Многія з калег ужо ведаюць, што на мінулым тыдні мы з маім сябрам і колішнім аднагрупнікам Юрам Чарнякевічам з’ездзілі ў Прагу на арганізаваную Славянскім інстытутам Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі дыялекталагічную канферэнцыю (афіцыйна, з пералікам краін-удзельніц і секцый пра гэтую падзею напісана вось тут, ёсць і праграма мерапрыемства).

Дзеля эканоміі і каб праверыць, ці не старыя мы ўжо для такіх трыпаў (мушу адзначыць: не старыя, але было цяжкавата), дамовіліся ехаць таннымі цягнікамі і аўтобусамі з перасадкамі ў Брэсце і Варшаве. З-за таго, што паміж рэйсамі былі перапынкі ў некалькі гадзін, дарога да Прагі заняла крыху больш за суткі, назад да Мінска — крыху менш за суткі.

Іна і Максім

Плануючы перасадку ў Брэсце, вырашылі сумясціць прыемнае з карысным — пазнаёміцца нарэшце са стваральнікамі праекта «Дыялекты Беларусі» Інай Хоміч і Максімам Хлябцом і добра павячэраць. Дзякуючы брэсцкаму грыль-бару Korova усё прайшло на найвышэйшым узроўні. Амаль трохгадзінную размову пра беларускія гаворкі падсумавалі калектыўным сэлфі на Савецкай:

Мяжу прайшлі па стандартнай схеме: беларускі бок, Duty Free, польскі бок. Начная Wawa сустрэла пранізлівым холадам і малапрывабнай «Варшавай Заходняй». Неяк перачакалі, рушылі далей.

Мірэк

Прыбыўшы ў Прагу, амаль адразу ж сталі ахвярамі гасціннасці польскага беларусіста Міраслава Янковяка, які цяпер жыве і працуе ў чэшскай сталіцы. Мірэк — чалавек вядомы і важны, у тым ліку для Беларусі. Ён актыўна шукае і даследуе беларускія гаворкі на тэрыторыях іншых краін, пашыраючы тым самым нашы ўяўленні пра сапраўдныя (а не афіцыйныя) межы рассялення беларусаў.

Дарэчы, вось некалькі фактаў пра жыццё-быццё навуковага супрацоўніка Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі, якім ужо больш за год з’яўляецца Мірэк:

  • штодзённы бонус у выглядзе талона на 90 чэшскіх крон (прыкладна 9 рублёў), які можна патраціць на абед ці набыццё прадуктаў;
  • 25%-ная скідка на выданні ў акадэмічнай кнігарні;
  • магчымасць не толькі якасна выдаць сваё аб’ёмнае даследаванне, прысвечанае беларускім гаворкам на тэрыторыі Латвіі (здавалася б, пры чым тут Чэхія?), але і раздаць кнігу бясплатна ўсім калегам — удзельнікам згаданай канферэнцыі.

Упэўнены, гэта яшчэ не ўсё з таго, што можа прыемна здзівіць навуковага супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падчас візіту ў Прагу і размоў з чэшскімі калегамі.

Блажэй і Мацей

З маладымі дыялектолагамі Блажэем Асоўскім з Познані і Мацеем Ракам з Кракава я пазнаёміўся яшчэ ў 2014 годзе ў Піцеры падчас канферэнцыі па славянскай дыялектнай лексікаграфіі. У Празе гэтым разам з імі пазнаёміўся і Юра.

Блажэй першы злева, Мацей другі злева

Наша кепскае веданне польскай мовы і іхняе няведанне беларускай не сталі бар’ерам пры абмеркаванні шырокага спектра тэм — ад жонкі-цуркі і дыялектнай фразеалогіі да нобелеўскіх лаўрэатаў. Выключна пазітыўныя хлопцы. Ёсць адчуванне, што чэшскім півам наша знаёмства не абмяжуецца.

Макс

Макс Шчур, які ўжо даўно жыве ў Чэхіі, класны. Але не таму, што ў 2016-м атрымаў у Беларусі літаратурную прэмію імя Гедройца. І не таму, што ў кітайскім рэстаране, куды ён завёў нас пасля канферэнцыі, рэкамендаваная ім качка сапраўды аказалася смачнай. Макс цікавы і вясёлы, адразу выклікае прыхільнасць. Шкада, што не атрымалася паблукаць з ім як след па Празе — кажуць, ведае файныя нетурыстычныя мясціны, дзе пры нагодзе можна і па пысе атрымаць.

Тая самая качка ў кітайскім рэстаране

Даўно хацеў прачытаць ягоную кнігу пра завяршэнне гештальту, цяпер жа проста не магу гэтага не зрабіць. Ужо набыў, дарэчы, электронную версію, з 10%-най скідкай (дзякуй аўтару за наводку).

Павел

Гісторык, аспірант Карлава ўніверсітэта Павел Котаў, зладзіўшы для ўсіх ахвочых бясплатную экскурсію «Беларускія гісторыі старой Прагі», захапіў сваёй апантанасцю і любоўю да мінуўшчыны. Замест запланаваных паўтара гадзін экскурсія доўжылася дзве з паловай, што стала сур’ёзным выпрабаваннем для ўдзельнікаў, бо з надвор’ем у той дзень не пашанцавала.

І хоць я не вялікі аматар даўняй, княжацка-каралеўскай гісторыі, даведацца пра месцы, дзе Скарына друкаваў свае кнігі, а дзе не друкаваў, было карысна.

Міхал і Дар’я

Ну і пад канец колькі слоў пра маладую сям’ю Вашычкаў. Ён чэх, які без акцэнту гаворыць па-руску і можа падтрымаць размову па-беларуску. Хацеў даследаваць гаворкі Палесся, але захапіўся гаворкамі русінаў у Славакіі, якія цяпер і вывучае. Яна расіянка, якая па заканчэнні СПбДУ планавала стаць літаратуразнаўцам, але пасля зацікавілася дыялекталогіяй, паступіла ў аспірантуру Інстытута лінгвістычных даследаванняў Расійскай акадэміі навук і цяпер разам з мужам ездзіць у экспедыцыі.

Цікавыя суразмоўцы і проста харошыя людзі. Гаварылі б з імі бясконца, але аўтобус да Варшавы чакаць не будзе — мусілі сысці, маючы, аднак, цвёрды намер вярнуцца, хай сабе і ў якасці турыстаў.

Аўтары фотаздымкаў: Вадзім Шклярык, Максім Хлябец, Юрый Чарнякевіч,
Павел Котаў, Міраслаў Янковяк.

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар