4304

Пытальнік

У другой палове 2011 года стала вядома пра пераклад на беларускую мову Правілаў дарожнага руху, што быў падрыхтаваны пры актыўным удзеле Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Праз нейкі час, у канцы лістапада, свой неафіцыйны варыянт беларускамоўных ПДР выклаў у інтэрнэце Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

1. Чаму беларускамоўныя ПДР з’явіліся толькі цяпер? Атрымаць афіцыйны каментарый па лініі ДАІ нам не ўдалося. Аднак суразмоўцы з ліку як цяперашніх супрацоўнікаў інспекцыі, так і былых (ужо пажылога ўзросту) колішняе існаванне перакладу ПДР на беларускую мову прыгадаць не змаглі. Спроба стварэння такой версіі як быццам была ў 30-я гады мінулага стагоддзя, пра што згадаў на прэзентацыі беларускамоўнага варыянту правіл і старшыня ТБМ Алег Трусаў. Разам з тым трэба прызнаць, што вартая ўвагі і рэалізацыі ідэя ўвесь гэты час ляжала, што называецца, на паверхні.

2. Чаму з’явіліся адразу дзве версіі перакладу ПДР? Як паведаміла (спасылку гл. вышэй) намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, арганізацыя пяць гадоў перапісвалася з дзяржаўнымі органамі, каб на беларускую мову былі перакладзены тэхнічныя талоны агляду аўтамабіля і Правілы дарожнага руху. Інфармацыя пра падрыхтаваную ТБМ беларускамоўную версію правіл была выкладзена першай і ў інтэрнэце (адна з публікацый, спасылка на якую пададзена ў пачатку гэтага тэкста, датуецца 17.10.2011). У прыватнай размове Алена Анісім падкрэсліла, што ў НЦПІ ведалі пра такую ініцыятыву таварыства, аднак вырашылі зрабіць свой варыянт перакладу (па некаторай інфармацыі, пры дапамозе адпаведнага софта і з удзелам штатных лінгвістаў. Непасрэдна на форуме партала pravo.by выкарыстанне праграмных сродкаў пры перакладзе адмаўляецца, аднак няма там і згадкі пра перакладныя слоўнікі, без якіх якасна правесці падобную «інтэлектуальную працу» наўрад ці магчыма).

3. Якая з беларускамоўных версій ПДР будзе афіцыйнай? Думаецца, што ўсё ж версія НЦПІ або ніводная, хоць экспертызу ў акадэмічным Інстытуце мовы і літаратуры на сённяшні дзень прайшоў толькі варыянт ТБМ. З друку, разам з тым, могуць выйсці абедзве версіі. Праўда, не маючы афіцыйнага статусу, выдадзеныя ПДР стануць кнігай, якую, як трапна заўважыла «гарадзенскі кіроўца» Даша, будуць чытаць для сябе, каб падцягнуць спецыяльную лексіку. Нельга не пагадзіцца з ёй і ў тым, што падрыхтаваныя беларускамоўныя правілы — гэта «хутчэй праца на будучыню, калі раптам становішча з дзяржаўнай мовай у нашай краіне зменіцца».

Калі звярнуцца непасрэдна да тэкстаў абодвух перакладаў, то пра кардынальную розніцу паміж імі гаварыць не выпадае. Ды і як можа быць інакш, калі перакладчыкі выкарыстоўвалі, мяркуючы па ўсім, акадэмічныя слоўнікі і імкнуліся не выходзіць за межы афіцыйнага правапісу. Праўда, некаторыя адрозненні ўсё ж можна знайсці (першым пададзены фрагмент з рускамоўнага арыгіналу ПДР, другім — з перакладу ТБМ, трэцім — з перакладу НЦПІ):

    2.38 опережение — движение транспортного средства со скоростью, превышающей скорость попутно движущегося транспортного средства (транспортных средств);

    2.38 апярэджанне — рух транспартнага сродку з хуткасцю, якая перавышае хуткасць транспартнага сродку (транспартных сродкаў), які рухаецца ў спадарожным напрамку;

    2.38 апераджэнне — рух транспартнага сродку з хуткасцю, перавышаючай хуткасць транспартнага сродку (транспартных сродкаў), які рухаецца адначасна;

Пераклад ТБМ тут варта прызнаць больш удалым. Па-першае, слова опережение, паводле акадэмічных слоўнікаў, па-беларуску будзе гучаць менавіта як апярэджанне, а не апераджэнне. Па-другое, дзеепрыметнік превышающий сапраўды лепш перакласці не літаральна (перавышаючы), а апісальна (які перавышае). Па-трэцяе, значэнне слова адначасна не адпавядае таму, што маецца на ўвазе пад словазлучэннем попутно движущийся.

Разам з тым не ўсімі, відаць, будзе ўхвалена выкарыстанне ў перакладзе ТБМ слова кіроўца (па-руску водитель), якога нельга знайсці ў большасці акадэмічных слоўнікаў:

    29. Для привлечения внимания участников дорожного движения водителями транспортных средств оперативного назначения может подаваться специальный звуковой сигнал.

    29. Для прыцягнення ўвагі ўдзельнікаў дарожнага руху кіроўцамі транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння можа падавацца спецыяльны гукавы сігнал.

    29. Для прыцягнення ўвагі ўдзельнікаў дарожнага руху вадзіцелямі транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння можа падавацца спецыяльны гукавы сігнал.

Прыведзенымі вышэй прыкладамі розніца паміж перакладамі не вычэрпваецца, аднак мы не ставілі задачу прааналізаваць абодва варыянты цалкам і падрабязна.

Спадабаўся допіс? Атрымлівайце абвяшчэнні пра новы матэрыял праз RSS Philology.BYRSS або RSS Philology.BYEmail!
Нравится