Час мінае – ужо можна глядзець на тое, што атрымалася.
Не сказаць, што з’яўленне нашага сайта ў Інтэрнэце сталася сенсацыяй у філалагічнай суполцы, але й не ўсё так негатыўна, як магло бы быць. Нашая рэдакцыя і нашае навуковае кола патрошку разрастаюцца.
На жаль, сумны лёс напаткаў наш навукова-лінгвістычны гурток: большую палову нашых гурткаводаў складаныя беларускія абставіны навуковага жыцця трымаюць па-за межамі Беларусі, а меншую палову — прыемныя ненавуковыя абставіны трымаюць дома.
Аўтарамі, сябрамі і чытачамі-наведвальнікамі наш сайт прырастае. І ўжо патрабуе значных зменаў у тэхнічнай частцы. Так што абнаўленне платформы і верагодная змена структуры сайта – гэта задача на наступны год.
Яшчэ пазітыўны момант – колькасць і частата запісаў расце. Усе малайцы, але найбольш варта падзякаваць за гэта Мікіце Супрунчуку (апублікаваў больш за ўсіх пастоў за гэтыя тры гады) і Вадзіму Шклярыку – які нядаўна далучыўся да нашае рэдакцыі, але піша з прафесійнай рэгулярнасцю (Вадзім – рэдактар са стажам).
Каму цікавыя тэхнічныя дэталі – апошні год Philology.BY размяшчаецца на сэрверах у Канадзе, якасцю хостынга мы задаволеныя. Змянілі рэгістратара дамена на Hoster.by. Гэта адбылося напрыканцы жніўня мінулага году – дарэчы, таму гэты пост з’явіўся сёння: бо звычайна пра гадавіну ўзгадваеш, калі надыходзіць час аплаціць дамен на наступны год. Цяпер гэтая дата для нас – 1 верасня.
Здаецца, тры гады – тэрмін, калі нарэшце пытанне “Ці варта?” губляе сэнс. Не было нейкіх вялікіх намаганняў – але ўжо нешта зроблена. Ёсць нейкая купка матэрыялаў і навін, у якіх цікава пакапацца нават выпадковаму наведвальніку.
Мы адкрытыя да супрацоўніцтва – дасылайце нам свае матэрыялы: навіны, анонсы канферэнцый ці аповеды пра тыя лінгвістычныя падзеі, што адбыліся. Далучайцеся да калектыву нашай рэдакцыі!
Сучасны стан беларускай навукі – гэта вынік таго, што кожны сядзіць у сваім кутку. Каб нешта змянілася да лепшага трэба выходзіць на свет Божы і аб’ядноўвацца з аднадумцамі.
Звязацца з намі можна праз кантактную форму на сайце або e-mail
Ну і памятаючы пра сённяшнюю дату – віншуем студэнтаў і выкладчыкаў з пачаткам новага навучальнага году!