Лабараторыя распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі (АІПІ) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і лабараторыя “ELLIADD” (універсітэт Франш-Кантэ, Безансон, Францыя) праводзяць 11–13 чэрвеня 2015 г. у Мінску Васямнаццатую Міжнародную канферэнцыю па апрацоўцы электронных тэкстаў на натуральнай мове “NooJ’2015”.
Дадзеная канферэнцыя:
− дазваляе сустрэцца даследчыкам у лінгвістыцы, у камп’ютарнай лінгвістыцы з карыстальнікамі NooJ і падзяліцца сваім вопытам у якасці распрацоўшчыка, даследчыка і/ці выкладчыка;
− знаёміць карыстальнікаў NooJ з апошнімі лінгвістычнымі рэсурсамі і прыкладаннямі АНМ (ад англійскага NLP – Natural Language Proсessing – апрацоўка натуральнай мовы), распрацаванымі для/з дапамогай NooJ, з новымі функцыянальнымі магчымасцямі, а таксама з перспектывамі іх далейшага развіцця;
− прапануе даследчыкам і аспірантам паўдзельнічаць у двух семінарах (базавага і прасунутага ўзроўню) для таго, каб навучыцца праводзіць аналіз карпусоў электронных тэкстаў і будаваць прыкладанні АНМ з дапамогай NooJ;
− дае магчымасць прадставіць і азнаёміцца з новымі функцыянальнымі магчымасцямі непасрэдна самой праграмы NooJ (v5).
Тэматыка канферэнцыі ахоплівае распрацоўку лінгвістычных рэсурсаў (тыпаграфіка, правапіс, склададзяленне, фанетычная і прасадычная транскрыпцыя, марфалогія, лексічны аналіз, лакальны сінтаксіс, структурны сінтаксіс, трансфармацыйны аналіз, перафразаванне, семантычныя анатацыі, семантычны аналіз і інш.) ды апрацоўку электронных карпусоў (корпусная лінгвістыка, ідэнтыфікацыя, аналіз і апрацоўка інфармацыі, аналіз дыскурсу, бізнес-аналітыка, прыкладанні АНМ і інш.).
Анатацыі на англійскай мове падаюцца да 1 лютага 2015 года. Шаблон анатацыі – тут. Анатацыя павінна ўтрымліваць назву даклада, імя, арганізацыю і email аўтара(ў). Анатацыі не павінны перавышаць аб’ёмам адну старонку (каля 400-600 слоў) і павінны быць дасланыя ў сістэму EasyChair.
Усе атрыманыя анатацыі будуць перададзеныя навуковаму камітэту, і не пазней за 31 сакавіка аўтары атрымаюць паведамленне пра ўключэнне даклада ў праграму канферэнцыі.
Фармат файлу фінальнай версіі падаецца – PDF. Усе прынятыя анатацыі будуць уключаныя ў «Зборнік анатацый дакладаў Міжнароднай канферэнцыі NooJ’2015».
Увага! Пры ўзнікненні складанасці з падачай анатацыі ў сістэму EasyChair просім звязвацца з арганізацыйным камітэтам праз электронны адрас – [email protected]. Дадатковая інфармацыя на старонцы nooj2015.ssrlab.by.