метадалогія даследавання

“Як эфектыўна і выгадна займацца навукай сёння?”: высновы

У аўторак 9 лістапада на філалагічным факультэце БДУ адбыўся круглы стол на тэму “Як эфектыўна і выгадна займацца навукай сёння”. Яго арганізатарам стаў савет маладых навукоўцаў філалагічнага факультэта. З асноўным дакладам выступіў дацэнт Андрэй Вітальевіч Зінкевіч. Прафесар Г. А. Цыхун прыйсці, на жаль, не змог.

А. В. Зінкевіч скончыў філалагічны факультэт БДУ, абараніў дысертацыю, прысвечаную прыналежным займеннікам у балгарскай мове (кіраўнік – прафесар А. Е. Супрун) і доўгі час выкладаў на кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства. Пасля эміграцыі ў Германію А. В. Зінкевіч стаў супрацоўнікам Універсітэта імя Карла фон Асецкага ў г. Ольдэнбург.

Такім чынам, А. В. Зінкевіч удала спалучае добрае веданне навучальнага працэса і арганізацыі навукі ў Беларусі і новы досвед даследаванняў і выкладання, набыты ў Германіі.

А. В. Зінкевіч звярнуў увагу прысутных на тыя карысныя асаблівасці арганізацыі навукі ў Ольдэнбургу, якія, на яго погляд, мэтазгодна распаўсюдзіць на айчынныя філалагічныя даследаванні.

Пералічым асноўныя палажэнні даклада.

  • Замест таго каб "распрацоўваць" глабальныя кафедральныя тэмы накшталт "Беларуская мова: структура і функцыянаванне", трэба займацца больш канкрэктнымі праектамі. Кожны даследчык мусіць быць гатовы адмовіцца ад сваіх ранейшых тэмаў на карысць супольнага праекта.
  • Чыста філалагічныя даследаванні малаперспектыўныя. Неабходны міждысцыплінарныя праекты.
  • Эпоха індывідуальнай працы скончылася, неабходны каманды даследчыкаў.
  • Адрозненне нямецкіх навукоўцаў ад беларускіх, украінскіх, расійскіх у тым, што першыя вывучаюць значна больш крыніц, прычым разнастайных, на розных мовах і выпушчаных у розных краінах.
  • Трэба інтэнсіўна ўкараняць тэхнічныя сродкі у працу філолага, філолаг павінен валодаць ведамі па матэматыцы і праграмаванні.
  • Неабходна стварэнне навуковых школ, пастаянная дапамога, кансультацыі ад старэйшага пакалення даследчыкаў (прафесараў, вопытных дацэнтаў) іх маладым калегам-выкладчыкам.
  • З аспірантамі трэба праводзіць заняткі па філалагічных і іншых дысцыплінах, карысных у даследаванні.
  • Неабходна змяніць “расстаноўку сіл” у даследчай працы студэнтаў. Яны павінны перастаць паразітаваць на выкладчыках. У нямецкай ВНУ студэнт сам (пры невялікай дапамозе выкладчыка) рыхтуе матэрыял, складае спіс літаратуры, збірае прыклады, робіць агляды для сваёй працы (дыпломнай, курсавой), прычым перадае ўсё гэта ў праект кіраўніка. У нас жа, наадварот, выкладчык робіць вельмі значную частку працы за студэнта.
  • Трэба распрацоўваць больш эфектыўныя стратэгіі менеджмента навукі, больш рацыянальна размяркоўваць грантавыя сродкі і наогул разглядаць навуковыя праекты не толькі з уласна навуковага, але і з эканамічнага пункту гледжання.
  • Тады мы зможам займацца навукай выгадна і эфектыўна.

    Даклад А. В. Зінкевіча быў вельмі цікавы, карысны і актуальны для ўсіх прысутных. На жаль, сабраў ён не так шмат слухачоў, як хацелася б: некалькі членаў савета маладых вучоных, некалькі выкладчыкаў філалагічнага факультэта і яго выпускнікоў, а таксама каля дзесяці студэнтаў, якія ў асноўным прадстаўлялі семінар выкладчыцы нямецкай мовы Вольгі Лойкі.

    Савет маладых навукоўцаў шчыра дзякуе выступоўцу – А. В. Зінкевічу і запрашае цікаўных маладых даследчыкаў на свае наступныя сустрэчы.

Папярэдняя аб'ява пра круглы стол .

Круглы стол “Як эфектыўна і выгадна займацца навукай сёння”

Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта БДУ запрашае

на круглы стол “Як эфектыўна і выгадна займацца навукай сёння”.

Аўторак 9 лістапада ў 19.00. Філфак БДУ, аўд. 62.

Чытаць далей →