«Стэй, кэт!»

Панядзелак, 5 траўня 2014 г. Вадзім Шклярык
Раздзел: Публікацыі
Пазнакі: |
Праглядаў: 2456

Артыкул пад такой загадкавай назвай з'явіўся днямі на сайце газеты «Культура». Напісаны ён Юрыем Чарнякевічам, стваральнікам багатага на моўныя знаходкі і цікавосткі «Атласа гаворак паўночна-ўсходняй Брэстчыны» (Мінск: Тэхналогія, 2009. — 255 с.). Са згоды аўтара публікуем гэты матэрыял і на нашым сайце.

* * *

«Кэт», «вэл», «стэй», «бэк»… Гэта не англійскія словы, як мог бы хтосьці падумаць. Так гавораць у Беларусі. А дакладней — у вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёна Брэстчыны… «Кэт» — гэта, як і ў англічан, «кот», а «стэй» — «стой». А вось «вэл» — не англійскае слова «добра», а «вол», «бэк» — гэта «бок»… «Пяройдзеце на тэй бэк гуліцы, і ў жоўтай хаці папытаеце: там жыве баба Маня!» — так тлумачылі мне вяскоўцы дарогу…

Цікавасць да слоў у мяне з дзяцінства. У маленстве, калі я жыў у бабулі, наслухацца незвычайных слоў можна было колькі заўгодна. Мама маёй мамы — баба Шура — была родам з украінскай часткі Палесся і заўсёды казала «хунт» замест «фунт», «злякаў» замест «спалохаў», а калі на двары было холадна, дык гаварыла, каб я добра апрануўся, бо там цяпер вельмі «зымно»…

Цяпер я разумею, што цяга да дыялекталогіі, гаворак, запісу новых слоў ідзе менавіта адтуль. Сапраўды, чым яшчэ можна патлумачыць тую радасць, якая ўзнікае, калі чую ад сівога дзеда ў вёсцы пра «нараджэнне маленькіх кітоў» — гэта значыць, «катоў», як кажуць на Піншчыне? Або калі ганяюся за такой незвычайнай з’явай, як вымаўленне «о» на месцы этымалагічнага «а» ў словах «настаўнік», «браў», «праўда»… І калі бабуля ў вёсцы ў Баранавіцкім раёне кажа, што сын «узёў» і пайшоў пасля школы вучыцца на «настоўніка», я міжволі ўсміхаюся. Бо разумею, што знайшоў нетыповую для Брэстчыны фанетычную з’яву…

Пра мясцовыя назвы рэк, палеткаў, частак вёскі, пра вулічныя мянушкі можна гаварыць бясконца… А стравы! Бліны з бульбы ў розных мясцовасцях называюць не толькі «дранікі», а і «картаплянікі», «бульбенікі», «тарчонікі» і нават «драчы», звычайны суп можа мець назву «крышаны», «шчолак», «рэдкія», «калянкі», а халадзец у многіх вёсках гучыць то як «халадно», то як «дрыгва», то як «квашаніна», то як «юха» ці «ляк»…

Але нават запіс новых слоў — не галоўная прычына таго, чаму мяне цягне на сяло. Радасці ад слоў папярэднічае радасць ад сустрэч з тымі ж бабулямі і дзядулямі, з іх незвычайным, нязвыклым для мяне — ды і, пэўна, для ўсіх людзей майго веку — мысленнем, пэўнай вясковай культурай, якая, на жаль, дажывае апошнія гады і часы ды сыдзе ў нябыт разам з яе носьбітамі…

Культура «мінулага» жыве ў гэтых бабулях і дзядулях да сёння. Не раз мяне, незнаёмага чалавека, адразу з парога цягнулі за стол, не раз прапаноўвалі пераначаваць ці адпачыць у хаце, далікатна распытваючы, хто я і адкуль, а пасля, знайшоўшы ўва мне зацікаўленага слухача, распавядалі пра сваё жыццё… А на развітанне спрабавалі засунуць мне ў заплечнік або яблык, або невялічкі пакунак з перакусам, уздыхаючы, што, вось жа, «бач ты, бывае ж такая работа ў чалавека», ставячыся, аднак, да гэтай, невядомай ім, працы з павагай і разуменнем…

Прыкладам, дзевяностагадовая баба Алена з вёскі Задуб’е, што на Ганцавіччыне, гадзінамі расказвала мне пра сваю «жызню», пра тое, як пахавала свайго сына, як голадна было жыць перад і пасля вайны… Іншая — баба Марыя, з вёскі Выганашчы, што на Івацэвіччыне, — доўга апавядала, як хадзіла пехатой за хлебам у горад, што быў ад вёскі кіламетраў за трыццаць. Прычым туды і назад трэба было вярнуцца за адзін дзень, прадаўшы што-небудзь на гарадскім рынку і адстаяўшы вялізную чаргу ў хлебную краму…

У адной з вёсак, падаецца, на Слонімшчыне, мясцовыя бабулі, даведаўшыся, што я цікаўлюся ўсім старым, падаставалі і павыносілі на вуліцу свае саматканыя кашулі, посцілкі, дываны ды паразвешвалі іх проста на платах каля хат. Дзясяткі старых рэчаў уздоўж вясковай вуліцы… Кожная бабуля была рада паказаць сваё багацце ды, мажліва, і прадэманстраваць сваё ўмельства сяброўкам ды суседкам, скардзячыся на тое, што дачка не бярэ гэтую посцілку альбо ручнік у сваю гарадскую кватэру, бо «гэто ўжэ не модна, гэто маладыя цяпер не носяць»…

Глядзіш на гэтых бабуль і шкадуеш, што не ўзяў гэтым разам з сабою камеру, каб сфатаграфаваць і іх, і тыя ручнікі, каб забраць з сабой у Мінск напамін пра іхнія вочы, пра іхнія рукі, якія вырабілі ды стварылі столькі прыгожага…

Словы «кэт» і «вэл», «дрыгва» і «халадно», запісаныя на Палессі ад старых бабуль і дзядуль, праз некалькі гадоў апублікаваў у сваёй кнізе-атласе мясцовых гаворак. Часам, гартаючы старонкі выдання, успамінаю ўсе свае падарожжы і тых, як кажуць дыялектолагі, «інфарматараў», што сустрэліся на маім шляху. Многіх бабаў Маняў, Параскаў, Аленаў, Зоняў, у якіх давялося начаваць і гасцяваць, на жаль, ужо няма на свеце. З іхнім адыходам у іншы свет згубіўся ды знік не толькі ўнікальны пласт цікавай дыялектнай мовы, але і старой беларускай вясковай культуры. Ці можна яе адрадзіць? Хутчэй за ўсё, адказ на гэтае пытанне будзе адмоўны. Мабыць, яе можна толькі зафіксаваць — на паперы, дыктафоне ці відэакамеры… Каб часам гартаць старонкі мінулага, стараючыся не забывацца на тое, што было раней. Бо, як сказаў класік, «без слядоў нішто не знікае»…

* * *

Артыкул на сайце газеты «Культура». Дарэчы, згаданы «Атлас гаворак паўночна-ўсходняй Брэстчыны» яшчэ можна знайсці ў продажы, прычым па смешным на сённяшні дзень дадэвальвацыйным кошце.

Спадабаўся допіс? Атрымлівайце абвяшчэнні пра новы матэрыял праз RSS Philology.BYRSS або RSS Philology.BYEmail!
Нравится