Не так даўно выйшла з друку першая частка падручніка «Спрабуйма!» (курс беларускай для пачаткоўцаў – носьбітаў японскай мовы). Аўтаркі кнігі — Таццяна Рамза з БДУ і Сіёры Кіёсава з універсітэту горада Цукуба.

Гэтае выданне — з’ява асабліва цікавая, бо, па-першае, ў сферы навучання беларускай мове кожны новы падручнік — гэта асобная падзея, вартая ўвагі. Ну і па-другое, усё ж такі Японія — краіна вельмі ад нас далёкая, а японская мова моцна адрозніваецца ад беларускай — і строем, і гісторыяй, і распаўсюджваннем ў свеце. Таму хацелася даведацца ад стваральнікаў трохі болей пра працу над кнігай. Я задаў спадарыні Сіёры некалькі пытанняў наконт выдання і ўвогуле наконт вывучання беларускай мовы японцамі. Вашай ўвазе прапануецца нашая гутарка на гэту тэму.

Як доўга ішла праца над падручнікам?

Калі я не памыляюся, упершыню аб ідэі стварыць падручнік для японцаў мы гаварылі са спадарыняй Таццянай Рамзай ужо ў 2012 годзе, калі я была на гадавой стажыроўцы ў Мінску. Аднак, думаю што, ў той час яна проста такім чынам стымулявала мяне да глыбейшага вывучэння беларускай мовы. І гэта было вельмі эфектыўна 🙂

Мы з ёй непасрэдна пачалі грунтоўна займацца гэтай працай восенню 2014 года, бо я атрымала магчымасць выкладаць беларускую мову ў маім універсітэце з красавіка 2015 года і трэба было загадзя падрыхтаваць вучэбныя матэрыялы для заняткаў. З гэтага часу, ўжо паўтара года мы са спадарыняй Рамзай працавалі над нашым падручнікам. Яго першая частка нарэшце выйшла, дзякуючы падтрымцы прафесара Усуяма з Цукубскага ўніверсітэта. А зараз займаемся падрыхтоўкай другой часткі.

Ці былі якія рэчы, што няпроста было патлумачыць для японскіх студэнтаў?

Гэта перш за ўсё фанетычныя асаблівасці беларускай мовы. Бо беларуская мае гукі, якія адрозніваюцца ад падобных японскіх гукаў, або такія, якія ў японскай мове ўвогуле не існуюць. Напрыклад, для японскіх навучэнцаў пачатковага узроўню заўсёды складана правільна вымаўляць фрыкатыўны «г», цвёрды «ч», мяккія «сь» і «зь», ім цяжка даецца розніца паміж «р» і «л» альбо «з» і «дз» і гэтак далей. У беларускай мове фанетычныя асаблівасці больш цесна звязаны з арфаграфічнай сістэмаю, чым у рускай мове. Таму я пастаралася старанна патлумачыць беларускую фанетыку ды залежнасць (і незалежнасць) арфаграфіі ад яе.

А што наконт пісьма, бо ўсё ж такі пісьмовыя традыцыі японскай мовы і беларускай моцна адрозніваюцца?

Калі гаварыць пра японцаў, якія з самага нуля пачынаюць вывучаць беларускую мову, то першая складанасць – гэта, вядома, засвойванне кірылічнага алфавіту, бо японская мова мае сваю, зусім іншую, пісьмовую традыцыю – складовыя алфавіты («кана» – хірагана ды катакана) і іерогліфы-кандзі. Але большасць японскіх навучэнцаў беларускай мовы ўжо нядрэнна ведаюць рускую мову, таму вялікай праблемы няма. З іншага боку, навучэнцы, якія ўжо ведаюць рускую мову, нярэдка маюць праблемы, звязаныя з ўплывам рускай пісьмовай традыцыі.

А ці ўжо бачылі кнігу тыя японцы, якія вывучаюць беларускую мову? Якія ўражанні?

Яшчэ не. Кніга толькі што выйшла з друку. Зараз я раздаю яе ўсім тым, хто хоча паспрабаваць вывучаць беларускую мову. Спадзяюся, што наш падручнік дапаможа кожнаму зацікаўленаму японскаму чытачу вывучыць беларускую мову.

Ці вялікі тыраж выдання?

Тыраж, на жаль, зусім малы. Ён складае толькі 80 экземпляраў, бо падручнік друкаваўся найперш для студэнтаў і выкладчыкаў нашага Цукубскага ўніверсітэта. Прычым ён яшчэ не падлягае продажы. Але я веру, што гэта стане першым крокам на шляху да выдання з большым тыражом для шырэйшага кола чытачоў у Японіі.

Што ж, будзем спадзявацца! А пакуль чакаем выдання другой часткі падручніка!

Рэдактар і тэхнічны адміністратар Philology.BY. Спецыялізуецца на лічбавых метадах у гуманітарных навуках (digital humanities). Цікавіцца лексікаграфіяй, сацыялінгвістыкай і марфалогіяй. Акрамя мовазнаўства, займаецца аналізам і візуалізацыяй дадзеных (Dataviz.BY) ды стварэннем вэб-праектаў.

Дадаць каментар