Прадстаўленыя ў электроннай бібліятэцы матэрыялы былі сабраныя падчас навуковых экспедыцый на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з 2008 года. Пры магчымасці знойдзеныя ў бібліятэках татарска-мусульманскіх грамадскіх аб’яднанняў або ў сямейных зборах манускрыпты здымаліся лічбавым фотаапаратам, і пазней частка з іх была апісаная ў друкаваных каталогах:
- Рукапісы татараў Беларусі XVIII — пачатку XXI стагоддзя з дзяржаўных і грамадскіх кнігазбораў краіны. Каталог. Укладальнік М. У. Тарэлка. — Мінск: Беларуская навука, 2015.
- Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі. Каталог. Укладальнік М. У. Тарэлка. — Мінск: Беларуская навука, 2020.
Электронная бібліятэка на сайце Philology.by у пэўным сэнсе з’яўляецца працягам каталога 2020 года: тут змяшчаюцца матэрыялы з прыватных збораў, не апісаныя раней. Кожная публікацыя ўключае лічбавую копію рукапісу, яго кадыкалагічнае і бібліяграфічнае апісанне. Дадатковую дапаможную і даведачную інфармацыю можна знайсці па спасылках ніжэй:
- Табліцы знакаў транслітарацыі літар арабскага алфавіта і дыякрытычных знакаў для галосных.
- Агульны тэматычны паказальнік тэкстаў.
- Спіс арыенталізмаў.
У адказ на магчымыя нараканні мы хацелі б падкрэсліць, што часта алічбоўка праводзілася ў палявых умовах, калі бракавала часу і тэхнічных сродкаў. У сувязі з гэтым прыносім свае прабачэнні за не заўсёды якасныя здымкі і апісанне рукапісаў (напрыклад, за не пазначаныя часам памеры аркушаў і інш.). На мэце было зафіксаваць знойдзеныя матэрыялы, захаваць для далейшага вывучэння прынамсі іх змест (на жаль, пры адсутнасці неабходных умоў захоўвання рукапісы часта псуюцца), зрабіць іх дасягальнымі для даследчыкаў.
Варта адзначыць, што наша праца па выяўленні і фіксацыі вялікай колькасці рукапісных матэрыялаў абапіралася на сталую і ўсебаковую падтрымку з боку татарскай грамады – як кіраўніцтва рэлігійных і грамадскіх аб’яднанняў, так і шматлікіх прадстаўнікоў татарска-мусульманскай супольнасці ў розных кутках Беларусі. Выказваем усім шчырую падзяку і спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва, бо вырашэнне вельмі важнай задачы па захаванні рукапіснай спадчыны беларускіх татараў не магчымае без аб’яднання намаганняў з боку навукоўцаў і самой беларуска-татарскай супольнасці.
Матэрыялы для публікацыі падрыхтаваны вядучым навуковым супрацоўнікам сектара ўсходазнаўства Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі М. Тарэлкам пры ўдзеле загадчыка гэтага сектара Д. Сеўрука і старшага навуковага супрацоўніка І. Сынковай.
СПІС АРАБСКАГРАФІЧНЫХ ПОМНІКАЎ БЕЛАРУСКА-ТАТАРСКАГА ПІСЬМЕНСТВА:
- Хамаіл, пачатак ХХ ст. (сфатаграфаваны ў 2011 годзе ў горадзе Узда).
- Хамаіл, канец ХІХ – першая палова ХХ ст. (сфатаграфаваны ў 2011 годзе ў горадзе Узда).
- …