Усе зычныя некалі былі часткай аднаго “гіганцкага суперзычнага”

Пятніца, 1 красавіка 2011 г. Аляксей Яскевіч
Раздзел: Спасылкі
Пазнакі:
Праглядаў: 3397

Апублікаваныя ўчора вынікі даследавання паказваюць, што ўсе зычныя, якімі мы сёння карыстаемся, некалі складалі адзін гіганцкі невымоўны зычны, абкружаны аграмадным галосным.

галосныя яшчэ працягваюць аддаляцца адзін ад аднога

Прафесар граматыкі Тэадор Блэк з Кембрыджа, які кіруе дадзеным даследаваннем, тлумачыць: «Алфавіт далёкага мінулага вельмі моцна адрозніваўся ад сучаснага. Суперзычны праіснаваў мільёны гадоў, а потым асобныя зычныя нарэшце паадколваліся ад яго і адсунуліся, каб заняць свае цяперашнія месцы. Напрыклад, літары "Б" і "Ч" сёння знаходзяцца на розных канцах алфавіта, але мы выявілі сведчанні таго, што некалі яны былі паяднаныя адзін з адным. Апрача таго, навукоўцы даўно меркавалі, што "Г" навісала над "Р", перад тым як катастрофа, што выбухнула аднойчы, раз'яднала іх; цяпер ў нас ёсць доказы і гэтага».

Тэорыя дрэйфу зычных была ўпершыню прапанаваная ў XIX ст., калі пры дэталёвым даследаванні архаічных балканскіх гаворак былі знойдзеныя акамянелыя рэшткі протазычных. У далейшым навукоўцы выявілі лінгвістычную гарачую зону ў сярэдзіне Ціхага акіяну, якая пакінула за сабою след ў выглядзе маладых моў, амаль пазбаўленых зычных. Другі разлом, верагодна, адказны за высокую колькасць футбалістаў Вышэйшай лігі з імёнамі, складзенымі з адных толькі зычных.

галосныя яшчэ працягваюць аддаляцца адзін ад аднога

Навукоўцы, аднак, дагэтуль не разумеюць некаторых адхіленняў. Напрыклад, адзінае тлумачэнне паходжання нямецкай літары «ß» палягае ў тым, што яна ўзнікла ў рэзультаце падзення метэарыта, які некалі трапіў ў Зямлю ў Цэнтральнай Еўропе. Старажытнагрэцкі алфавіт, як лічыцца, — цалкам чалавечае стварэнне: ён быў прыдуманы ў віктарыянскія часы нейкім асабліва лютым дырэктарам школы ў якасці прылады для карання школьнікаў.

На выяве адлюстравана, як мог бы выглядаць суперзычны «бвгджзйклмнпрстфхцчш» (у навуковай літаратуры ўжываецца скарачэнне «бйчш»).

Крыніца: NewsBiscuit via fregimus.

Спадабаўся допіс? Атрымлівайце абвяшчэнні пра новы матэрыял праз RSS Philology.BYRSS або RSS Philology.BYEmail!
Нравится