урбаніміка

Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў XIX — пачатку XX ст.

Рэдакцыя12 траўня 2011Раздзел: Публікацыі
Пазнакі: |

Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў XIX — пачатку XX ст.

[Тэкст лекцыі ад 04.06.2008]

План:

1. Планіровачная структура і колькасць вуліц у дарэвалюцыйным Менску.

2. Асаблівасці тапаніміі вуліц дарэвалюцыйнага горада.

3. Агляд назваў вуліц розных прадмесцяў Менска.

1. Планіровачная структура і колькасць вуліц у Менску

У канцы XVIII — пачатку ХIX ст. у Менску захоўвалася планіровачная структура XVI — XVII стагоддзяў: радыяльна-веерная вулічная сістэма, калі вуліцы адыходзілі ад цэнтра ў кірунку выездаў з горада. Асаблівасцю гэтай сістэмы было існаванне дзвюх цэнтральных плошчаў: Нізкага рынку (сёння плошча 8 сакавіка) і Высокага рынку (плошча Свабоды). Асноўную транзітную нагрузку несла плошча Нізкага рынку: на ёй сыходзіліся дарогі з Барысава, Вільні, Койданава, Магілёва, Ракава.

Да плошчы Высокага рынку вяла дарога з Ігумена і адгалінаванне ад дарогі з Койданава. Галоўны дыяметр Менска, які перасякаў горад з захаду на ўсход, складаўся з Нямігскай вуліцы, Няміга-Школьнай (Няміга ад Петрапаўлаўскай царквы да моста праз Свіслач), плошчы Нізкага рынку і вуліцы Траецкай (пачатак вуліцы Багдановіча). Таксама важнай для горада была вуліца Юраўская (Ракаўская), якая пераходзіла за горадам у Ракаўскую дарогу, а таксама Зыбіцкая (Гандлёвая), што ішла ад Нізкага рынку ўздоўж Свіслачы. Вуліца Школьная (эстакада праспекта Пераможцаў) і Козьмадзям’янаўская (пешаходная сцежка ад метро “Няміга” да Кафедральнага сабора) злучалі дзве галоўныя плошчы Менска. Некалькі вуліц промнямі разыходзіліся ад плошчы Высокага рынку: Койданаўская (Рэвалюцыйная), Зборавая і Валоцкая (заходні і ўсходні адрэзкі Інтэрнацыянальнай), Францішканская (Леніна), Дамініканская (Энгельса), Бернардынская (Кірылы і Мяфодзія).

Калі ў сярэдзіне XIX ст. у Менску было ўсяго 46 вуліц і завулкаў, у 1874 г. — 83, то ў 1911 — каля 305. Хуткі рост колькасці вуліц быў выкліканы значным пашырэннем тэрыторыі і ростам насельніцтва горада, чаму паспрыяла будаўніцтва праз горад Маскоўска-Брэсцкай (1871) і Лібава-Роменскай (1873) чыгунак. Менск пачаў расці на поўнач (прадмесце Пярэспа), паўночны ўсход (Камароўка), усход (Доўгі брод і Архірэйская слабада), захад (Пляшчанка) і асабліва на поўдзень (Серабранка, Козырава) і паўднёвы захад (Уборкі, Добрыя мыслі, Грушаўка).

2. Асаблівасці гарадской тапаніміі

У 1866 г. большасць вуліц гістарычнага цэнтра былі перайменаваныя царскімі ўладамі, што з’яўлялася шараговай мерай у барацьбе царызму з нацыянальна-вызваленчым рухам пасля паўстання 1863 г. У 1866 г. “Мінскія губернскія ведамасці” паведамілі, што 17 вуліц і завулкаў Менска змянілі свае назвы, што было рэакцыяй на паўстанне 1863 — 1864 гг. і спробай абмежавання каталіцкага, “польскага” ўплыву. Францішканская (Леніна) стала Губернатарскай, пэўна, таму, што на ёй знаходзіўся дом губернатара, Феліцыянаўская (Камсамольская) — Багадзельнай, бо там месцілася гарадская багадзельня, Зборавая (заходняя частка Інтэрнацыянальнай) — Турэмнай, таму што злучала горад з турэмным замкам. У народзе гэты замак называлі Пішчалаўскім, бо пабудаваў яго памешчык Пішчала па праекце М.Чахоўскага ў 1825 г. Старыя назвы Менска павольна, але няўхільна саступалі месца новым, хоць яшчэ ў канцы ХIX ст. самі чыноўнікі блыталіся ў назвах вуліц — што тут казаць пра простых жыхароў.

Некаторыя з вуліц мелі па некалькі назваў: Ракаўскую называлі і Юраўскай і Новафранцішканскай, Траецкую (Багдановіча) — Новааляксандраўскай, Шпітальнай, а з сярэдзіны ХIX ст. Аляксандраўскай. Некаторыя вуліцы за кароткі тэрмін “здолелі” паслядоўна змяніць шэраг імёнаў: Лошыцкая (Маркса) з 1866 г. стала Базарнай, а з 1870-х гг., калі базар перанеслі на іншае месца, атрымала назву Падгорнай. Сучасная вул.Берсана, якая забудоўвалася з 80-х гг. ХIX ст. драўлянымі хаткамі, першапачаткова звалася Затурэмным завулкам, бо знаходзілася “за турмой”. У канцы ХIX — пачатку ХХ ст. — гэта ўжо Трубная вуліца. Тэрмін “труба” раней азначаў рэчышча невялікай рэчкі. І тут (цяпер вуліца Берсана), відаць, некалі працякаў ручэй, які ўпадаў у Нямігу. Старую Койданаўскую дарогу (вуліца Мяснікова) ў першай палове ХІХ ст. называлі таксама “Каралеўскім шляхам”, пазней — вуліцай Раманаўскай, Койданава-Раманаўскай, Маскоўскай, а з канца ХІХ ст. — Нова-Маскоўскай.

Новыя вуліцы часта атрымлівалі імёны па назвах тых мясцін, куды яны скіроўваліся, — Брылеўская (цяпер на месцы фальварка Брылевічы — вуліца Дружба), Даўгабродская (Казлова), Ігуменскі тракт (Маякоўскага); па найменнях прадмесцяў, у якіх пралягалі, — Залатагорская (Чырвоназоркавая), Пляшчанская (Люксембург), Верхне- і Ніжне-Ляхаўская (Беларуская і Кастрычніцкая); па назвах прафесій іх жыхароў — Бондараўская (Гікалы), Шорная. Часцяком вуліцы называліся паводле тых аб’ектаў, якія на іх знаходзіліся — Вакзальная, Шпітальная (Фрунзэ). У часы Расійскай імперыі вуліцы Менска толькі двойчы называліся ў гонар канкрэтных асобаў. У 1882 г. гарадскія ўлады перайменавалі вуліцу Батальённую (да 1866 — Кашарская, зараз — Чырвонаармейская) у Скобелеўскую ў гонар героя расійска-турэцкай вайны генерала Скобелева, а ў пачатку ХХ ст. новую вуліцу чыгуначнага раёна назвалі Пушкінскай (цяпер Фізкультурная).

