1. Спісы Карана. Па-арабску قران [qur’ān]. Святая кніга мусульман, кананічны тэкст якой склаўся яшчэ ў VII ст. на арабскай мове. Часта перад і пасля асноўнага тэксту ў спісах Карана змяшчаюцца дадатковыя тэксты на арабскай, беларускай, польскай і цюркскіх мовах.
  2. Тафсіры. Назва паходзiць ад арабскага تفسير [tafsīr], што лiтаральна азначае ‘тлумачэнне’. У рукапіснай спадчыне татараў Вялікага Княства Літоўскага і іх нашчадкаў – беларускіх, літоўскіх і польскіх татараў – рукапісы тафсіраў змяшчаюць арабскі тэкст Карана і пераклад або тлумачэнне на цюркскай, польскай або беларускай мове.
  3. Кiтабы. Назва паходзiць ад арабскага كتاب [kitāb] ‘кнiга’. Звычайна гэта даволi вялiкiя па памеры кнiгi. Яны маюць найбольшую каштоўнасць для славiстаў, бо асноўная частка іх тэксту – гэта арыгінальныя і перакладныя творы на беларускай і польскай мовах. Характэрнымi для кiтабаў з’яўляюцца каментарыі да асобных вершаў Карана, гісторыі пра прарокаў, у тым ліку паданнi пра жыццё i дзейнасць Мухамада, дыдактычныя тэксты і інш. 
  4. Xамаiлы. Назва паходзiць ад арабскага слова حمائل [ḥamā’ilu], множны лiк ад حمالة [ḥimāla(tun)], адно са значэнняў якога – ‘амулет’. Слова ўтворанае ад дзеяслова حمل [ḥamala], які азначае ‘несцi, насiць (з сабой)’. Хамаілы – самая распаўсюджаная катэгорыя рукапісаў татараў Вялікага Княства Літоўскага і іх нашчадкаў. Даследчыкі вылучаюць тры асноўныя падкатэгорыі хамаілаў:
  • Звычайныя хамаілы. Такія хамаілы называліся таксама суфоркамі1. Яны змяшчаюць найбольш запатрабаваныя раздзелы (суры) Карана на арабскай мове, тэксты малітваў на арабскай або цюркскай мове, а таксама тлумачэнні да іх і апісанне правілаў выканання асноўных рытуалаў на беларускай або польскай мове; такі хамаіл быў амаль у кожнага верніка.
  • Малнінскія хамаілы2 акрамя пералічаных тэкстаў змяшчаюць апісанне тых рытуалаў, якія меў выконваць толькі імам (мална), напрыклад правядзенне шлюбу або пахавання. Такія хамаілы значна большыя па аб’ёме.
  • Фалдзейскія хамаілы складаюцца пераважна з замоў ад розных хвароб або рэцэптаў народнай медыцыны, а таксама астралагічных, варажбітных і іншых тэкстаў знахарскага характару.


1 Назва паходзіць ад слова суфра ‘1/30 частка Карана’, якое ў сваю чаргу ўтворана ад араб. سفر [sifr] ‘кніга’ або перс. سيپاره [sipāre] ‘1/30 частка Карана’.

2 Ад бел.-тат. мална, г. зн. мула, імам.


Кандыдат філалагічных навук. Навуковыя інтарэсы: дыялекталогія, анамастыка, лексікалогія і лексікаграфія.

Дадаць каментар