Апублікаваныя ўчора вынікі даследавання паказваюць, што ўсе зычныя, якімі мы сёння карыстаемся, некалі складалі адзін гіганцкі невымоўны зычны, абкружаны аграмадным галосным.
Прафесар граматыкі Тэадор Блэк з Кембрыджа, які кіруе дадзеным даследаваннем, тлумачыць: «Алфавіт далёкага мінулага вельмі моцна адрозніваўся ад сучаснага. Суперзычны праіснаваў мільёны гадоў, а потым асобныя зычныя нарэшце паадколваліся ад яго і адсунуліся, каб заняць свае цяперашнія месцы. Напрыклад, літары “Б” і “Ч” сёння знаходзяцца на розных канцах алфавіта, але мы выявілі сведчанні таго, што некалі яны былі паяднаныя адзін з адным. Апрача таго, навукоўцы даўно меркавалі, што “Г” навісала над “Р”, перад тым як катастрофа, што выбухнула аднойчы, раз’яднала іх; цяпер ў нас ёсць доказы і гэтага».
Тэорыя дрэйфу зычных была ўпершыню прапанаваная ў XIX ст., калі пры дэталёвым даследаванні архаічных балканскіх гаворак былі знойдзеныя акамянелыя рэшткі протазычных. У далейшым навукоўцы выявілі лінгвістычную гарачую зону ў сярэдзіне Ціхага акіяну, якая пакінула за сабою след ў выглядзе маладых моў, амаль пазбаўленых зычных. Другі разлом, верагодна, адказны за высокую колькасць футбалістаў Вышэйшай лігі з імёнамі, складзенымі з адных толькі зычных.
Навукоўцы, аднак, дагэтуль не разумеюць некаторых адхіленняў. Напрыклад, адзінае тлумачэнне паходжання нямецкай літары «ß» палягае ў тым, што яна ўзнікла ў рэзультаце падзення метэарыта, які некалі трапіў ў Зямлю ў Цэнтральнай Еўропе. Старажытнагрэцкі алфавіт, як лічыцца, — цалкам чалавечае стварэнне: ён быў прыдуманы ў віктарыянскія часы нейкім асабліва лютым дырэктарам школы ў якасці прылады для карання школьнікаў.
На выяве адлюстравана, як мог бы выглядаць суперзычны «бвгджзйклмнпрстфхцчш» (у навуковай літаратуры ўжываецца скарачэнне «бйчш»).
Крыніца: NewsBiscuit via fregimus.