Новых вуліц было шмат, бо горад хутка рос. Таму непазбежна з’яўляліся дзесяткі аднатыповых, недарэчных назваў, такіх як Андрэеўская, Вяземская, Іванаўская, Загарадная, Самарская, Сяргееўская, Уфімская. У служачых гарадской управы часам не хапала фантазіі. У 1911 г. было 2 Безымянныя вуліцы і ажно 19 Безымянных завулкаў! Сістэма нумарацыі будынкаў прыжывалася цяжка. Звычайна людзі паведамлялі хатні адрас наступным чынам: “Жыву ў Добрых мыслях, на Маскоўскай вуліцы ў доме (прозвішча ўладальніка)”. Шыльды на менскіх вуліцах з’явіліся толькі ў пачатку ХХ ст., таму шукаючы патрэбны дом дзесці ва Уборках, можна было праблукаць не адзін дзень.

А зараз разгледзім назвы вуліц горада пачынаючы ад цэнтра.

На месцы былога замка пралягала некалькі вуліц: Замкавая, Падзамкавая, Завальная, Рэзніцкая (з 1866 — Мясніцкая), Стара-Рэзніцкая (Стара-Мясніцкая), Падзамкавая на балоце. Усе яны знаходзіліся ў раёне праспекта Пераможцаў ад метро “Няміга” да Палаца спорту. Захаваўся толькі невялікі ўчастак Замкавай у двары магазіна “Алеся”.

Няміга-Школьная вуліца — праездная частка вуліцы Нямігі ад Петрапаўлаўскай царквы да моста праз Свіслач. Самая ажыўленая вуліца дарэвалюцыйнага горада. На ёй знаходзіўся Ніжні рынак, сыходзіліся ўсе прыгарадныя тракты: Ракаўскі, Койданаўскі, Віленскі і Барысаўскі. Злучала Хлусаў мост і Ніжні рынак з вуліцамі Нямігскай і Ракаўскай, якія сустракаліся ля Петрапаўлаўскай царквы. Назва вуліцы тлумачыцца тым, што яе траса з’яўляецца працягам Нямігскай і перасякаецца Школьнай. У 1866 г. перайменаваная ў Кацярынінскую, як афіцыйна называлася Петрапаўлаўская царква з 1795 г., калі яе наведала імператрыца Кацярына II.

Нямігская вуліца — Няміга ад Петрапаўлаўскай царквы да вуліцы Караля. Траса вуліцы супадала з рэчышчам ракі Нямігі, якое накрылі драўляным насцілам. Нярэдка ў час вясновай паводкі Няміга рабілася паўнаводнай, зрывала насціл і затапляла першыя паверхі будынкаў. У 1926 г. Нямігу змясцілі ў бетонны калектар, а ў 1968—1976 гг. зруйнавалі ўсе дарэвалюцыйныя будынкі, акрамя Петрапаўлаўскай царквы. Частка вуліцы ў слабадзе Раманава (ад вуліцы Караля да Раманаўскай слабады) нярэдка называлася Няміга-Раманаўскай.

Ракаўская вуліца — цяпер таксама Ракаўская. Пачатак Ракаўскага тракту. Часцяком жыхары называлі яе Юраўскай, бо ў старажытнасці дзесці тут была Юраўская царква.

Юрава-Завальная вуліца — захавалася толькі палова былой вуліцы як безыменны пад’езд да хлебазавода на Ракаўскай. Праведзена ў 1865 г. за старым гарадскім валам. Злучала вуліцы Ракаўскую (Юраўскую) і Раманаўскую слабаду.

Няміга-Ракаўская вуліца — Віцебская. Злучала Нямігскую і Ракаўскую. Вельмі часта яе таксама называлі Нямігскім завулкам.

Зыбіцкая вуліца — Гандлёвая. Пралягае ўздоўж Свіслачы на “зыбі”, балоце. У 1866 г. перайменаваная ў Балотную, а ў 1882 г. па ініцыятыве жыхароў — у Гандлёвую. Амаль усе будынкі знесены ў 60-я гады XX ст.

Школьная вуліца — яе траса праходзіла на месцы моста праспекта Пераможцаў ад плошчы Свабоды да Нямігі. Злучала Ніжні рынак і Няміга-Школьную вуліцу з плошчай Высокага рынку. Назва хутчэй за ўсё паходзіць ад езуіцкай школы, якая існавала на плошчы ў XVIII ст.

Козьмадзям’янаўская вуліца — асфальтаваная сцежка ад Святадухаўскага сабора да прыпынку транспарта каля выхаду са станцыі метро “Няміга”. Пралягала паралельна Школьнай. У XV—XVII стст. тут знаходзіўся манастыр святых Казьмы і Дзям’яна. Гэта — самая вузкая вуліца дарэвалюцыйнага горада. Яе шырыня складала ад 3,5 да 4,5 метра. Зразумела, чаму жыхары называлі яе “Цёмнымі крамамі” — сонечнае святло не трапляла на яе брук, бо вуліца была шчыльна забудавана двух- і трохпавярховымі камяніцамі.

Плошча Высокага рынку — плошча Свабоды. Цэнтр дарэвалюцыйнага горада, дзе знаходзіліся дом губернатара, казённая палата, суд і прысутныя месцы. У адрозненне ад Ніжняга рынку, які месціўся ў нізіне, Высокі рынак знаходзіўся на ўзгорку. У 1866 г. перайменаваны ўладамі ў Саборную плошчу — у гонар праваслаўнага Петрапаўлаўскага сабора, які размясцілі ва ўніяцкай Святадухаўскай царкве (у 1936 г. узарваны). Ад плошчы ў розныя бакі разыходзілася сетка вуліц.

Да вуліцы Гандлёвай і берага Свіслачы з Высокага рынку можна было прайсці па чатырох вуліцах. Першая з іх — Вялікая Бернардзінская (Кірылы і Мяфодзія). Пралягала паміж жаночым (сучасны Святадухаўскі сабор) і мужчынскім (у будынку цяпер знаходзіцца архіў) Бернардзінскімі касцёламі. З 1866 г. вуліца атрымлівае назву Манастырскай. Другая — Малая Бернардзінская (Герцана). Пасля 1866 г. — Мала-Манастырская. Побач знаходзіўся Петрапаўлаўскі завулак (Музычны), які так называўся з-за Петрапаўлаўскага сабора, што з 1836 г. месціўся на Саборнай плошчы. З 1882 г. завулак сталі называць Музыканцкім.

