Слова на развітанне

Яшчэ адзін выдатны беларус, наш сучаснік адышоў у Вечнасць. 5 красавіка 2013 г. пасля цяжкай працяглай хваробы памёр Фёдар Антонавіч Піскуноў. Нагадаем, што якраз з яго ініцыятывы і пад ягоным кіраўніцтвам з’явіліся камп’ютарныя праграмы праверкі беларускага правапісу, электронны слоўнік і, як лагічны працяг, выйшаў папяровы «Вялікі слоўнік беларускай мовы».

Нарадзіўся Ф. Піскуноў 12 студзеня 1950 г. у вёсцы Раманавічы непадалёк ад Гомеля. У 1971 г. скончыў БДУ і атрымаў дыплом хіміка. Далей працаваў у тэхнічнай галіне: інжынерам на заводзе “Інтэграл” (і ўжо там выявіў сябе як рацыяналізатар і вынаходнік), навуковым супрацоўнікам Інстытута электронікі НАН Беларусі, у 2008–2010 гг. навуковым супрацоўнікам Фізічна-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі. Але, бадай, самай галоўнаю справаю яго жыцця стала беларуская філалогія.

Адчуўшы вострую, надзённую неабходнасць у электронных сродках праверкі правапісу для «Microsoft Office», ён і ўзяўся за стварэнне адпаведнай праграмы. З дапамогаю некалькіх аднадумцаў ён у 2004 г. зрабіў першую прафесійную праграму праверкі беларускай арфаграфіі «Літара» і перадаў яе ў вольнае карыстанне. Ф. Піскуноў упершыню ў беларускай лінгвістыцы апісаў поўную марфалагічную класіфікацыю парадыгмаў беларускага дзеяслова і назоўніка. І на аснове гэтых напрацовак стварыў электронны слоўнік «Парадыгма». Яго аб’ём – больш за 134 тысячаў лексічных адзінак. Прэзентацыя і перадача ў вольнае карыстанне адбылася ў 2010 г. у Навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Цягам некалькіх дзесяцігоддзяў навуковец самастойна распрацоўваў электронную базу дадзеных беларускай мовы. Лагічным вынікам стаў выпуск у свет у 2012 г. «Вялікага слоўніка беларускай мовы», дзе змешчана каля 223 тысячаў словаў. Ён створаны на аснове электроннай базы шляхам апрацоўкі велізарнага тэкставага масіву (больш за 70 мільёнаў словаўжыванняў з 2 300 літаратурных крыніцаў). Выданне стала першым у беларускай лексікаграфіі арфаграфічна-граматычным слоўнікам. Прэзентацыя прайшла на філалагічным факультэце БДУ; выданне мела шырокі розгалас у навуковых і грамадскіх колах краіны.

Ужо сёння бачна, які неацэнны скарб пакінуў нам Ф. Піскуноў. Будучы хімікам, ён здолеў дапасаваць свае веды і да беларускай лінгвістыкі. Ён лічыў, што «зварот да прадстаўнічых моўных базаў дадзеных – гэта эфектыўны шлях выяўлення тэндэнцый напісання, што паслужыць асновай для фармулявання прапановаў па ўдакладненні або змене правапісных нормаў». У сваёй прадмове да “Вялікага слоўніка беларускай мовы” адзначаў: «Наспеў і пераспеў час эклезіястаўскага “збірання камянёў”: адшукаць, зафіксаваць, уратаваць ад знікнення ўсё ацалелае з моўнага багацця без надання чорных пазнак “разм.”, “абл.”, якія часта атрымлівала беларускае слова па шаблонах рускамоўных лексікаграфічных крыніц». Можна сказаць, што мы мелі справу з чалавекам глыбокага аналітычнага мыслення, з геніяльным чалавекам. Бо толькі геній можа паставіць перад сабою адну, высокую, надзённую, неабходную сучаснікам і суайчыннікам мэту і паслядоўна рухацца да яе. Ф. Піскуноў, падобна іншай выдатнай асобе, Івану Насовічу, самастойна склаў і выдаў беларускі слоўнік. Гэтым Учынкам ён стаў у адзін шэраг з выдатнымі беларускімі навукоўцамі, лінгвістамі. А «Вялікі слоўнік беларускай мовы» – не толькі выдатны помнік яму, але і неацэнная спадчына для многіх пакаленняў беларусаў.

На жаль, невылечная хвароба не дала ажыццявіць яму наступныя ягоныя задумы – выданне «Вялікага адваротнага слоўніка беларускай мовы», «Вялікага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы». Але, спадзяемся, пачатая ім справа будзе доўжыцца. Сваім прыкладам ён паказаў, колькі можа зрабіць адзін самаахвярны чалавек – Ф. Піскуноў удзельнічаў у дыскусіях аб развіцці мовы, у абмеркаванні зменаў у правапісе, друкаваў свае навуковыя працы ў перыядычных выданнях – і да яго прыслухоўваліся, з ім пагаджаліся, з ім спрачаліся…

Мы шчаслівыя, што ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі і ў нашым жыцці быў такі слаўны, сумленны і такой вялікай, добрай душы чалавек. З ім заўсёды добра пачувалася, гутарылася. Было бачна, што размаўляеш з чалавекам, навукоўцам высокай культуры, інтэлектуалам.

Няхай яму пухам будзе родная беларуская зямля, родная раманавіцкая зямля. А мы будзем памятаць і Асобу Фёдара Антонавіча, і тое, што ён здолеў зрабіць на Зямлі для Беларусі.

Ніл Гілевіч, Уладзімір Гілеп, Сяргей Законнікаў, Васіль Зуёнак, Мікалай Прыгодзіч, Крысціна Пучынская, Уладзімір Пучынскі, Алесь Разанаў, Валер Стралко, Георгій Ткацэвіч, Алег Трусаў, Генадзь Цыхун

(Пра “Вялікі слоўнік беларускай мовы” і яго прэзентацыю глядзіце на старонцы “З нашага архіва”)

Дадаць каментар