Сёння, 5-га верасня ў Беларусі свята — Дзень беларускага пiсьменства.

Цікава, што, як адзначае інфармацыйнае агенцтва Regnum, “в русской версии сайта поздравление дано на белорусском языке. С другой стороны, это уже интереснее события, поскольку все сообщения для прессы, базирующиеся на выступлениях Лукашенко ранее переводились с русского на белорусский. Сегодня же, в канун праздника президент изменил своим привычкам”.

Не ведаю, ці варта бачыць у гэтым нейкі знак, бо верагодней, што гэты выпадак з адзіным беларускім варыянтам віншавання — проста вынік няўважлівасці адміністрацыі сайта.

Напрыклад, навіны ў англамоўнай версіі сайта адстаюць на некалькі дзён ад кантэнта на іншых мовах, дый у самім сённяшнім віншаванні ў імені Івана Мележа замест літары І набраная лічба 1 (гл. здымак экрана).

Цікава, што цяпер чакае адміністратараў прэзідэнцкага сайта, якія дапусцілі гэтую памылку — у святле таго, што з 1-га верасня пачаў дзейнічаць закон Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”?

Таксама, калі ўжо размова пайшла пра святы, рэдакцыя Philology.BY віншуе ўсіх чытачоў і наведвальнікаў з мінулым Днём ведаў і адпаведна з пачаткам новага навучальнага года 2010/11!

Бо, як мы бачым паводле статыстыкі прагляду старонак на сайце, большая частка аўдыторыі цікавіцца пераважна навучальнымі матэрыяламі, а значыць, для іх 1-га верасня — сапраўды важны дзень. Таксама і большая частка каманды самога нашага сайта мае непасрэднае дачыненне да навучальнага працэсу 🙂

Не пазбег нашай увагі і згаданы некалькімі радкамі вышэй факт уступлення ў сілу якраз з 1-га верасня закона аб арфаграфіі і пунктуацыі. У траўні мы ладзілі заняткі, прысвечаныя менавіта новаму зводу правіл. Мы б такі хацелі знайсці час і напісаць які артыкул па слядах абмеркавання на нашым гуртку, але калі рэзюміраваць, то нашае стаўленне да новых правілаў такое.

Добра: Правілы лепшыя за папярэднія, больш выпадкаў ахопліваюць, больш прадуманыя.

Дрэнна: Распрацоўка складаных і спрэчных пытанняў да канца даведзеная не была, некаторыя пункты зроблены проста непрафесійна. (напрыклад)

Напрыклад, заўвага з даклада Мікіты: цікавая фраза ў шостым параграфе: “Незалежна ад паходжання слова гук [о] ў ненаціскных складах вымаўляецца як [а]”.

Пытанні, вырашэнне якіх патрабуе не проста напружання розуму, а даследаванняў са звяртаннем да сучаснай тэорыі мовы, гісторыі беларускай мовы і параўнання з арфаграфічнымі нарматывамі і традыцыямі іншых славянскіх (і не толькі) моў, так і засталіся без увагі.

Ну і ўвогуле, прыняцце правілаў пісьмовага афармлення тэкстаў у якасці закона — нейкі заканадаўчы нонсэнс.

Нельга не заўважыць, што шырокага абмеркавання саміх праблем нармавання сучасных арфаграфіі і пунктуацыі сярод навукоўцаў-беларусістаў не было. Таксама з лінгвістамі ніхто не раіўся наконт патрэб у зацвярджэнні гэтых правілаў на дзяржаўным узроўні. Усё ж такі мове ўласцівая варыятыўнасць і зменлівасць. Аднак, відаць, у рамках канцэпцыі стабільнасці ўсяго што ёсць у нашай краіне, пра гэта ніхто не падумаў.

Тым не менш, будзем спадзявацца, што з ўсяго, што робіцца, будзе свая карысць. Так што калектыў нашага сайта далучаецца да зычэнняў прэзідэнта Прэзідэнта* Рэспублікі Беларусь: моцнае здароўе, поспехі, творчае натхненне i аптымізм — хай гэта будзе з усімі намі!

* § 94. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (новая рэдакцыя)

Рэдактар і тэхнічны адміністратар Philology.BY. Спецыялізуецца на лічбавых метадах у гуманітарных навуках (digital humanities). Цікавіцца лексікаграфіяй, сацыялінгвістыкай і марфалогіяй. Акрамя мовазнаўства, займаецца аналізам і візуалізацыяй дадзеных (Dataviz.BY) ды стварэннем вэб-праектаў.

Дадаць каментар