У Прагу я ўпершыню трапіў у красавіку 2019 года — ездзілі з маім сябрам і колішнім аднагрупнікам Юрам Чарнякевічам на арганізаваную Інстытутам славістыкі Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі міжнародную навуковую канферэнцыю «Дыялектная лексіка на памежжах. Гісторыя, сучаснасць, перспектывы» («Nářeční lexikum v pomezních oblastech. Historie, současnost, perspektivy»). У 2023 годзе ў чарговай дыялекталагічнай канферэнцыі («Slavic Dialects in the Age of Digital Technologies. Dialect Sources and Their Current Processing»), арганізаванай гэтым інстытутам, я паўдзельнічаў анлайн, пра што пашкадаваў. Таму сёлета на канферэнцыю «West and East Slavic Dialects in Contact», якая прайшла 3–4 лістапада, я вельмі хацеў менавіта паехаць, тым больш анлайн-удзел прадугледжаны не быў.

З трох згаданых канферэнцый сёлетняя была найменш прадстаўнічай: 20 удзельнікаў з 5 краін супраць 38/10 у першай канферэнцыі і 62/15 у другой (паводле праграм). Натуральна, паўплывала больш вузкая тэматыка (кантакты паміж заходне- і ўсходнеславянскімі дыялектамі, а не ўвогуле паміж славянскімі дыялектамі). Тым не менш нязменнымі засталіся высокі навуковы ўзровень мерапрыемства і добрая арганізацыя, у тым ліку сумесныя абеды (так, з півам, бо ў Чэхіі гэта нармальна).

Праграма канферэнцыі.

Анатацыі дакладаў.

Разам з тым прыемна адзначыць, што восем дакладаў на гэтай канферэнцыі ў той ці іншай ступені тычыліся беларускага моўнага ландшафту і яго памежжаў. Маю на ўвазе найперш выступленні ўдзельнікаў даследчай групы па беларускіх дыялектах, якая дзейнічае пры кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта (д. ф. н. Катажына Канчэўска, д. ф. н. Міраслаў Янковяк, к. ф. н. Вадзім Шклярык, мгр. Враціслаў Карпішак), а таксама даклады Генрыка Душыньскага-Карабаша, Анастасіі Рыко, Яна Максімюка і Івоны Абесола.

На наступны дзень пасля завяршэння канферэнцыі я прэзентаваў у «Беларускай клубоўні» сваю навукова-папулярную кнігу «Як гавораць беларусы». Дарэчы, у Празе адбылася дзявятая па ліку прэзентацыя (сем прэзентацый былі ў розных гарадах Польшчы і яшчэ адна — у Вільні). У Беларусі з розных прычын публічных прэзентацый гэтай кнігі не было, хоць большая частка накладаў, як я разумею, прадалася менавіта там. Вось такі парадокс на злобу дня.

Ну а Прага была прыгожая, як заўжды:

Фота: Вадзім Шклярык, Міраслаў Янковяк

Кандыдат філалагічных навук. Навуковыя інтарэсы: дыялекталогія, анамастыка, лексікалогія і лексікаграфія.

Дадаць каментар