Таццяна Рамза

Уладзіслаў Кузьмін (газета “Звязда”) гутарыць з Таццянай Рамзай, дацэнтам БДУ, к. філал. навук пра выкладанне беларускай мовы за мяжой.

З гэтага года студэнты прэстыжнага англійскага ўніверсітэта Кембрыдж атрымалі магчымасць вывучаць украінскую мову, літаратуру і гісторыю. Папярэднія два гады мова нашай паўднёвай суседкі выкладалася факультатыўна, але вялікая цікавасць з боку студэнтаў прымусіла адміністрацыю адкрыць курс на пастаяннай аснове. А як жа абстаіць справа з вывучэннем беларускай мовы ў замежных універсітэтах і калі беларускую мову можна будзе таксама вывучаць у вядомых універсітэтах свету? Пра гэта мы вырашылі даведацца ў кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры сучаснай беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ Таццяны Рамзы, якая выкладае беларускую мову замежным студэнтам.

— Спадарыня Таццяна, у якіх універсітэтах за мяжой сёння вывучаецца беларуская мова?

— Беларуская мова сёння вывучаецца ў розных універсітэтах. Безумоўна, пачаць хацелася б з Польшчы. У краіне існуюць не толькі беларускія цэнтры культуры і мовы, але і такія цэнтры, якія падтрымліваюцца непасрэдна самой польскай дзяржавай. Гэта кафедры беларусістыкі Варшаўскага, Люблінскага і Беластоцкага ўніверсітэтаў. Навучаюцца там не адзін-два чалавекі, цэлыя групы студэнтаў. Акрамя беларускай мовы, выкладаецца яшчэ беларуская літаратура. Як правіла, на тры-чатыры тыдні студэнты адтуль прыязджаюць на стажыроўку ў Беларусь.

У Германіі зараз найлепшыя ўмовы для вывучэння беларускай мовы створаныя ва ўніверсітэце ў Альдэнбургу. Там гэтым займаецца прафесар Герд Генчэль і прафесар Гун-Брыт Колер. Акрамя таго, што там чытаецца інтэнсіўны кароткачасовы курс беларускай мовы (40 гадзін), з гэтага года будзе чытацца таксама курс беларускай літаратуры. Прафесар Герд Генчэль мае з БДУ грунтоўны праект па вывучэнні беларускай “трасянкі” (пры падтрымцы фонда “Фальксваген”). Яго калега прафесар Гун-Брыт Колер за той час, калі была на стажыроўцы ў Мінску, так авалодала беларускай мовай, што цяпер робіць беларускамоўныя даклады і вядзе дыскусіі.

Зараз мая былая студэнтка Клаўдыя Гуртыг выкладае беларускую мову ва ўніверсітэце ў Ляйпцыгу. Яна вядзе абавязковыя і факультатыўныя курсы. Менавіта намаганнямі прафесара Увэ Юнганса беларуская мова стала выкладацца там не два, а ўжо тры семестры!

Увогуле, калі казаць пра Германію, то сёння там ёсць тэндэнцыя да звужэння славістыкі. Яны пачалі актыўна займацца арабістыкай. Па гэтай прычыне лінгвістычныя цэнтры альбо згортваюцца, альбо аб’ядноўваюцца. Раней курс беларускай мовы выкладаўся ў Ене, цяпер яго няма.

З 1994 года беларускую мову выкладаюць у Будапешцкім універсітэце. Апякуецца гэтым вядомы славіст і беларусіст Андраш Золтан, загадчык кафедры ўсходнеславянскай і балканскай філалогіі. Дапамагаюць яму лінгвісты з Брэсцкага ўніверсітэта. Апошнія пяць год там выкладае мову дацэнт Ларыса Станкевіч. Намаганнямі выкладчыкаў і студэнтаў Будапешцкага ўніверсітэта быў выдадзены “Вугорска-беларускі слоўнік” (2007) і падручнік на вугорскай мове “Дваццаць сустрэч з Беларуссю” (2006). Аўтары — Ларыса Станкевіч і Жужа Каціч.

