30 кастрычніка споўнілася 75 гадоў слыннаму беларускаму моваведу Генадзю Апанасавічу Цыхуну. Сардэчна віншуем дарагога юбіляра!

Ад імя рэдакцыі сайта Philology.BY і ад кожнага з нас асабіста — прыемных навін, новых адкрыццяў, моцнага здароўя і добрага настрою ад душы зычым Генадзю Апанасавічу!

Генадзь Цыхун — аўтар фундаментальных прац па праблемах балканскага моўнага саюза, беларуска-іншаславянскіх моўных сувязяў, сацыялінгвістыкі, этналінгвістыкі, этымалогіі, доктар філалагічных навук (1982), прафесар (1994), галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2005), замежны член Македонскай акадэміі навук і мастацтваў (2009), намеснік старшыні Беларускага камітэта славістаў (з 1992) і інш., і інш.

Праф. Цыхун — аўтар каля 300 навуковых публікацый.

Дый увогуле, Генадзь Апанасавіч — цікавая, выбітная асоба, дасведчаны мовазнаўца і проста чалавек, вельмі неабыякавы да Беларусі.

Калектыў рэдакцыі сайта Philology.BY на працягу 2010 і 2011 гадоў рыхтаваў да публікацыі зборнік выбраных навуковых прац Г. А. Цыхуна “Беларусістыка, славістыка, арэальная лінгвістыка“. У жніўні праца была завершаная, аднак фінансавыя цяжкасці, на жаль, перашкодзілі яе выхаду ў свет. Спадзяёмся, неўзабаве зборнік усё ж будзе надрукаваны.

Пакуль што прапануем ўвазе чытачоў невялікі фрагмент кнігі, які ўтрымлівае анатацыю, змест, прадмову, першы раздзел ды выбраную бібліяграфію праф. Генадзя Цыхуна.

Рэдактар і тэхнічны адміністратар Philology.BY. Спецыялізуецца на лічбавых метадах у гуманітарных навуках (digital humanities). Цікавіцца лексікаграфіяй, сацыялінгвістыкай і марфалогіяй. Акрамя мовазнаўства, займаецца аналізам і візуалізацыяй дадзеных (Dataviz.BY) ды стварэннем вэб-праектаў.

Дадаць каментар