“Таксіс у славянскіх мовах”: нарада ў Санкт–Пецярбурзе (чэрвень 2010 г.)

Аўторак, 22 чэрвеня 2010 г. Мікіта Супрунчук
Раздзел: Канферэнцыі
Пазнакі: | | | |
Праглядаў: 3067

удзельнікі таксіснай нарады

Ненавуковы пралог

У Санкт-Пецярбурзе 3—4 чэрвеня адбылася нарада “Таксіс у славянскіх мовах”. Арганізатарам выступіў Інстытут лінгвістычных даследаванняў РАН (далей – ІЛД), а канкрэтна – Лабараторыя тыпалагічнага даследавання моў пад кіраўніцтвам прафесара В. С. Хракоўскага. Ён працуе там з самага заснавання лабараторыі, з 1961 года, калі яе ўзначальваў А. А. Халадовіч.

Віктар Самуілавіч Хракоўскі

Віктар Самуілавіч Хракоўскі

Гэтая лабараторыя ужо падрыхтавала некалькі монапраблемных зборнікаў (калектыўных манаграфій), дзе вывучалася тыпалогія канструкцый і катэгорый у розных мовах (гл., напрыклад, «Типология каузативных конструкций» (1969), «Типология результативных конструкций» (1983), «Типология императивных конструкций» (1992), «Типология условных конструкций» (1998), «Типология уступительных конструкций» (2004), «Типология эвиденциальных конструкций» (2007).

У час нарады адбылася прэзентацыя найноўшага выдання “Типология таксисных конструкций” (2009). Каб атрымаць уяўленне пра таксіс, можна cцягнуць з сайта ІЛД уводную главу (таксама ў "Весніку БДУ" артыкул “Таксіс у беларускай мове: асноўныя значэнні і сродкі выяўлення”).

Коратка кажучы, паняцце таксісу заключаецца ў наступным. Калі ў нейкага слова мы знаходзім таксіснае значэнне, то гэта значыць, што ў тым жа сказе ёсць іншае слова, якое абазначае дзеянне, што адбываецца адначасова ці неадначасова з дзеяннем, выражаным першым словам. Прычым гэтыя адносіны (не)адначасовасці абавязкова павінны быць фармальна выражаны (флексіяй, суфіксам, злучнікам, дапаможным дзеясловам, парадкам слоў і інш.). Таксіснае значэнне маюць толькі словы з семай дзеяння. Таксіс блізкі да паняццяў “адносны час”, “паслядоўнасць часоў” і да т. п.

В. С. Хракоўскі прадставіў справаздачу аб працы рабочай групы “Таксіс у славянскіх мовах” і распавёў пра складаныя і/або цікавыя аспекты вывучэння таксісу. Ён адзначыў, што ў выніку шматгадовых роздумаў над гэтай катэгорыяй было вырашана скарэкціраваць класічнае азначэнне Р. В. Якабсона:

Было вырашана змяніць таксама канцэпцыю таксісу, распрацаваную пецярбургскай школай функцыянальнай граматыкі ў 1980–1990-я гг. Асноўныя адрозненні паміж старым падыходам (Якабсон + “Пецярбург”) і новым падыходам заключаюцца ў двух момантах. Па-першае, пашыраны набор сродкаў выражэння таксісных значэнняў: уключаны не толькі дзеяслоў, але і іншыя часціны мовы – аддзеяслоўныя дэрываты, тэмпаральныя назоўнікі і прыслоўі. Па-другое, мэтазгодна засяродзіцца на залежным таксісе і адмовіцца ад незалежнага таксісу, бо вылучаць яго ў славянскіх мовах падстаў няма.

Прафесар В. С. Хракоўскі паведаміў таксама пра новую тэндэнцыю ў тыпалогіі. Вядома, што тыпалагічнаму аналізу падлягаюць усе мовы незалежна ад іх тэрытарыяльнай, гістарычнай ці генеалагічнай блізскасці. Між тым, на думку даследчыка, цяпер усё часцей патрабуецца завяршэнне тыпалогій роднасных моў, моў адной групы, максімум – адной сям’і. Пры гэтым узрастае роля апісання перыферыйных, памежных, незвычайных з’яў, спецыфікі, бо аднолькавага аказваецца вельмі шмат – па-першае, з-за прыналежнасці да аднага моўнага тыпу, а па-другое – за падабенстваў, абумоўленых агульным паходжаннем.

На нарадзе былі прадстаўлены даклады “Тыпалогія таксісных канструкцый і славянскі таксіс” (В. С. Хракоўскі; Санкт-Пецябург), “Невалентнасны сірканстантны таксіс папярэднічання ў рускай мове” (Надзея Зарыхіна; Гётэбарг, Швецыя), “Абмежаваная адначасовасць” (Адрыян Барантсен; Амстэрдам), “Польскі таксіс” (Івона Лучкаў; Люблін), “Таксіс у славенскай мове” (Морган Нільсан; Стакгольм), “Таксіс у верхнялужыцкай мове” (Ленка Шольцэ; Канстанц, Германія), “Таксіс у балгарскай мове” (Русяліна Ніцалава; Сафія), “Македонскі таксіс на фоне польскага” (Міліца Міркулоўская; Скоп’е), “Невалентнасны няфонавы таксіс у беларускай мове” (М. В. Супрунчук; Мінск) і інш.