Таксама беларускую мову маюць магчымасць вывучаць студэнты ўніверсітэта ў Прэшаве (Славакія). Там працуе наш былы дацэнт Вікторыя Ляшук. Універсітэт мае добрыя стасункі з БДПУ. Дарэчы, не так даўно на філфаку БДУ была адкрыта спецыяльнасць “Славацкая мова”.

Ужо чатыры гады запар мова выкладаецца ў Сербіі ў Бялградскім універсітэце, дзе закладваецца школа беларусістыкі. У 2007 і 2009 годзе ў Мінск прыязджалі на стажыроўку сербскія студэнты. У Бялградзе працуе дацэнт нашага факультэта Святлана Галяк, якая добра ведае сербскую мову.

Факультатыўныя заняткі беларускай мовы праводзяцца ў Чэхіі. У Карлавым універсітэце ў Празе яе выкладаў мой студэнт Мар’ян Слобада, цяпер гэтым займаецца былы дацэнт нашай кафедры Юрась Бушлякоў. Намаганнямі рэферэнта Цюрыхскай бібліятэкі Монікі Банькоўскі-Цюліг кароткачасова і факультатыўна мова выкладалася і ў Швейцарыі. Хочацца яшчэ згадаць курс беларускай мовы, уведзены прафесарам Сяргеем Міхальчанкам у Бранскім універсітэце для спецыялізацыі “Рэгіёназнаўства”. Пасля якога, у 2007 г., студэнты здавалі дзяржаўны экзамен па беларускай мове.

Радуе той факт, што ў Канадзе і ЗША можна таксама вывучыць беларускую мову. У Гарвадскім універсітэце працуе выбітны славіст, прафесар Курт Вулхайзер, які на выдатным узроўні валодае нашай мовай. У гэтым годзе ўпершыню ў нас на факультэце вывучалі беларускую мову 2 студэнты з Венскага ўніверсітэта. Яны б вельмі хацелі, каб такая магчымасць была і ў іх. Але для гэтага трэба дамова між універсітэтамі…

— У Міністэрстве адукацыі пра вывучэнне беларускай мовы ў заходніх універсітэтах нічога не ведаюць. Вядомы толькі Кіеўскі і Бакінскі беларускія цэнтры пры дзяржаўных універсітэтах, якія былі адчынены зусім нядаўна пры непасрэднай падтрымцы прэзідэнта. Чаму астатнія замежныя ўніверсітэты застаюцца па-за ўвагай Міністэрства адукацыі?

— Мне здаецца, што Міністэрства адукацыі проста не зацікаўленае ў беларускай мове за мяжой. Калі ў нас на факультэце ў 2006 годзе быў упершыню праведзены круглы стол “Беларуская мова як замежная”, і ў Беларусь прыехалі выкладчыкі з 7 краін, якія выкладаюць нашу мову за мяжой, то ніхто з Міністэрства адукацыі да нас не прыйшоў.

У гэтым годзе праходзіў V Міжнародны кангрэс беларусістаў, на якім прысутнічалі больш за 70 замежнікаў, якія так ці інакш займаюцца беларускай мовай, у тым ліку і выкладаюць яе. Таксама быў круглы стол на тэму “Беларуская мова як замежная: дасягненні, праблемы, перспектывы”, дзе выступалі гэтыя людзі. І першае пытанне было наступнае: чаму няма прадстаўніка з Міністэрства адукацыі? Замежныя лінгвісты пашыраюць беларускую мову за мяжой. Яны нас прэзентуюць! А выходзіць, што мы самі ў гэтым не зацікаўленыя…

Сербскія студэнты, і не толькі яны, звярнуліся з просьбай забяспечыць іх беларускай вучэбнай літаратурай. Міністэрства адукацыі перакладае гэтую задачу на выкладчыкаў. Але што можа даць выкладчык? Абшарпаны слоўнік? Ці за свае грошы набыць новы? Міністэрства адукацыі павінна заняцца гэтым пытаннем сур’ёзна. Павінна быць якасная літаратура для замежнікаў, выдатныя карты, ілюстраваныя кнігі па гісторыі і культуры нашай краіны, падручнікі па мове, якія сёння складаюцца намаганнямі саміх жа замежнікаў! У Беларусі былі створаны ўсяго два падручнікі, дакладней, дапаможнікі. Першы з іх — “Гаворым па-беларуску” — быў выдадзены нашай кафедрай для Летняй школы беларусістыкі 11 гадоў таму. Яшчэ адзін падручнік “Гавары са мной па-беларуску” быў выдадзены энтузіястамі ў Маскве, на тарашкевіцы. Сёлета выйшаў у свет дапаможнік, аўтарам якога з’яўляюся я, “Беларуская мова? З задавальненнем!”. На гэтым усё.

