Інфармацыя пра тое, што да выхаду ў свет рыхтуецца такое выданне, з’явілася ў інтэрнэце яшчэ ў 2009 годзе. Як указана ў анатацыі кнігі, «слоўнік з’яўляецца найбольш поўным нарматыўным даведнікам па выкарыстанні ўласных асабовых беларускіх імён, утварэнні імён па бацьку» (вокладка / прадмова / крыніцы / слоўнікавыя артыкулы).
Падобнае выданне, натуральна, не магло застацца незаўважаным, прынамсі акадэмічнай навуковай супольнасцю. Менавіта ў акадэмічным Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа і прапрацавала шмат гадоў аўтар слоўніка к.ф.н. А. К. Усціновіч. У сакавіцкім нумары часопіса «Роднае слова» была надрукавана рэцэнзія на гэты даведнік, падрыхтаваная к.ф.н. М. Н. Крыўко. Ніжэй са згоды аўтара змяшчаем поўны яе тэкст.
НАВУКОВЫ ДАВЕДНІК ПА БЕЛАРУСКІМ УЛАСНЫМ ІМЕНАСЛОВЕ
Слоўны корпус беларускай мовы складаецца з апелятыўнай і анамастычнай лексікі. Значнай часткай анамастычнай лексікі з’яўляюцца ўласныя імёны людзей.
Нядаўна ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» выйшаў «Слоўнік асабовых уласных імён» А. К. Усціновіч (240 кніжных старонак).
Слоўнік уключае розныя па паходжанні афіцыйныя мужчынскія і жаночыя імёны, у тым ліку рэдкаўжывальныя і ўстарэлыя. Падаюцца таксама найбольш пашыраныя народныя размоўныя і вытворныя формы і варыянты прыведзеных у слоўніку імён.
Загалоўнай у слоўніку выступае афіцыйная, дакументальная форма асабовага імя, пасля яго ў дужках прыводзіцца лацінамоўная транслітараваная форма. Абавязковай з’яўляецца падача канчатка роднага склону імя. Затым даецца граматычная характарыстыка (імя мужчынскае — м., імя жаночае — ж.). Пры неабходнасці даецца стылістычная і часавая характарыстыка імя (напр., славянскае, старое, рэдкае, новае і г. д.). Пры мужчынскіх імёнах падаюцца формы імя па бацьку.
Акрамя афіцыйнай формы імя і вытворных ад яго форм прыводзяцца ў слоўніку А. К. Усціновіч утвораныя ад канкрэтнага імя беларускія прозвішчы. Пасля гэтага ў слоўнікавым артыкуле падаюцца агульнамоўныя формы дадзенага імя ў сучасных еўрапейскіх мовах. Аўтар слоўніка ў артыкуле пазначае і дзень імянін на падставе традыцыйных календароў, апрацаваных царквой і касцёлам.
У прадмове да слоўніка (дарэчы, прадмову напісаў член-карэспандэнт НАН Беларусі А. А. Лукашанец, ён жа з’яўляецца і навуковым рэдактарам гэтага выдання) заяўлена, што ў гэтай лексікаграфічнай працы даюцца звесткі пра паходжанне імя і яго першапачатковае значэнне. На вялікі жаль, у слоўніку А. К. Усціновіч вялікая колькасць імёнаў не забяспечана этымалагічнымі даведкамі і звесткамі пра першапачатковую семантыку імя. А такія звесткі вельмі патрэбныя для карыстальнікаў. Не пададзена ў слоўніку такая інфармацыя пры наступных імёнах:
Абамон, Авакір, Авіята, Агапій, Аграфій, Аданай, Аіфал, Акепсій, Акепсім, Ала, Алаферн, Алеся, Алім, Алінархій, Аліцыя, Алоній, Алфій, Амільда, Аміян, Амяфіт, Анафа, Анафролія, Анепсій, Аніла, Анфал, Анфіл, Анфіпат, Анцімон, Анцінея, Анціхей, Аняліна, Апрэлій, Аранос, Аргей, Аркесілай, Арпіла, Арцемідор, Арэапагіта, Астрыхій, Асціфей, Аўгій, Афалай, Афіновій, Ахаз, Ахікам, Ахілуд, Ахісар, Аяндор, Барзамір, Бегуай, Болдыр, Будай, Бякір, Бянігн, Бярнадзій, Вагатай, Вальфрыд, Ванхіяс, Варлампій, Варлен, Варсаміт, Ват, Вахцісій, Веліянора, Верацыян, Вікул, Вілорый, Вільма, Вінадора, Віналій, Вінарыя, Вінфанцій, Вісон, Гаафа, Габрон, Гавааф, Гаваон, Гавядай, Гаган, Галіндуха, Ганіянія, Гапей, Гарына, Гасій, Гафтарым, Гвідон, Герадот, Гераіда, Гераіса, Гефест, Глікія, Гордзій, Гудзелія, Давянара, Дагар, Дада, Дакучай, Далат, Даміян, Дамяцея, Даўрат, Даціва, Джэма, Дзесідзерый, Дзіямара, Дрымент, Дукліда, Дульфіна, Дэкрэта, Евель, Евяіл, Емярыкій, Завулон, Заліна, Заніфа, Зарвіл, Ігафракс, Ігемон, Ідзія, Іезавель, Інілія, Іола, Іраклямон, Ірмос, Ірыяда, Ісоп, Іспалт, Істома, Істукарый, Кадзімім, Кадзіс, Каладота, Калівіт, Калуф, Калясанцій, Кананіт, Канафей, Капістран, Кардзіян, Карм, Касма, Каўсаім, Каўсяіл, Кацерый, Келідонія, Кендзявей, Кенцінар, Кіліян, Кірыякія, Кірэй, Клод, Колпас, Ксенадох, Ксенафобія, Ксінон, Кубіна, Лавер, Лагафет, Лаіда, Лаіна, Лаіса, Лаліян, Лангіна, Ландзіна, Лафідор, Лахіс, Леальгіна, Леаніна, Леанор, Лігія, Ліяна, Лоргій, Луарсаб, Малюціна, Маркіта, Марсельеза, Мархольд, Марціса, Марыаў, Масут, Матрыкс, Маўсіма, Медарада, Мелітрыса, Мельхіяд, Мена, Месіяда, Міней, Мусікій, Мязіна, Нада, Наіна, Нарс, Неўфалім, Ніда, Нікель, Нікерата, Нінявія, Нэра, Няліда, Нямір, Нямнон, Нячай, Олда, Ора, Палакіда, Памфалон, Памфамір, Памфіліён, Пангал, Панімон, Панталеан, Панцялей, Папіла, Папініян, Паракліт, Параліпамянон, Пасарыён, Паўланцій, Пафнуцій, Паэма, Пінуфрый, Піцірун, Піцірым, Плаўціла, Пудзент, Пулій, Рагуіл, Радзіяда, Радзіяна, Радміла, Разван, Разіна, Рамелія, Рузана, Рунеса, Рыда, Рэміда, Рэміра, Рэнальд, Рэўдзіт, Саверый, Савін, Салахон, Самон, Санірыл, Семідалін, Сервіліян, Сігіц, Сільверый, Сільвіра, Сімах, Сімпліцый, Сінясей, Сісіній, Собаль, Сталіна, Тавяіль, Тарычан, Таціён, Том, Торый, Трактар, Трамед, Трывун, Тэлясфор, Тэрор, Урвікій, Урош, Урый, Усфазан, Уўрыкій, Факунд, Фаларыд, Фармакей, Фармофій, Феадокс, Феазевія, Філаксен, Філафцей, Фіняес, Фіста, Хаздазат, Хроній, Хрызеіда, Хрысій, Худзіён, Цеадозія, Цеафор, Целярын, Церанімфа, Цертуліян, Цімей, Цімір, Цітан, Цітон, Цырылія, Чэркас, Шалва, Шарлота, Элегія, Электрына, Элігій, Эмярыта, Энергія, Эпафрас, Эпінікіён, Эпітроп, Эпяндзіт, Эрлена, Эрытрэя, Юкунда, Юнарма, Юнаўлада, Яаній, Яважына, Явул, Якім, Яўдокій, Яўкрацій, Яўкул, Яўласій, Яўпрэвій, Яўхарыс і інш.