Асаблівую цікавасць выклікаў даклад Вальтара Броя. Ён даследуе малізска-славянскую мову – мікрамову ў вобласці Малізэ на паўднёва-адрыятычным узбярэжжы Італіі. Ёю (разам з італьянскай) карыстаецца каля 1000 чалавек ў трох населеных пунктах (матэрыял у Вікіпедыі на аснове артыкула А. Д. Дулічэнкі ў кнізе “Языки мира. Славянские языки. М., 2005. С. 604). Вальтар Брой пераклаў на гэтую мову “Маленькага прынца” Антуана дэ Сент-Экзюперы. В. Брой чытае па-малізскаславянску, Хэндаўт В. Броя (1), Хэндаўт В. Броя (2). Гл. таксама яго артыкул “Флективный и деривационный глагольный вид в молизско-славянском языке” // Вопросы языкознания. 2006. № 3.

Сход сардэчна вітаў дырэктар ІЛД акадэмік М. М. Казанскі. У прыватных размовах ён, акрамя іншага, высока ацаніў “Лексічны атлас беларускіх гаворак”.

На пасяджэнні быў зацверджаны план працы рабочай групы “Таксіс у славянскіх мовах” на другую палову 2010 і на 2011 год. Як завяршэнне праекта ў канцы 2011 года плануецца выданне падагульняльнага зборніка дакладаў і матэрыялаў.

У дыскусіях абмяркоўвалася патрэба ў колькасных звестках пры апісанні функцыянавання граматычных адзінак. Было вырашана, што ацэнкі “часта”, “рэдка”, “часам”, “мала”, “шмат” і да т. п. неабходна падмацоўваць канкрэтнымі лічбамі, разлічваць сустракальнасць. Такім чынам, ізноў актуалізавалася пытанне пра выбарку і моўны корпус. Аднак канкрэтнага рэгламенту пра адбор корпусу, яго параметры, склад, памер і г. д. прынята не было. Рашэнне будзе знойдзена на працягу лета, пасля належнай падрыхтоўкі і аналізу сітуацыі з корпусамі. Як вядома, памер і даступнасць корпусаў славянскіх моў вельмі розныя. Беларускі корпус, на жаль, для шырокай грамадскасці пакуль недасягальны.

У сувязі з пытаннем пра корпус і даследчыцкі матэрыял Адрыян Барантсен распавёў пра сваю калекцыю перакладаў папулярных дзіцячых твораў на славянскія мовы (Карлсан, Аліса, Маленькі Прынц, Пэпі Доўгая Панчоха і інш.).

Яшчэ адным пабочным, але вельмі вострым аказалася праблема моў былой Югаславіі, праблема так званых новаштокаўскіх літаратурных моў. Прапанова напісаць чатыры асобныя раздзелы пра таксіс у сербскай, харвацкай, баснійскай і чарнагорскай мовах была адхіленая з прычыны няпэўнай спецыфікі гэтых ідыёмаў. Абмеркаваны зборнік будзе ўключаць толькі раздзел “Таксіс у сербскай мове” з невялікімі ўдакладненнямі і дапаўненнямі пра харвацкую мову, калі яны сапраўды пацвердзяцца. Назва “Таксіс у Б/С/Х мовах” (аналаг заходніх “Grammar of BSC” і “Grammar of HBS”, сустраканых апошнім часам) была адхіленая.

З былой Югаславіі змагла прыехаць толькі адна даследчыца – прафесар Міліца Міркулоўская (Македонская акадэмія навук і мастацтваў). Акрамя свайго даклада, яна таксама прадставіла кампакт-дыск «Библиографија на македонскиот јазик», падрыхтаваны з яе ўдзелам. Кожны з прысутных атрымаў такі дыск у падарунак. Беларускі экземпляр аддадзены ў Нацыянальную бібліятэку. Бібліяграфія даступная і ў інтэрнэце.

Усе даклады аказаліся цікавымі і змястоўнымі, праца рабочай групы вылучалася інтэнсінасцю і канкрэтнасцю. Разам з тым адно пытанне ўсё ж непакоіць. Пытанне пра патрэбу і навізну. Як было зазначана ў рэпартажы з Міжнароднага кангрэса беларусістаў на сайце “Беларуская філалогія”, сутнасць некаторых сённяшніх даследаванняў – у змене матэрыялу пры захаванні тэмы, метаду і часта высноў. Інакш кажучы, бярэцца нейкая моўная з’ява, ужо разгледжаная ў англійскай (рускай, нямецкай) мове, і новы моўны матэрыял – беларускі, балгарскі, абхазскі і г. д. Пры гэтым нярэдка мы не атрымліваем ніякіх новых вынікаў, а проста зноў пацвярджаем тое, што было ўжо вызначана, знойдзена. У чым жа карысць ад такіх перапацвярджэнняў-пераправерак? Здавалася б, іх шмат у тыпалагічных даследаваннях. Навошта ж тады тыпалогія ўвогуле?

Відаць, тыпалогію знішчаць усё ж не варта, таму што ў яе вялікая сістэмна-класіфікацыйная роля: тыполагі адкрываюць заканамернасці, імплікацыйныя залежнасці: знаходзяць моўныя тыпы (групоўкі моў з падобнай будовай). Маючы нейкую дамінантную рысу (прыкмету тыпа), мы можам чакаць наяўнасць шэрага асаблівасцей, якія вынікаюць з яе. Тыпалогія вызначае тыпы моў: ведаючы тып мовы, можна прадказваць розныя яе асаблівасці. Карысць тыпалогіі трэба бачыць ў яе прагнастычнай ролі: адшукаўшы нейкую катэгорыю ці заканамернасць у адной мове, можна шукаць яе іншай. Але, паўторым, трэба пільнавацца і сачыць, каб вынікам нашага тыпалагічнага (часта – запраграмаванага) даследавання не сталася толькі: “ўсе заканамернасці спраўдзіліся, у абранай мове ўсё гэтаксама, як у рускай (польскай, англійскай)”.

Ненавуковае завяршэнне

Спадабаўся допіс? Атрымлівайце абвяшчэнні пра новы матэрыял праз RSS Philology.BYRSS або RSS Philology.BYEmail!
Нравится