На гэтай старонцы мы сабралі праекты, створаныя аўтарамі сайта: вэб-сэрвісы альбо прэзентацыі і лонгрыды (вялікія артыкулы з фотаздымкамі, малюнкамі, інфаграфікай і г.д.).

Тэматыка праектаў дэманструе, што цікава суполцы Philology.BY.

Будзе больш!

2022

«Беларуская мікратапаніміка»

Бібліяграфічны збор на тэму беларускіх мікратапонімаў. Кожны навуковы тэкст мае геаграфічную атрыбуцыю тых назваў, якія ўтрымлівае, — на ўзроўні вобласці і раёна.

Сабраў і апрацаваў бібліяграфічную інфармацыю Вадзім Шклярык, а Аляксей Яскевіч аформіў датасэт у якасці інтэрактыўнай прылады. База папаўняецца,  мэты праекта — зрабіць працу з мікратапанімічнай бібліяграфіяй больш зручнай, а таксама ацаніць, наколькі добра навуковая літаратура «пакрывае» карту Беларусі.


2018

«Мовы Беларусі ў лічбах і малюнках»

Праект падрыхтаваны да Дня роднай мовы. Можна даведацца, якія мовы жыхары Беларусі лічылі роднымі і на якіх размаўлялі дома ў савецкія часы і пазней.

Вольга Гарыцкая намалявала, як адказвалі людзі на пытанні перапісаў насельніцтва, і распавяла пра тое, чаму з гэтымі дадзенымі ўсё складана.

Увага: шмат чырвонага і зялёнага.


2016

«Гісторыя беларускіх літар»

Аўтар – Вольга Гарыцкая.

Праект у візуальнай форме расказвае гісторыю пісьменства на беларускіх землях. Даступны на беларускай і рускай мовах.

Лонгрыд складаецца з дзвюх частак: тры беларускія алфавіты (кірылічны, лацінскі і арабскі) і шлях беларускай кірыліцы (ад Кірыла і Мяфодзія да нашых дзён).

Ёсць малюнкі і дыяграмы.


«Glosariusz staropolski»

Дыдактычны этымалагічны электронны слоўнік старапольскай мовы. Праект паўстаў у супрацы з кафедрай дыялекталогіі і гісторыі польскай мовы Інстытута паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Аляксей Яскевіч аднавіў дадзеныя з пашкоджанага файлу (друкаваны макет слоўніка), структураваў дадзеныя, размеціў слоўнікавы артыкул па зонах і зрабіў вэб-інтэрфейс для пошуку і адлюстравання дадзеных.

Выніковыя дадзеныя нерэдагаваныя, але маюць якасць, дастатковую для карыстання ў якасці даведніка. Тым больш што друкаваная версія, дагэтуль даступная у продажы (нават недарэчная PDF-версія), – гэта адзіная зручная альтэрнатыва для асоб, што вывучаюць старапольскую мову.


2015

Τόπος 

Прылада для даследавання і візуалізацыі геапрасторавых дадзеных – інфармацыі пра назвы населеных пунктаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Праект стварыў Аляксей Яскевіч  у рамках дзейнасці працоўнай групы па праблемах беларускай тапанімікі, куды таксама ўваходзяць Вадзім Шклярык і Алег Копач.


2013–2018

«Беларуская дыялекталогія і лінгвагеаграфія»

«Беларуская дыялекталогія і лінгвагеаграфія» – праект па размяшчэнні ў інтэрнэце сканаваных версій «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы»«Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак», збору дыялектных слоўнікаў і атласаў, а таксама хрэстаматый. Паўстаў у супрацы з аддзелам дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Працу па сканаванні ажыццявілі В. М. Курцова і І. П. Курцоў. Праектам з нашага боку апекаваўся Вадзім Шклярык.


2013

Электронны даведнік З’езду славістаў

Рэсурс створаны спецыяльна да гэтага міжнароднага мерапрыемства, што адбылося ў Мінску ў 2013 г.

Аляксей Яскевіч напісаў некалькі скрыптоў, што распарсілі файл праграмы ў фармаце Word, пасля чаго зрабіў вэб-інтэрфейс ужо да структураваных дадзеных.

На старонцы можна шукаць выступоўцаў ці фільтраваць іх паводле краіны, глядзець расклад, групуючы даклады секцыямі ці паводле прызначанага часу.