Дарагія сябры, сайт “Беларуская філалогія” сардэчна віншуе вас са святам!
Шчасця ў 2010 годзе вам і вашым блізкім!
Л. Геніюш. НОВЫ ГОД
Новы год ідзе крокам бадзёрым,
Крокам звонкім, як сам, маладым,
Расьсьцілае надзеі узорныя,
Гоіць крыўдаў і ранаў сьляды.
Ідзе стуль, дзе ў завеяных хатах
Нас чакае сям’я за сталом,
Каб з загубленым сынам ці братам
Падзяліцца сямейным цяплом.
Ідзе стуль, вецер дзе у лазінах
Па-за гурбамі сьнегу заціх;
На гасьцінцах, дзе скрып палазіны
Замірае у далях лясных.
Ідзе зь сьнегам засланых загонаў,
Нёман сьпіць дзе пад лёду карой.
Хай жа ў нашую чарку зазвоніць
На чужыне ды братняй рукой!
Хай нясе успаміны аб сёлах,
Што у белай задуме ляжаць.
Прывітайма ж яго мы вясёла,
Каб ніводзін ня сьмеў сумаваць!
Новы год ідзе крокам бадзёрым,
Як заўсёды – зь бярэмам надзей.
Мо вясною палямі узорнымі
Ў родны, вольны наш Край завядзе.