Надоечы рэдакцыя Philology.BY атрымала запрашэнне на прэзентацыю “Вялікага слоўніка беларускай мовы” аўтарства сп. Ф. А. Піскунова, якая мусіла была адбыцца ў чацвер, 26-га красавіка у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа (у Акадэмічнай бібліятэцы).
Але толькі мы сабраліся зрабіць прыгожанькі пост—анонс падзеі, як з надзейных крыніц стала вядома, што запланаваная прэзентацыя не адбудзецца ўва ўказаным месцы з прычыны змены графіку мерапрыемстваў бібліятэкі.
Пачатак задыякальнае фазы Цяльца, як высвятлілася, не вельмі спрыяльны для прэзентацыяў рознага роду слоўнікаў. А той, хто ў гэты час ладзіць такія мерапрыемствы, рызыкуе прывабіць непрыемнасці і гнеў зорак. Да таго ж, з 20-га красавіка пачалася найбольш паганая паравіна Цяльца — гэтая дэкада мінае пад уплывам Меркурыя. А што ні кажы, Меркурый — планета, якая зусім не выклікае сімпатыяў: там то спякотна, то холадна — ніякай стабільнасці. Добра, што нехта разумны схамянуўся, а то хто ведае, што магло б здарыцца!
А ўвоугуле — сапраўды: няма куда спяшацца. Выданне якога-хаця беларускага слоўніка — падзея, якая будзе актуальнай і прыдатнай для прэзентацыяў прынамсі год.