Вясна 2012 года адзначылася ў беларускім мовазнаўстве адначасовым выхадам у свет двух фундаментальных лексікаграфічных выданняў — акадэмічнага «Слоўніка беларускай мовы» (916 с.) і падрыхтаванага Ф. А. Піскуновым «Вялікага слоўніка беларускай мовы» (XVI + 1208 c.).

Над укладаннем першага з іх працаваў калектыў супрацоўнікаў Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі (вокладка / прадмова / словы). У аснову выдання пакладзены «Слоўнік беларускай мовы» (Мінск, 1987; больш як 118 тыс. слоў) пад рэдакцыяй акадэміка М. В. Бірылы. Новы слоўнік уключае каля 150 тыс. лексічных адзінак: рэестр быў значна дапоўнены лексікай, што ўвайшла ва ўжытак у апошнія дзесяцігоддзі, а таксама лексікай, якая можа вызваць цяжкасці пра напісанні па новых правілах. Дадаткаў і спіса крыніц (акрамя акадэмічных слоўнікаў), адкуль браліся словы для папаўнення рэестра, кніга не мае.

Другое выданне са згаданых вышэй падрыхтавана адным чалавекам — Фёдарам Антонавічам Піскуновым* (вокладка / пра слоўнiк / словы / змест). Яго слоўнік змяшчае каля 223 тыс. лексічных адзінак і створаны на аснове электроннай базы шляхам апрацоўкі велізарнага тэкставага масіву (больш за 70 млн словаўжыванняў з 2300 літаратурных крыніц). У канцы выдання можна знайсці ўзорныя табліцы скланення назоўнікаў і прыметнікаў (больш за 130 тыпаў) і спражэння дзеясловаў (больш за 140 тыпаў), а таксама дадаткі з афіцыйнымі назвамі дзяржаў свету згодна са спісам ААН, назвамі населеных пунктаў Беларусі, дзе ёсць паштовыя аддзяленні, і геаграфічнымі назвамі свету.

Рэцэнзіі на абодва слоўнікі можна знайсці тут.

* Фёдар Антонавіч Піскуноў — даследчык мовы. Закончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Стваральнік лінгвістычнай часткі праграмы праверкі беларускай арфаграфіі «Літара» (2004), электроннага слоўніка беларускай мовы «Парадыгма» (2009).

(звесткі пра даследчыка ўзяты адсюль).

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар