Пачну з таго, што гэта была бадай першая міжнародная навуковая канферэнцыя ў маім жыцці, на якой прысутнічалі (фізічна, а не анлайн) прадстаўнікі чатырох кантынетаў. Пасля канферэнцый у Беларусі, міжнароднасць якіх звычайна забяспечваецца ўдзельнікамі з Расіі і краін Цэнтральнай Азіі, гэта ўражвае.

Праграма сіпозіума (62 ўдзельнікі з 27 краін).

Анатацыі дакладаў (на англійскай мове).

Нязвыклым для мяне было таксама тое, што і даклады, і ўся камунікацыя падчас мерапрыемства былі на англійскай мове. Перад паездкай я два месяцы наведваў індывідуальныя заняткі з носьбітам, каб трохі разгаварыцца і ўспомніць падзабытае.

У працэсе праслухоўвання дакладаў цікава было ўсведамляць, што мікратапонімы (або назвы дробных геаграфічных аб’ектаў: палёў, лугоў, балот, лясоў ды інш.) збіраюць і даследуюць у розных краінах свету. Частка «мікра-» у гэтым тэрміне можа навесці на думку, што такія назвы знаходзяцца недзе не ўзбочыне навуковых зацікаўленняў вучоных. Аднак, як паказаў сімпозіум у Аўстрыі, гэта не так: ствараюцца і папаўняюцца базы дадзеных з мікратапонімамі, а самі гэтыя назвы лічацца эфектыўным сродкам аб’яднання супольнасцей, маркерам нацыянальнай ідэнтычнасці.

Не скажу, што мой даклад “An online bibliography on Belarusian microtoponymy as an attempt to stimulate relevant research” нечым заўважна вылучаўся сярод астатніх выступленняў. Тым не менш слухалі яго каля 20 чалавек, а мне было прыемна, што беларускі праект таксама прэзентуецца на такім прадстаўнічым мерапрыемстве.

Дадам яшчэ, што сімпозіум праходзіў на базе гасцініцы Alpen Adria Hotel & Spa у прыгажэннай мясцовасці (сярод гор, на беразе возера). То-бок удзельнікі мерапрыемства жылі, харчаваліся, плавалі ў басейне і выступалі пад адным дахам. Думаю, залішне будзе гаварыць, што ў такіх умовах наладжванне кантактаў і размовы на навуковыя і калянавуковыя тэмы адбываюцца максімальна эфектыўна.

Упэўнены, што мае новыя знаёмствы ў прафесійнай сферы дадуць свой плён і ў перспектыве выльюцца ў тыя або іншыя формы супрацоўніцтва.

Фота: ICOS, Гяворг Манукян, Вадзім Шклярык

Кандыдат філалагічных навук. Навуковыя інтарэсы: дыялекталогія, анамастыка, лексікалогія і лексікаграфія.

Дадаць каментар