Сёння на платформе сацыяльных праектаў Talaka.by стартавала кампанія па зборы сродкаў для выдання беларуска-англійскага слоўніка ў малюнках “Наш дом / Our Home”. Гэтая кніга можа стаць першым у Беларусі падрабязным двухмоўным тэматычным слоўнікам у малюнках.

З дапамогай карцінак каманда аўтараў “намалюе” для чытачоў па-беларуску і па-англійску каля 1000 “хатніх” словаў і выразаў: назваў пакояў, відаў мэблі, гаспадарчых прылад, прадметаў гігіены і іншых рэчаў паўсядзённага ўжытку, хатняга побыту і г. д.

Ад сябе дадам: нават аднамоўны такі слоўнік — гэта ўжо была б вялікая справа, а тут нават дзве мовы. Такая кніга — і падручнік, і добры падарунак, і проста рэч, якую прыемна патрымаць у руках – паразглядаць.

Думайце — неўзабаве ўжо Новы год 🙂 Як бы не пашкадаваць 31 снежня, што ў лістападзе былі пасквапіліся і збераглі грошы 😉

Аляксей Яскевіч

Рэдактар і тэхнічны адміністратар Philology.BY. Спецыялізуецца на лічбавых метадах у гуманітарных навуках (digital humanities). Цікавіцца лексікаграфіяй, сацыялінгвістыкай і марфалогіяй. Акрамя мовазнаўства, займаецца аналізам і візуалізацыяй дадзеных (Dataviz.BY) ды стварэннем вэб-праектаў.

Дадаць каментар