Абнаўленне ад 14 жніўня: лічба людзей адпавядае стану на сярэдзіну дня 13 жніўня. На дату 14.08.2020 ужо амаль 2000 подпісаў. Актуальныя дадзеныя публікуюцца на асобным сайце: scienceby2020.github.io. Падобна на тое, што IP-адрасы сэрвіса Github Pages блакуюцца ў Беларусі. Люстэрка сайта на нашым падсайце: scienceby2020.philology.by
Больш за 1100 чалавек, якія займаюцца даследаваннямі, навукова-практычнай дзейнасцю або працуюць выкладчыкамі ў Беларусі, падпісалі зварот да органаў дзяржаўнай улады, каб выразіць сваё стаўленне да таго, што зараз адбываецца ў краіне, і каб патрабаваць аховы канстытуцыйных правоў грамадзян ды мірнага рашэння канфлікту .
Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, узрушаныя падзеямі апошніх некалькіх дзён.
9 жніўня 2020 года, падчас правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па дадзеных незалежных назіральнікаў і па сведчаннях выбаршчыкаў мелі месца масавыя фальсіфікацыі, зафіксаваныя шматлікія парушэнні выбарчага кодэкса. У многіх выпадках члены камісій пакідалі выбарчыя ўчасткі ў суправаджэнні міліцыі і атрадаў АМАП, забіраючы з сабой гатовыя пратаколы з мэтай стварыць перашкоды для азнаямлення з імі выбаршчыкаў, што з’яўляецца найгрубейшым парушэннем заканадаўства. Мы не давяраем афіцыйна агучаным вынікам выбараў і адчуваем найглыбейшую незадаволенасць тым, якім чынам яны былі арганізаваныя і праведзеныя.
Нас глыбока раняць і абураюць дзеянні сілавых структур Рэспублікі Беларусь, якія неабгрунтавана прымяняюць у апошнія дні беспрэцэдэнтную па маштабе і жорсткасці сілу ў адносінах да тысяч мірных беларусаў. Выкарыстанне спецсродкаў (гумавых куль, светлашумавых гранат, слезацечнага газу), вадамётаў і іншай спецтэхнікі, а таксама прымяненне фізічнага гвалту з боку сілавых структур падчас мірных акцый пратэсту супраць бяззбройных людзей парушае грамадзянскія правы, гарантаваныя артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Вядома як мінімум пра аднаго загінулага і пра дзясяткі цяжкапараненых. Мы патрабуем правядзення незалежнага расследавання кожнага акта жорсткасці і гвалту з боку сілавых структур.
Мы лічым абмежаванне доступу да інтэрнэту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у апошнія дні наўмысным парушэннем нашых правоў на доступ да праўдзівай і своечасовай інфармацыі, гарантаваных артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мы заклікаем усіх адказных за адключэнне інтэрнэту не паўтараць падобнае ізноў, паколькі гэта прыводзіць да цяжкіх эканамічных і сацыяльных наступстваў для ўсіх грамадзян незалежна ад іх палітычных перакананняў.
Мы заклікаем як дзяржаўныя, так і незалежныя СМІ ўстрымацца ад ужывання слоў нянавісці ў адносінах да прадстаўнікоў сілавых структур і мірна пратэстуючых грамадзян. Рэдактары і журналісты, на вас зараз ляжыць вялізная адказнасць за тое, як вырашыцца гэтая сітуацыя, якая не павінна ні ў якім выпадку перарасці ў канфлікт з прымяненнем зброі. Будзьце абачлівымі, не забывайце, што сярод людзей, якія выйшлі на вуліцы, могуць быць вашы блізкія.
Мы, вучоныя, выкладчыкі, супрацоўнікі навуковых устаноў Рэспублікі Беларусь, што падпісаліся ніжэй, патрабуем:
- неадкладна спыніць любы гвалт у адносінах да мірных грамадзян;
- вызваліць усіх затрыманых дэманстрантаў і палітзняволеных.
Лічым дзеянні сілавых структур незаконнымі, непрымальнымі і парушаючымі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, паколькі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (артыкул 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
Актуальны спіс тых, хто падпісаў ліст, можна паглядзець на старонцы scienceby2020.philology.by.