На скрыжаванні сучасных вуліц Гандлёвай і Інтэрнацыянальнай, там, дзе стаіць рэстаран “Журавінка”, у старажытнасці знаходзілася мясціна, якую называлі “Валокі Полацкія”. Да яе з цэнтра вяла вуліца Валоцкая. Як мяркуюць некаторыя гісторыкі, туды полацкія купцы маглі цягнуць “волакам” па Свіслачы ладдзі са сваім таварам, бо рака не заўсёды была паўнаводнай. У 1866 г. Валоцкая вуліца была перайменаваная ў Хрышчэнскую (Інтэрнацыянальная). На Валоцкай жылі кампазітар Станіслаў Манюшка і мастак Валенцій Ваньковіч (будынкі захаваліся).

На поўдзень з плошчы Высокага рынку вяла вуліца Дамініканская (Энгельса). Назву атрымала ад размешчанага на ёй Дамініканскага касцёла і манастыра, які быў пашкоджаны падчас Вялікай Айчыннай вайны і знесены ў 1952 г. У 1866 г., калі расійскія ўлады перайменавалі ўсе “польскія” назвы ў горадзе, вуліца стала Петрапаўлаўскай, бо пачыналася ля таго ж самага Петрапаўлаўскага сабора.

Паралельна ёй ішла вуліца Францішканская (Леніна) — самая элітарная вуліца дарэвалюцыйнага Менска. Яна злучала Высокі рынак з галоўнай вуліцай горада Захараўскай (праспект Францішка Скарыны, а цяпер праспект Незалежнасці). На ёй знаходзілася самая шыкоўная гасцініца горада “Еўропа” (самы высокі будынак Менска), Дваранская дума, Дом губернатара, Менская губернская пошта. Пасля 1866 г. вуліца называлася Губернатарскай — у гонар усіх губернатараў, рэзідэнцыяй якіх быў будынак былой езуіцкай школы на плошчы Высокага рынку (зараз там месціцца Музычны ліцэй).

На ўсход з Саборнай плошчы можна было прайсці па вуліцы Зборавай (усходняя частка Інтэрнацыянальнай). Мяркуюць, што назву гэтая старажытная вуліца атрымала ад кальвінскага збору — пратэстанцкай царквы, якая існавала тут ў XVI ст. У 1866 г. яе назвалі Турэмнай, бо вяла яна да менскай турмы, якая была пабудавана ў 1825 г. Але назва не вельмі падабалася яе жыхарам, і ў 1882 г. па іх ініцыятыве вуліцу перайменавалі ў Праабражэнскую — у гонар Праабражэнскай царквы, якая знаходзілася ў будынку былога Бенедзікцінскага касцёла (зараз на гэтым месцы стаіць будынак Пракуратуры РБ).

Паралельна Зборавай пралягала вуліца Койданаўская — Рэвалюцыйная. У XVI—XVII стст. яна пераходзіла ў Койданаўскі тракт — дарогу з Менска ў Койданава, Бярэсце, Варшаву.

Вуліца Феліцыянаўская (Камсамольская) праходзіла каля Марыінскага касцёла (Кафедральны касцёл на плошчы Свабоды), у адной вежы якога захоўваліся мошчы Св.Феліцыяна, абаронцы горада. Але пасля 1866 г. яна атрымлівае назву Багадзельнай, бо на ёй знаходзілася гарадская багадзельня.

Вуліца Юраўская праходзіла паралельна сучаснаму праспекту Незалежнасці ад вуліцы Леніна да Янкі Купалы там, дзе зараз знаходзіцца Палац Рэспублікі. Назва, хутчэй за ўсё, паходзіць ад уніяцкай царквы Св.Юрыя, якая знаходзілася ў канцы XVIII ст. у раёне сучаснага Музея Вялікай Айчыннай вайны. Сёння ад былой вуліцы застаўся адзіны будынак, які схаваўся за Палацам культуры прафсаюзаў і музеем Вялікай Айчыннай вайны.

Вуліцы Ракаўскага і Татарскага прадмесцяў. На Юбілейнай плошчы Ракаўская вуліца разыходзілася на Кальварыйскую і Нова-Чырвоную (Максіма Танка). Кальварыйская часта ўзгадвалася як Кальварыйска-Ракаўская, бо перад чыгункай падзялялася на ўласна Кальварыйскую (дарога да могілак) і Ракаўскі тракт (вуліца Харкаўская), што злучаў горад з прадмесцямі Тучынка і Нядзвежына, вядомымі сваімі цагельнямі. Нова-Чырвоная за горадам пераходзіла ў дарогу на ўрочышчы Міхалянку, Падгрушава, Пагулянку, Шырокае балота, у якіх сотні менчукоў арандавалі гарадскую зямлю пад пашню. На Юбілейнай плошчы стаяў даволі сціплы помнік — невысокая калона з каталіцкім крыжом наверсе, які даў назву плошчы. Ён быў усталяваны ў 1826 г., калі менскія каталікі святкавалі 1500-гадовы юбілей Першага Нікейскага сабора. Вуліца Уваскрасенская (Вызвалення) атрымала назву ад Уваскрасенскай царквы, якая знаходзілася там у XVI—XVIII стст., а на Уваскрасенскім завулку (вуліца Шпалерная) у канцы XIX ст. была пабудавана шпалерная фабрыка. Працягам Уваскрасенскай была вуліца Вялікая Татарская (Дзімітрава), на пачатку якой знаходзілася каменная сінагога (знесеная ў 2001 г.), а ў канцы — каменная мячэць (у 1962 г. на месцы разбуранай мячэці пабудавалі гасцініцу “Юбілейную”). Тамсама знаходзілася вуліца Малая Татарская (траса праспекта Пераможцаў ад “Юбілейнай” да вуліцы Дразда), Замячэтны завулак (не захаваўся), Татарская Глухая вуліца (траса вуліцы Мельнікайтэ), Татарская Людамонцкая (праспект Машэрава каля стэлы “Горад-герой”).

Вуліцы Раманавай слабады. Вуліца Раманаўска-Койданаўская (Мяснікова) вырасла на старым Койданаўскім тракце, які вельмі часта называлі Каралеўскім шляхам, а з сярэдзіны 1880-х называлася Нова-Маскоўскай. У 1880 г. быў адкрыты Затурэмны завулак (месціўся паралельна Мяснікова), які пралягаў уздоўж сцен менскага турэмнага замка. Бліжэй да Юбілейнай плошчы знаходзіліся ў Раманаве вуліцы Загарадна-Раманаўская (Караля), Нова-Раманаўская (Раманаўская слабада), Сухая (цяпер таксама Сухая). Каля яўрэйскіх могілак прытуліліся вуліцы Яўрэйская (Калектарная) і Маісееўская (Перакопская).

