20 чэрвеня 2018 г. у рамках Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” у г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці адбудзецца V рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання”.
У рабоце канферэнцыі запрашаем прыняць удзел навукоўцаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, аспірантаў, магістрантаў, бакалаўраў, студэнтаў, работнікаў культуры і адукацыі, вучняў агульнаадукацыйных школ, удзельнікаў калектываў аматарскай творчасці.
Праблемнае поле канферэнцыі:
- тэарэтычныя пытанні народнай культуры і этнапедагогікі;
- сучасная практыка аднаўлення, засваення і папулярызацыі традыцыйнага мастацтва ва ўстановах культуры і адукацыі;
- сямейнае выхаванне;
- асоба ў народнай культуры і педагогіцы;
- народная спадчына Бацькаўшчыны ў даследаваннях дзяцей і моладзі;
- краязнаўства ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе.
Рэгламент канферэнцыі:
Выступленне на пленарным пасяджэнні – да 20 хвілін, на секцыі – да 10 хвілін.
Рабочыя мовы канферэнцыі – беларуская і руская.
Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна да 25 сакавіка 2018 года даслаць заяўку і тэкст выступлення на два электронныя адрасы [email protected] (дырэкцыя фестывалю, тэл. 802357-54280, 802357-51782) і [email protected] (Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, тэл. 8017-3344694).
У заяўцы неабходна указаць прозвішча, імя, імя па бацьку, месца працы (вучобы), пасаду, вучоную ступень, навуковае званне, тэму даклада, службовы і хатні адрасы, тэлефоны, e-mail; тэхнічныя сродкі, неабходныя для даклада.
Да пачатку канферэнцыі плануецца выданне зборніка, набыць які можна будзе за адпаведны кошт. Матэрыялы, дасланыя пасля пазначанага тэрміна, у зборнік уключацца не будуць.
Патрабаванні да афармлення артыкула
Аб’ём артыкула: выступленне на пленарным пасяджэнні – да 10 старонак, на секцыйным – да 6 старонак, у ліку якіх – спіс літаратуры і чорна-белыя ілюстрацыі, якія дадаюцца адсканаванымі асобнымі файламі. Подпісы да ілюстрацый дадаюцца пасля спіса літаратуры.
Тэкставы рэдактар: Microsoft Word. Шрыфт: Times New Roman. Памер:14, цераз 1 інтэрвал. Палі: злева – 3.0 см., справа – 1.5 см., знізу і зверху – 2,5 см. Тэкст выраўніваецца па шырыне, зноскі канцавыя. Чырвоны радок – 1.25 см. Старонкі не нумаруюцца.
Справа ўверсе друкуюцца імя і прозвішча аўтара (аўтараў), на наступным радку у дужках – курсівам горад (вёска, раён). Праз 2 інтэрвалы друкуецца назва даклада – па цэнтру, прапіснымі літарамі, тлустым шрыфтам, без пераносаў; праз 2 інтэрвалы – тэкст даклада.
У дакладах навучэнцаў, у канцы, указваецца прозвішча, імя, імя па бацьку настаўніка, які падрыхтаваў вучня да ўдзелу ў канферэнцыі.
Рэдакцыйная калегія пакідае за сабой права адбору матэрыялаў.
Выдаткі на праезд – за кошт камандзіруючай арганізацыі. Пражыванне і харчаванне – за кошт арганізатараў канферэнцыі.
Запрашэнне на канферэнцыю будзе даслана дадаткова.