Сёння на YouTube-канале Onliner Belarus выйшаў вялікі відэаролік пра навукова-папулярную кнігу «Як гавораць беларусы». Разам з ім змяшчаем на нашым сайце і фрагменты з рэцэнзіі М. В. Супрунчука, якая плануецца да публікацыі ў часопісе «Беларуская лінгвістыка».
Шклярык В. А. Як гавораць беларусы. – Мінск : Тэхналогія, 2024. – 35 с.
«Вясной 2024 года пабачыла свет вельмі цікавая і прыгожая кніга пра беларускую мову “Як гавораць беларусы”. Яе падрыхтаваў Вадзім Аляксандравіч Шклярык, кандыдат філалагічных навук. Гэты аўтар знаёмы чытачам нашых сайтаў, газет і часопісаў, дзе ён публікуе навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы пра дыялекты і геаграфічныя назвы. Яго манаграфія “Мікратапанімія Усходняга Палесся ў кантэксце развіцця рэгіянальнай лексічнай сістэмы” мела два выданні, у 2017 і 2019 гадах, і атрымала прэмію НАН Беларусі ў намінацыі «Найлепшая навуковая работа маладых вучоных» (2017). Заслужанае захапленне шырокай аўдыторыі выклікалі серыя рэпартажаў В. Шклярыка пра гаворкі на сайце “Анлайнер” https://sp.onliner.by/exponliner/ і дакументальны фільм “Гаворкі Беларусі”.
Новым крокам у папулярызацыі ведаў пра беларускую мову стала праца В. Шклярыка “Як гавораць Беларусы”. Невялікую (35 старонак), але вельмі змястоўную і маляўнічую кнігу падрыхтавала мінскае выдавецтва “Тэхналогія”.
Кніга пачынаецца з уступу, за ім ідуць тры раздзелы і заключэнне. У першым раздзеле коратка параўноўваюцца тры ўсходнеславянскія мовы. У другім характарызуецца дыялектная аснова беларускай мовы, а ў трэцім — фанетычныя, лексічныя і марфалагічныя асаблівасці маўлення ў розных мясцовасцях нашай краіны.
Асобна адзначым прывабнае мастацкае афармленне кнігі. Шыкоўныя малюнкі, удалае спалучэнне рыс карціны і мастацкай фатаграфіі ў іх ствараюць дзівоснае ўражанне казачнай вандроўкі. Гэтыя ілюстрацыі падрыхтавала мінская мастачка Надзея Леановіч.
У кнізе выкарыстаны і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Аўтар і выдаўцы знайшлі выдатнае рашэнне, каб, не займаючы шмат месца, падаць больш звестак і ўнесці інтэрактыўнасць у дзейнасць чытача. Так, амаль на кожнай старонцы надрукаваны QR-код, які вядзе да змешчаных у інтэрнэце дыялектных карт.
Кніга ўдала спалучае лёгкасць і займальнасць аповеду з грунтоўнасцю зместу. Значны вопыт акадэмічнай, медыйнай і палявой (экспедыцыйнай) працы дапамаглі Вадзіму Шклярыку выкласці асноўныя звесткі пра старажытную дыялектную аснову беларускай мовы і сучасныя асаблівасці нашых гаворак. Тут удала праявіліся і навуковы, і публіцыстычны талент аўтара. Кажучы магчымымі словамі герояў гэтай кнігі, заўважым: перад намі прыгожае і змястоўнае, файнае і дыхтоўнае выданне».