Прафесар Гарвардскага ўніверсітэта Курт Вулхайзер штогод праводзіць Летнюю школу беларусістыкі ў Польшчы, у Гайнаўцы. Уявіце: амерыканскі прафесар! І туды прыязджае шмат навучэнцаў. У Беларусі апошняя Летняя школа беларусістыкі праводзілася ў 1999 годзе…

— Напэўна, беларускамоўныя студэнты-замежнікі, калі прыязжаюць у Беларусь, сутыкаюцца з тым, што тут ніхто на роднай мове не гаворыць. Якія ўражанні ў гасцей?

— Безумоўна, спачатку гэта шок! І першае пытанне, якое ў іх паўстае: чаму беларусы не гавораць па-беларуску? Тлумачыць гэта досыць складана. Большасць беларусаў лічаць, што пасіўна яны валодаюць мовай, і калі яны захочуць, то абавязкова будуць размаўляць на ёй. Але гэтага не адбываецца. У замежнікаў я заўсёды адзначаю дзве рысы — мэтанакіраванасць і валоданне мовай. Нават сярод рускамоўнага насельніцтва яны знаходзяць людзей, якія размаўляюць з імі па-беларуску. На філфаку замежнікі вывучаюць мову ад 8 да 14 гадзін на тыдзень. Пасля такога інтэнсіўнага курса яны пачынаюць добра гаварыць.

У мяне быў студэнт з Канады — Адрыен Бодуэн, сам бельгіец. Калі ён прыйшоў у краму набыць абутак і спытаў па-беларуску свой памер, яму адказалі, што яго не разумеюць! Адна справа, калі чалавек адказвае па-руску, і зусім іншая, калі чалавек дэманструе, што не прымае сваёй мовы. Вось гэта галоўнае, чаго не могуць зразумець замежнікі.

— Тады навошта замежнікі вывучаюць нашу мову, калі яна паўмёртвая і мы самі на ёй не гаворым?

— Мне падабаюцца словы Ніла Гілевіча пра тое, што беларускую мову столькі разоў ужо хавалі, а яна ўсё жыве і жыве. Я перакананая, што жыць яна будзе і далей. Добрае сведчанне таму студэнты-замежнікі, якія хочуць ведаць яе.

Вядома, што беларускую мову вывучаюць гуманітарыі. Як правіла гэта славісты, гісторыкі ці юрысты. Калі яны атрымліваюць адукацыю, то ў іх ідзе адразу дзве-тры спецыялізацыі. Гэта можа быць адначасова славістыка, псіхалогія і яшчэ што-небудзь. Славістыка ўключае абавязковае веданне некалькіх моў. Калі ты займаешся ўсходняй славістыкай, то павінен, акрамя гэтага, ведаць адну заходне- і адну паўднёваславянскую мову. Напрыклад, у Ляйпцыгскім універсітэце студэнты абавязкова вывучаюць рускую мову і на выбар украінскую ці беларускую. У многіх вышэйшых навучальных установах курс накіраваны на пасіўнае авалодванне моваю. Гэта значыць, каб студэнт мог чытаць і разумець, пра што ідзе гаворка. Пра актыўнае карыстанне мовай можна казаць толькі пры камунікацыі, дзеля чаго яны і прыязджаюць у Беларусь.

Хтосьці пасля навучання застаецца ў навуковай сферы, хтосьці займаецца перакладамі. У мяне быў студэнт з Ляйпцыга Давід Ламбрэхт. Зараз ён працуе ў сферы лагістыкі, у тым ліку яму часта прыходзіцца кантактаваць з беларускімі калегамі. Ён столькі разоў спрабаваў гаварыць з імі па-беларуску, але самі беларусы не хочуць гэтага… Усе паперы пішуцца на рускай і нямецкай мовах.