На Пляшчанцы знаходзілася вуліца Нямецкая, ці Мала-Лютэранская (Карла Лібкнехта), якая вяла да лютэранскіх могілак, вуліца Матвееўская (траса вуліц Розы Люксембург і Нямігі за Музычным тэатрам), вуліца Дамашэўская (Волаха), што падыходзіла да фальварка Дамашэўка Гераніма Дамашэвіча. Дагэтуль захавалася забудова пачатку XX ст. на Паўночным завулку прадмесця Пляшчанкі.

Галоўнай вуліцай горада была Захараўская (праспект Незалежнасці), названая так ў гонар першага менскага губернатара Захарыя Карнеева. У сярэдзіне XIX ст. яна пралягала ад сучаснай вуліцы Валадарскага да моста праз Свіслач. Участак ад моста да Камароўскай плошчы (плошча Якуба Коласа) да пачатку XX ст. называўся Захараўскай слабадой. У 1870-х гг. быў забудаваны драўлянымі дамамі Новы Койданаўскі тракт (вуліца Савецкая), які з 1881 г. стаў называцца Новазахараўскай вуліцай, а з канца XIX ст. стаў працягам Захараўскай.

У сувязі з будаўніцтвам чыгункі у 80-я гг. XIX ст. хутка пачалі забудоўваць тэрыторыю паміж горадам і чыгуначнымі вакзаламі. Вуліца Лошыцкая (Карла Маркса ад Камсамольскай да Аляксандраўскага сквера), якая злучала сквер са старой базарнай плошчай (квартал паміж вуліцамі Маркса, Камсамольскай, Кірава і Валадарскага), у 1866 г. была перайменавана ў Базарную, а з 1881 г. называлася Падгорнай, а вуліца Падгорная з гэтага ж 1881 г. стала Падгорным завулкам (сёння там захаваўся даходны дом турка Ахмеда Офлі на Я. Купалы, 5). Вуліцу Магазінную (Кірава ад Свярдлова да ракі) так назвалі таму, што яна праектавалася непадалёку ад магазінаў (складаў). Вуліца Кашарская (Чырвонаармейская) злучала цэнтр з Кашарамі, і ў 1866 г. была перайменавана ў Батальённую, а ў 1882 г. — у Скобелеўскую. На месцы сучаснай сярэдней школы № 4 стаяў драўляны домік, дзе ў 1878—1982 гг. жыў герой расійска-турэцкай вайны генерал Скобелеў. У гонар 119-га Каломенскага і 120-га Сярпухаўскага палкоў, якія гераічна змагаліся ў Балгарыі падчас гэтай вайны, былі названы новыя вуліцы — Каломенская (Свярдлова) і Сярпухаўская (Валадарскага).

У прадмесці Уборкі былі праведзены наступныя вуліцы: Ладварава-Роменская шаша (галоўны шлях на Віленскі вакзал, з 1883 г. — Пецярбургская), Міхайлаўская (Кірава ад Свярдлова да Бабруйскай), Сяргееўская (пралягала паралельна паміж Пецярбургскай і Міхайлаўскай), Мікалаеўская (ішла за Міхайлаўскай паралельна ёй), Ільінская (Ульянаўская ад Бабруйскай да Свярдлова), Бабруйская. Паміж чыгункамі ва Уборках будаваліся дамы па Вакзальнай (захавалася яе траса), Мала-Георгіеўскай (Льва Талстога), 2-й Сяргееўскай (Рабкораўскай). Сёння можна ўбачыць кавалкі вуліц прадмесця Уборкі і за чыгункамі: вуліца Прыгожая, Слонімская,Барысаўская (Студэнцкая).

Галоўнай вуліцай прадмесця Добрыя мыслі была Маскоўская, якая вяла да вакзала Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Яе працягам за чыгункай быў Койданаўскі тракт (вуліца Чкалава). Таксама ў Добрых мыслях знаходзіліся вуліцы Рыгораўская (Фабрыцыуса), Дабрамысленскі завулак (траса захавалася), Вірская (захавалася), Кавальскі завулак (пачатак вуліцы Варанянскага), Стара-Мяшчанская (яшчэ некалькі гадоў таму існавала траса вуліцы Асавіяхімаўскай) і Брылеўскі завулак (Брылеўская вуліца) — старажытная дарога ў фальварак Брылевічы.

За майстэрнямі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (Вагона-рамонтны завод імя Мяснікова) у пачатку XX ст. будавалася Грушаўка — прадмесце чыгуначнікаў. Там былі адкрытыя вуліцы Кандуктарская (Чыгуначная), Іосіфаўская (Разінская), Грушаўская, Пакгаўзная (Хмялеўскага), Жандармская (Пуцейская), Благавешчанская (Аўтадораўская).

У Серабранцы быў пабудаваны яшчэ адзін чыгуначны пасёлак. Там галоўнай вуліцай з’яўляўся Ігуменскі тракт (вуліца Маякоўскага да Дзянісаўскай). Узніклі вуліцы Аранская (траса захавалася, назва паходзіць ад урочышча Араны), Пажарная (захавалася частка вуліцы ля Свіслачы, а назва паходзіць ад існаваўшага каля Чэрвеньскага рынка другога менскага пажарнага дэпо), Аранжарэйная (захавалася; там знаходзіліся прыватныя парнікі), Надзеінская (захавалася), Безымянная (Палеская), Лугавая (захавалася).

У прадмесці Ляхаўка існавала некалькі вуліц: Ляхаўская (пешаходны праход каля стадыёна “Дынама”, Верхне-Ляхаўская, ці Круглая (Беларуская), Ляхаўская слабодка (не існуе; былая Лодачная), Ніжне-Ляхаўская (Кастрычніцкая), яшчэ Ніжне-Ляхаўская (Ульянаўская ад Беларускай да Чырвонаармейскай), і яшчэ адна Ніжне-Ляхаўская (захавалася часткова як Індустрыяльная).