Аўтару слоўніка патрэбна было заглыбіцца ў этымалогію ўласных імён ці скарыстацца дапамогай беларускіх этымолагаў.
Пахвальна, што А. К. Усціновіч падае ў сваім слоўніку вытворныя формы імя. Некаторых жа вытворных форм на старонках гэтага слоўніка мы не ўбачылі. Так, няма ў даведніку формы Сяржук, утворанай ад імя Сяргей. У беларускіх гаворках, часцей у заходніх і паўночна-заходніх, ад імя Рэгіна акрамя форм Рэня, Рэнька маюць пашырэнне формы Рэна, Рэнка. Ад імя Клеапатра, акрамя прыведзеных аўтарам форм Клепа, Лера, Патра, у дыялектах, напрыклад Віцебшчыны, шырока ўжываюцца формы Клёня, Клёнька. Акрамя пададзеных у слоўніку А. К. Усціновіч пры імені Альдона вытворных Аля, Дона і Альда у народнай мове яшчэ шырока ўжываецца форма Альдзя.
Неапраўданым, як нам падаецца, з’яўляецца пашырэнне аўтарам слоўніка якання на такія імёны, як Венера, Вергілій, Медэя, Меркурый і іншыя. Чамусьці з рэестра гэтага даведніка выпала імя Імануіл.
Сустракаюцца ў слоўніку А. К. Усціновіч і некаторыя прыкрыя недагляды. Так, пры мужчынскіх імёнах Мікіта, Папіла, Фама, Фока стаіць граматычная памета ж. (жаночы род) замест патрэбнай тут паметы м. (мужчынскі род). І наадварот, пры жаночым імені Філарэта бачым граматычную памету м. (мужчынскі род).
На жаль, ні ў анатацыі гэтага слоўніка, ні ў прадмове да яго не сказана, колькі ж афіцыйных уласных імён змешчана ў «Слоўніку асабовых уласных імён» А. К. Усціновіч. Па нашых падліках гэты слоўнік змяшчае 1630 мужчынскіх імён і 861 афіцыйнае жаночае імя. Усяго разам тут лексікаграфічна апісана 2491 афіцыйнае (пашпартнае) уласнае імя. Для параўнання зазначым, што «Слоўнік асабовых імёнаў» У. А. Сарокі (Мн., «Тэсей», 2000) утрымлівае 2610 афіцыйных імён, «Слоўнік асабовых уласных імён» М. Р. Судніка (Мн., «Беларуская навука», 2-е выд., 2005) — 1889 афіцыйных імён, «Слоўнік беларускіх імёнаў» І. Я. Яшкіна (Мн., «Адукацыя і выхаванне», 2009) падае 1242 рэестравыя адзінкі імён.
Нягледзячы на зробленыя ў гэтай рэцэнзіі крытычныя заўвагі, «Слоўнік асабовых уласных імён» А. К. Усціновіч можна разглядаць як своеасаблівую энцыклапедыю беларускіх уласных імён. Прарэцэнзаваны тут слоўнік разам з антрапанімічнымі слоўнікамі У. А. Сарокі, М. Р. Судніка, І. Я. Яшкіна і з фундаментальнымі працамі М. В. Бірылы, М. Я. Грынблата, М. Н. Крыўко, П. У. Сцяцко, Ф. М. Янкоўскага і інш., прысвечанымі вывучэнню асабовых уласных імён, уносіць важкі ўклад у распрацоўку пытанняў беларускага нацыянальнага іменніка, у паказ і ва ўдакладненне яго функцыянавання ў грамадстве.
Мікалай Крыўко,
вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры
імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.
Колькі сказаў пра слоўнік А. К. Усціновіч напісаў у сваім блогу і выкладчык з БДУ к.ф.н. Сяргей Запрудскі.