— А што трэба зрабіць сёння, каб беларусы загаварылі па-беларуску?

— Беларуская мова — гэта прэзентацыя краіны. Калі я дасылаю паштоўкі сваім студэнтам-замежнікам, і там напісана па-беларуску, я адчуваю гонар, што мая краіна адметная. Вось з такіх дробязяў трэба пачынаць. Прымушаць размаўляць на беларускай мове нельга! Гэты этап мы ўжо калісьці праходзілі. Не будзе такога, што сёння я кажу па-руску, а заўтра раптам загавару па-беларуску. Кожны павінен пачаць з сябе, пачаць ужываць мову ў штодзённым жыцці. Я размаўляю па-беларуску з людзьмі на вуліцы, у цырульні, на рынку, і ў мяне пытаюцца, ці заўсёды я так гавару. “Безумоўна, — адказваю я. — А вы чаму не гаворыце?” — пытаюся. І даводзіцца чуць наступны адказ: “Дык ніхто ж не размаўляе!”

Калісьці я сама гаварыла па-руску. І толькі з цягам часу, калі я ўжо працавала, да мяне прыйшло разуменне, што мая мова не горшая за іншыя. Калі гэта ад душы, не дэманстрацыя на паказ, то для чалавека няма цяжкасцяў пачаць гаварыць. Нават з памылкамі і русізмамі, але гаварыць. Памылак не робіць толькі дурань.

— На вашу думку, калі беларуская мова будзе выкладацца ў Кембрыджы?

— Усё залежыць ад таго, як хутка беларусы загавораць на сваёй мове, тады, можа, і ў Кембрыджы з’явіцца асобны курс. Калісьці ў Вялікабрытаніі беларускай мовай займаўся прафесар Джым Дынглі. Ён у сааўтарстве з прафесарам Пітэрам Меё нават пачаў ствараць англамоўны падручнік для замежнікаў па беларускай мове. Але пакуль што праца над ім, на жаль, адкладзеная. А вось па ўкраінскай мове такі падручнік, сапраўды, выйшаў.

Зараз у Еўрапейскім саюзе праводзіцца палітыка “Еўропа без межаў”, ці палітыка шматмоўнасці і шматкультурнасці. Яна скіравана на тое, каб кожны жыхар асобнай краіны захацеў ведаць мову сваіх суседзяў, якія жывуць у іншых краінах. Гэта ў ідэале. Такім чынам надаецца вельмі вялікая роля “малым” народам і іх мовам. Наша краіна невялікая: усяго каля 10 мільёнаў чалавек. Але, нягледзячы на гэта, цікавасць да Беларусі расце, у тым ліку і сярод лінгвістаў. Больш за тое, у 2013 годзе ў Мінску адбудзецца ХV Міжнародны з’езд славістаў! Гэта вельмі і вельмі ганарова для нас. Гэты з’езд, пачынаючы з 1929 года, праводзіцца ў розных краінах. Можна не сумнявацца, што ён стане пачаткам новай хвалі цікавасці да беларускай мовы з боку замежных грамадзян.

— У Беларусі сёння можна знайсці людзей, якія гатовы апекаваць беларускую мову за мяжой?

— Выданне падручнікаў і кніг, якія выходзяць сёння ў замежных універсітэтах па беларускай тэматыцы, падтрымліваюцца фінансавымі сродкамі гэтых жа краін. Напрыклад, граматыка, размоўнікі, дапаможнікі, якія выйшлі па беларускай мове ў Берліне, Мюнхене, Йене, Белефельдзе, а таксама падручнік, які хутка выйдзе ў Альдэнбургу, зробленыя за нямецкія грошы. Падручнік, які стварылі ў Будапешцкім універсітэце, быў выдадзены пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. Пакуль што апякуюць мову менавіта замежныя краіны, а не беларускі бок…

Уладзіслаў Кузьмін (Звязда) via

Лінгвіст, сербіст, працуе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (кафедра агульнага мовазнаўства). Навуковыя інтарэсы: сербістыка, граматыка, лексікаграфія, камп'ютарная лінгвістыка, методыка выкладання замежнай мовы.

Дадаць каментар