Вуліцы Траецкай гары. Галоўнай вуліцай гэтай часткі Менска была Аляксандраўская (Максіма Багдановіча), названая так у гонар імператара Аляксандра I. Паралельна ёй ішла вуліца Старавіленская (захавалася). Гэтыя вуліцы злучаліся некалькімі завулкамі. Першы з іх — Аляксандраўская набярэжная (Камунальная набярэжная). Тут знаходзіліся славутыя менскія лазні, якія стаялі на самым беразе Свіслачы. Другі — Траецка-Паліцэйскі завулак (пачатак сучаснай вуліцы Старажоўскай ля Траецкага прадмесця). Трэці — 1 Семінарскі завулак (Камунальны), а чацверты — 2 Семінарскі, ці Мітрапалітанскі, завулак, які месціўся за мужчынскай духоўнай семінарыяй (Сувораўскае вучылішча). Лаўская набярэжная цягнулася ад Хлусава (Багдановіча) да Паліцэйскага (Купалы) моста. Вуліца Георгіеўская (захавалася частка яе трасы — вуліца Чычэрына) ішла ад Свіслачы праз Траецкі рынак (плошча Парыжскай камуны) на Камароўку. Вуліца Плябанская (Куйбышава) пралягала паралельна Георгіеўскай. Назва тлумачыцца знаходжаннем каля яе трасы млына Траецкай залатагорскай плябаніі. У 1866 г. перайменавана ў Шырокую. Траса вуліцы Белацаркоўнай (не існуе; пралягала ад тэатра Оперы і Балета да плошчы Перамогі) супадала са старажытнымі шляхамі на Магілёў і Барысаў. Назва паходзіць ад Белай царквы, як называлі мяшчане царкву каля жаночага духоўнага вучылішча (штаб Міністэрства абароны РБ).

За Траецкай Гарой на Пярэспе і Старажоўцы знаходзіліся: вуліца Міхайлаўская (Камуністычная), вуліца Старасцінская слабада (пралягала паралельна Міхайлаўскай ля берага Свіслачы; праз яе трасу цяпер праходзіць сучасная Старажоўская), Мікалаеўская (Крапоткіна), Старажоўская (Кісялёва ад Чырвонай да царквы Марыі Магдалены), Камароўская (Варвашэні ад Крапоткіна да Куйбышава), 2-я Старавіленская (Даўмана), Старавіленскі тракт (захаваўся), Даўгінаўскі тракт ( вуліца Чарвякова) і Смаргоўскі тракт (часткова захаваўся).

Вуліца Паліцэйская (Янкі Купалы) атрымала назву ад драўлянага доміка, у якім жылі першыя паліцмайстары. Да сярэдзіны XIX ст. ён струхнеў і яго аддалі пад багадзельню, а назва вуліцы засталася. Частка вуліцы ў Траецкім прадмесці да 1866 г. называлася Ягораўскай, пасля — Паліцэйскай, ці Траецка-Паліцэйскай. Вуліца Садовая (існавала на месцы парку Я.Купалы) размяшчалася насупраць Гарадскога саду (парк Горкага), а Садова-Набярэжная — на беразе Свіслачы.

Вуліцы Архірэйскай слабодкі. Вуліца Шпітальная (Фрунзэ) вяла да вайсковага шпіталю, там жа былі тры Шпітальныя завулкі (вуліца Румянцава, завулкі Бранявы і Вайсковы). Вуліца Правіянцкая (Захарава) злучала цэнтр з вайсковымі правіянцкімі складамі, што размяшчаліся каля чыгункі. Вуліца Канюшневая (не існуе; тэрыторыя парку Горкага ўздоўж вуліцы Фрунзэ) месцілася побач вайсковымі стайнямі. Таксама там былі вуліцы Вясёлая (Першамайская), Архірэйская слабодка (Пуліхава), Стара-Загарадная (Азгура), Слясарная, Іванаўская, Андрэеўская, Нагорная, Саламяная, Антонаўская (захаваліся толькі трасы).

Вуліцы прадмесця Камароўкі. Галоўнымі вуліцамі Камароўкі былі Лагойскі (вуліца Якуба Коласа) і Барысаўскі (праспект Ф.Скарыны за плошчай Я.Коласа) тракты, якія разыходзіліся на Камароўскай плошчы (Якуба Коласа). Побач знаходзіліся вуліцы Бондараўская (Гікалы; там сяліліся рамеснікі-бондары), Чырвоная, Казакоўская (Пугачоўская; назва пайшла ад прозвішча уладальніцы гэтага ўчастка зямлі памешчыцы Аўгустыны Казаковай), Паміжтрактавая (не існуе), Кітайская (Усходняя), Турэцкая (Беламорская).

Вуліцы Залатой горкі і Доўгага броду. Асноўным шляхам ад Залатой горкі і цэнтра да Доўгага броду і вайсковых могілак была 1-я Даўгабродская вуліца (Казлова). Таксама туды трапіць было магчыма па вуліцах Залатагорскай (Чырвоназоркавая) і 2-й Даўгабродскай (часткова Чапаева). Вуліца Кладбішчанская (Смалячкова) знаходзілася паміж вайсковымі і залатагорскімі могілкамі, Высокая (часткова Платонава) і Цвёрдая (не захавалася) пралягалі па высокім і сухім узгорку. Таксама там былі вуліцы Мар’еўская (захавалася часткова), Берасцянская (тое ж), Маляўшчынская, Сляпянская (абедзве не захаваліся).

Абсалютная большасць старых унікальных і непаўторных назваў вуліц дарэвалюцыйнага Менска зніклі з мапы горада ў змрочныя для гарадской тапанімікі 20-я—50-я гады ХХ ст., калі Саветы сталі выкарыстоўваць назвы вуліц у якасці інструмента ідэалагічнай барацьбы.

Літаратура:

1. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993.

2. Баравы Р. Ціхія мінскія ўскраіны // Добры вечар. 1991, 30 снежня.

3. Боровой Р. Историческая топография древнего Минска. Обзор источников и современное состояние проблемы // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 12. Мінск, 1997.

4. Дзянісаў У. Плошча Свабоды ў Мінску. Мінск, 1985.

5. Карповіч Т.А. Культурнае жыццё Мінска 1-й паловы ХІХ стагоддзя. Мінск, 2000.

6. Кісялёў Генадзь. Пачынальнікі. Мінск, 1977.

7. Kowalewska Z. Obrazki minskie. Wilno, 1912.

8. Марцынкевіч Н., Шыбека З. Перапіс нерухомай маёмасці Менска 1910 г. // Спадчына. 2001. № 3.

9. Минск. Энциклопедический справочник. Минск, 1983.

10. Пазьняк З. Рэха даўняга часу. Мінск,1985.

11. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4-х кн. Кн. 1—2. Мінск, 2001, 2002.

12. Справочный адресный указатель с планом Минска и календарём на 1904 год. Минск, 1904.

13. Сыракомля Уладзіслаў. Мінск. Беглы агляд сучаснага стану Мінска. Мінск, 1992.

14. Чернявская В. Петросова Е. Памятники архитектуры Минска XVII — начала XX вв. Минск, 1984, с. 18.

15. Шамов В. Памятники Минска. Минск, 1991.

16. Шибеко З.В. Минск в конце ХІХ — начале ХХ вв. Очерк социально-экономического развития. Минск, 1985.

17. Шпилевский П. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск, 1992.

18. Штыхаў Георгій, Собаль Валянцін і інш. Мінск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мн., 1999.

19. Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мiнск. Старонкi жыцця дарэвалюцыйнага горада. Мінск, 1994.

20. Ягораў Ю. Да пытання аб горадабудаўнічай гісторыі Мінска ў XVII — першай палове XIX ст. // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1955, № 3.

Крыніца электроннай версіі: "Беларускі Калегіюм".

Гісторыя i сучаснасць урбананімікі Гродна i Мінска

Рэдакцыя12 траўня 2011Раздзел: Публікацыі
Пазнакі:

Сацукевіч, І.І. Гісторыя i сучаснасць урбананімікі Гродна i Мінска (параўнаўчы аналіз) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.

Урбананіміка − частка тапанімікі, якая вывучае ўнутрыгарадскія назвы, аформілася толькі ў 70 − 80-я гг. XX ст. Але да 1990-х гг. гарадская тапаніміка заставалася па-за ўвагай беларускіх гісторыкаў. Гэта тлумачыцца дзвюмя прычынамі. Па-першае, абсалютная большасць назваў вуліц ва ўсіх беларускіх гарадах была перайменавана ў савецкі час на ідэялагічныя. Зразумела, што адкрываць грамадскасці гістарычнае імя вуліцы, а тым больш абгрунтоўваць неабходнасць яго вяртання, у той час было немагчыма. Па-другое, тапаніміка − гэта новая навука на сумежжы гісторыі, геаграфіі і мовазнаўства, таму з'яўленне гісторыкаў-тапанімістаў патрабуе часу і грунтоўнай падрыхтоўкі. Сістэматычна пачалі з'яўляцца гістарычныя і краязнаўчыя даследаванні па урбананіміцы толькі ў апошняе дзесяцігоддзе. У дадзеным артыкуле зроблена спроба параўнання урбананімічных працэсаў Гродна і Мінска.

Урбананімія абодвух гарадоў прайшла ў сваім развіцці некалькі перыядаў: першапачатковы, расійскі, польскі, савецкі, зусім непрацяглы нямецкі і сучасны. Для першапачатковага перыяду (XVI – першая палова XIX ст.) уласцівы працэс натуральнага ўзнікнення ўнутрыгарадскіх назваў, пераходу ад складанай апісальнай (“вуліца ад Рынку да ракі”) да простай указальнай (“Рынкавая вуліца”) формы. Пачатак перыяду пазначаны XVI стагоддзем толькі з прычыны адсутнасці крыніц ранейшага часу.

Назвы вуліц у той перыяд указвалі на населеныя пункты, у напрамку на якія вялі: Азёрская (зараз К.Маркса), Верцялішская (Ажэшкі), Віленская (Савецкая) у Гродне; Віленская (Старавіленская), Вялікая Барысаўская (Багдановіча), Койданаўская (Рэвалюцыйная) у Мінску. Большасць урбанонімаў указвала на важныя для гараджан аб'екты, якія знаходзіліся на іх: Замкавая, Моставая ў Гродне; Замкавая, Зборавая (заходняя частка Інтэрнацыянальнай), Школьная (пачатак пр. Пераможцаў) у Мінску. Некаторыя назвы вуліц адлюстроўвалі асаблівасці мясцовага ландшафту: Курганная (Парыжскай камуны) і Падгорная ў Гродне; Завальная (не існуе) і Зыбіцкая (Гандлёвая) у Мінску. Іншыя называліся па народнасцях, прадстаўнікі якіх кампактна пражывалі там: Цесная Жыдоўская (Вялікая Траецкая), Стары Нямецкі рынак у Гродне; Вялікая Татарская (Дзімітрава), Нямецкая (К.Лібкнехта) у Мінску. Асобныя урбанонімы паўтаралі назвы прадмесцяў, дзе знаходзіліся: Падольная ў Гродне, Дабрамысленская (Маскоўская), Ніжнеляхаўская (Кастрычніцкая), Раманаўская (Мяснікова) у Мінску. Некаторыя вулічныя найменні былі названы па занятках жыхароў: Басняцкая (Сацыялістычная), Златарская (Урыцкага) у Гродне; Рэзніцкая (не існуе), Рымарская ў Мінску. У адрозненні ад Мінска, дзе ў дадзены перыяд не было зафіксавана ніводнай назвы патранімічнага характару, у Гродне такія вуліцы былі: Калючынская і Дзям'янаўская (Свярдлова) [2, с. 72].

Цікава, што галоўныя плошчы двух гарадоў мелі падобныя назвы: у Гродне − Рынак, у Мінску − Высокі рынак. Напрыканцы першапачатковага перыяду, у XVIII − 1-й палове XIX ст. частай з'явай стала змена вуліцамі назваў. Прычым гэта адбывалася натуральна і стыхійна, без умяшання мясцовых улад. Тлумачыцца гэты працэс з'яўленнем на вуліцы з устойлівай назвай новага аб'екта, што з цягам часу выклікала ўзнікненне новай назвы. Старая і новая назвы потым доўгі час працягвалі суіснаваць паралельна, пакуль новая поўнасцю не выціскала старую. Так у Гродне Азёрская стала Брыгіцкай, Верцялішская − Раскошай [1, с. 54], Віленская − Дамініканскай, Дзям'янаўская − Баніфратарскай, Курганная − Бернардзінскай, Мірніцкая (Кірава) − Рэзніцкай. У Мінску адбываліся тыя ж працэсы: Вялікая Барысаўская стала Траецкай і затым Шпітальнай, Лошыцкая − Францішканскай (Леніна), Юраўская − Новафранцішканскай і Ракаўскай (Ракаўская). Заўважым, што большасць новых назваў утварыліся ад найменняў каталіцкіх манастыроў і касцёлаў.

Другі перыяд існавання урбанонімаў Беларусі можна ўмоўна назваць расійскім, хоць пачынаецца ён не з моманту ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі, а пазней, з сярэдзіны XIX ст. Асноўнай яго рысай стала сістэмнае ўмяшанне расійскай улады ў мясцовы ўрбананімны ландшафт. Гэта праявілася, па-першае, у масавым перайменаванні вуліц беларускіх гарадоў у 1864 − 1866 гг. Тады пад перайменаванне падпалі ўсе вуліцы з “польскім”, каталіцкім зместам. У Гродне вуліца Дамініканская была перайменавана ў Саборную, Баніфратэрская − Татарскую, Басняцкая − Паштовую, Брыгіцкая − Купецкую, Златарская − Палацкую, Магілковая − Крывую і г.д. [2, с. 76]. У Мінску плошча Высокага рынку стала Саборнай (пл. Свабоды), вуліца Бернардзінская − Манастырскай (Кірылы і Мяфодзія), Валоцкая − Хрышчэнскай (усходняя частка Інтэрнацыянальнай), Дамініканская − Петрапаўлаўскай (Энгельса), Зборавая − Турэмнай, Зыбіцкая − Балотнай, Феліцыянаўская − Багадзельнай (Камсамольская), Францішканская − Губернатарскай і г.д. [8, с. 83-84].

Па-другое, з сярэдзіны XIX ст. пачынаецца хуткі дэмаграфічны рост і ў Мінску, і ў Гродне. Гэта спрычынілася да імклівага пашырэння гарадскіх межаў і, адпаведна, узнікнення дзясяткаў новых вуліц. Калі ў пачатку XIX ст. назвы вуліц яшчэ ствараліся стыхійна і натуральна, “з нізу”, паспявалі прызвычаіцца да жыхароў, то пазней на гараджан абрынуўся цэлы вал новых вуліц, якія неадкладна патрабавалі назваў. У гэтых умовах ініцыятыва ў справе наданні найменняў пераходзіць да “вярхоў”, гарадскіх улад. Чыноўнікі імкнуліся “прывязаць” назвы да мясцовасці, але атрымлівалася гэта далёка не заўсёды. Так, у Мінску вуліца Вакзальная знаходзілася ля вакзалу, на Паліцэйскай (Янкі Купалы) месціўся паліцэйскі ўчастак, Падгорная (К.Маркса) вяла пад гору. Разам з тым дзясяткі вуліц атрымалі наступныя назвы: Андрэеўская, Іванаўская, Міхайлаўская, Пензенская, Таганрогская, Уфімская, 1-я, 2-я, 3-я Лінія, Безымянная і ажно 19 Безымянных завулкаў [3, с. 221]. У Гродне сітуацыя была трохі лепшай, бо новых вуліц узнікала значна меней, чым у Мінску. Таму болыдасць назваў новых вуліц была “прывязана” да мясцовасці. Так, ля вайсковых аб'ектаў апынуліся вуліцы Артылерыйская і Парахавая, Санкт-Пецярбургская прайшла побач з аднаіменнай чыгункай. А вось чым адрознівалася ад іншых новых вуліц вуліца Новая (Маладзёжная) – невядома.

У часы Расійскай імперыі ў Гродне і Мінску з'явіліся канкрэтна патранімічныя назвы вуліц, якія называліся мясцовымі ўладамі ў гонар рэальных асобаў. Вуліцы Купецкая і Садовая ў Гродне былі перайменаваныя адпаведна ў Кутузаўскую і Мураўёўскую. У Мінску ў 1882 г. Батальённая (Чырвонаармейская) вуліца стала Скобелеўскай, а ў 1899 адна з новых вуліц атрымала назву Пушкінскай (Фізкультурная) [6, с. 23]. Галоўнай вуліцай Мінска з XIX ст. стала новая вуліца Захараўская (пр-т Незалежнасці), названая ў гонар першага губернатара Захара Карнеева. Вельмі верагодна, што Аляксандраўскія вуліцы ў Гродне і Мінску (адпаведна Будзённага і Багдановіча) былі названы ў гонар Аляксандра I. Але патранімічныя урбанонімы былі ў расійскі перыяд хутчэй выключэннем, чым правілам.

Польскі перыяд урбананімікі Гродна і Мінска звязаны з савецка-польскай вайной і наступнай акупацыяй Заходняй Беларусі. I калі ў Мінску ён працягваўся толькі 11 месяцаў, то ў Гродне – 20 гадоў. Назвы гродзенскіх вуліц змяніліся кардынальна. Па-першае, былі вернуты перайменаваныя ў 1864 г. назвы вуліц: Баніфратэрская, Брыгіцкая, Дамініканская і інш. Па-другое, вуліцам, узнікшым у XIX – пачатку XX ст. і атрымаўшым назвы з расійскім зместам, былі падабраны іншыя: Аляксандраўская стала Ягелонскай, Калакольная – Магістрацкай (Дамініканская), Якаўлеўскі праспект – вуліцай 3 Мая (1 Мая) [5, с. 61-62]. Па-трэцяе, дзясяткі новых вуліц былі названы ў гонар польскіх і беларускіх дзеячоў гісторыі і культуры. Так, вуліца Паштовая (Сацыялістычная) была перайменавана ў гонар князя Вітаўта, Мураўёўская – Ажэшкі. Знайшлі свае шыльды на Новым свеце Каліноўскі, Міцкевіч, Рэймант. Разам з тым некаторыя цэнтральныя вуліцы Гродна былі аддадзены польскім палітыкам 1-й паловы XX ст.: Паліцэйская (Кірава) стала вуліцай Лістоўскага, Пясочная (Васілька) – Рыдзы-Сміглы, Сафійская (Леніна) – Пілсудскага.

Нягледзячы на скарацечнасць акупацыі Мінска польскімі войскамі ў 1919-20 гг., падобныя змены ва урбананіміі адбыліся і тут. Як і ў Гродне, былі вернуты гістарычныя назвы тым вуліцам, што перайменавалі ў 1866 г. Акрамя таго, камісія, якая ўтварылася пры магістраце, старанна пазбаўляла карту горада ад “расійскіх” назваў: Каломенскую (Свярдлова) перайменавалі ў Ігуменскую, Маскоўскую – Брэсцкую, Мікалаеўскую (Крапоткіна) – Беларускую. Адзіным адрозненнем мінскай урбананіміі ад гродзенскай у польскі перыяд існавання з'яўляецца мінімальная колькасць патранімічных назваў – толькі тром вуліцам Мінска былі нададзены прозвішчы людзей. Галоўная вуліца Захараўская (праспект Незалежнасці) атрымала імя Міцкевіча, Юраўская (зараз тэрыторыя Кастрычніцкай плошчы) – Рэйтана, Міхайлаўская (Камуністычная) – Чапскага [9, с. 189-193].

Для польскага перыяду урбананіміцы Гродна і Мінска было характэрна імкненне пазбавіцца ад расійскага ўплыву і масавае ўжыванне канкрэтных патранімічных назваў. Яшчэ больш татальным выкарыстанне прозвішчаў у гарадской урбананіміі стала ў савецкі перыяд, які распачаўся ў Мінску ў 1922 г., а ў Гродне – пасля заканчэння II сусветнай вайны. Вуліцы атрымлівалі назвы ў гонар партыйных лідараў, герояў грамадзянскай вайны, савецкіх пісьменнікаў і паэтаў. Другая асаблівасць савецкага перыяду – выкарыстанне вулічных шыльдаў у якасці элементаў ідэялагічнай палітыкі, калі дзясяткі вуліц называліся ў гонар савецкіх святаў, арганізацый, падзей, а таксама найбольш яскравых тэрмінаў: Асавіяхімаўская, Камсамольская, Мопраўская, Савецкая, Сацыялістычная, Чырвонаармейская і г.д.

На жаль, невядома, якой была урбананімічная сітуацыя ў Гродна ў час нацысцкай акупацыі (1941 – 1944). А вось у Мінску гэтаму пытанню акупанты надавалі шмат увагі: да восені 1942 г. адбылося 4 перайменаванні гарадскіх вуліц, якія ўлічвалі і дапаўнялі адно аднаго. Агулам было перайменавана 135 вуліц з “палітычнымі” назвамі, як называліся урбанонімы з савецкім зместам, ці названыя ў гонар рускіх паэтаў і пісьменнікаў [10, с. 163-166].

Калі ў Гродне пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны савецкая урбананімічная традыцыя толькі пачала складвацца, то ў Мінску – працягнула сваё існаванне пасля невялікага перапынку. Ва урбананіміцы ўзніклі новыя тэндэнцыі: мемарыялізацыя Вялікай Айчыннай вайны і найменаванне вуліц у гонар рускіх паэтаў, пісьменнікаў, палкаводцаў [7]. I ў Мінску, і ў Гродне дзясяткі вуліц атрымалі імёны партызанаў і падполыіічыкаў, салдат і камандзіраў Савецкай Арміі: Ватуціна, Гастэлы, Даватара, Заслонава, Карбышава, Смірнова, і г.д. [4, с. 213-217]. У гонар дзеячоў рускай гісторыі і культуры называлі новыя і перайменавалі старыя вуліцы Гродна і Мінска. Так з'явіліся на вулічных шыльдах прозвішчы Горкага, Дабралюбава, Кутузава, Лермантава, Мендзелеева, Разіна і г.д. Трэба заўважыць, што ў Гродне пасля вайны паўтарыліся ўсе вышэйназваныя асаблівасці савецкай урбананіміі, якія былі ў даваенны час у Мінску. Але і былі адрозненні, якія лёгка тлумачацца статусам гэтых гарадоў. Калі ў Гродне ў гонар дзеячоў беларускай культуры было названа толькі 5 вуліц Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Пестрака і Цёткі, то ў Мінску як сталіцы БССР, дзе было сканцэнтравана асноўнае культурнае жыццё, значна болей. Блізкасць Гродна да ПНР тлумачыць іншую асаблівасць, уласцівую ў савецкі час для гэтага горада: наяўнасць вялікай колькасці вуліц, названых у гонар польскіх, як тады лічылася, дзеячоў.

Апошні, сучасны перыяд існавання урбананімікі Гродна і Мінска пачаўся ў 1990-я гады і амаль супадае з атрыманнем Беларуссю незалежнасці. Рэзка ўзрасла цікаўнасць грамадства да ўласнай гісторыі і культуры, пачалі гучаць прапановы па вяртанню гістарычных назваў вуліц. У Мінску з 1986 г. усе прапановы траплялі ў Камісію па перайменаваннях вуліц пры Мінгарвыканакаме. I ў 1987 г. былі вернуты назвы часткам Даўгінаўскага і Лагойскага трактаў, вуліцы Паўднёва-заходняя і Радзістаў перайменавалі ў гонар старых прадмесцяў адпаведна Козыраўскай і Залатой горкай, а частцы вуліцы Казлова вярнулі старажытнае імя – Даўгабродская. У 1993 г. вярнулі назвы 4 вуліцам гістарычнага цэнтра: Гарадскому валу (да гэтага Урыцкага), Раманаўскай слабадзе (Рэспубліканская), Ракаўскай (Астроўскага) і Кальварыйскай (Апанскага). Большасць вуліц у новых мікрараёнах атрымалі назвы ў гонар беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, вучоных: Буйніцкага, Ваньковіча, Гашкевіча, Дамейкі, Драздовіча, Каганца, Лучыны, Сыракомлі і інш.

Такія ж тэндэнцыі назіраліся і ў Гродне, дзе ў гістарычным цэнтры вуліца Кашавога зноў стала Вялікай Траецкай, 8 Сакавіка – Малой Траецкай, Энгельса – Гараднічанскай. Вуліцу Цэткін назвалі Дамініканскай, Новазамкавую – Давыда Гарадзенскага, Крупскай – Стэфана Баторыя. Знайшлі сваё месца ў Гродне паэт Васілёк, заснавальнік заапарка Каханоўскі, пісьменнік Таўлай, археолаг Ядкоўскі.

Такім чынам, у сучасны перыяд развіцця урбананімікі Гродна і Мінска адбываецца паступовае ўпарадкаванне урбананімнай прасторы, у тым ліку вяртанне гістарычных назваў. Вельмі важна ў гэтым пазбягаць памылак, імкнуцца да шырокага абмеркавання не толькі ў справе вяртання старых назваў, але і пры найменаванні новых вуліц, бо вулічныя назвы з'яўляюцца неад'емнымі элементамі гарадской інфраструктуры і выконваюць арыенціровачную, выхаваўчую і эстэтычную функцыі.

Крыніцы і літаратура

  1. Аляксееў, Л. Гродна і помнікі Панямоння / Л.Аляксееў. – Мн., 1996.
  2. Гардзееў, Ю. Да пытання фарміравання гродзенскай урбананімікі (канец X – 30-я гады XX ст.) / Ю.Гардзееў // 3 глыбі вякоў. Наш край. Гістарычна-культуралагічны зборнік. Выпуск 2. – Мн., 2002.
  3. Гісторыя Мінска. – Мн., 2006.
  4. Гродно. Историко-экономический очерк. – Мн., 1988.
  5. Королевскнй город Гродно. Путеводнтель. – Мн., 2006.
  6. Мезенко, А. Имя внутригородского обьекта в истории. Об урбанонимах Беларуси XIV - нач. XX в. / А.Мезенко. – Мн., 2003.
  7. Минск. Энциклопедический справочник. – Мн., 1983.
  8. Сацукевіч, I. Адлюстраванне канфесійнага жыцця ў назвах вуліц Мінска XIX – пачатку XX ст. / І.Сацукевіч // Канфесіі на Беларусі: гісторыя, сучаснасць. – Брэст, 2005.
  9. Сацукевіч, I. Перайменаванне вуліц Мінска ў час савецка-польскай вайны 1919 – 1920 гг. / І.Сацукевіч // Стратегическое планирование и управление развитием городов. – Мн., 2004.
  10. Сацукевіч, I. Перайменаванне вуліц Мінска як састаўная частка германскай акупацыйнай палітыкі ў Беларусі (1941 – 1944). / І.Сацукевіч // Актуальные проблемы германской истории, политики, экономики, культуры. – Брэст, 2003.

Крыніца электроннай версіі тэксту: "Мястэчкі Беларусі".