У Літве мне заўсёды добра думаецца і пішацца. Дома трохі не так: мітусня, клопаты і соннае надвор’е. Сёлета быў у літоўцаў два тыдні, вярнуўся яшчэ 10 жніўня, дыі вось толькі сёння закончыў гэтыя нататкі. І тое, нават, мо, і не завяршыў бы, але паабяцаў быў Алёшу, што напішу. 🙂
Шосты раз прыехалі цікаўныя лінгвісты з розных краін на летнюю школу па агульнай і літоўскай граматыцы ў вёсцы Салас, што ў Рокішкіскім раёне на поўначы Літвы (2—9.08.2009). Афіцыйна гэтая нарада называлася Academia Grammaticorum Salensis Sexta. Як па-літоўску – не ведаю. Ды і, здаецца, літоўскай назвы я і не чуў: або карысталіся гэтай лацінскай, або ўжывалі перыфразы.

Асноўныя лектары былі Павел Руткоўскі з Варшаўскага ўніверсітэта і Ніколь Наў з Познаньскага. Яшчэ чакалі Ядвігу Ліндэ, але яна захварэла і не прыехала. Руткоўскі, значыць, як і ў мінулым годзе распавядаў генератыўныя ідэі. Летась гэта былі ўводзіны ў генератывізм з аглядам эвалюцыі і асноўных метадаў, а сёлета – “Phrase Structure in Generative Theory”. Планавалася, што Павел прачытае 4 лекцыі, але ён мужна пагадзіўся прадставіць больш, заняўшы час, які быў вылучаны для хворай Ядвігі Лінды. Павел – эрудыт і добры лектар: эмацыянальны, гумарыстычны, знаходлівы. Думаю, студэнты яго любяць, хоць і праяўлялася ў яго часам ужо звышэкспрэсіўнасць, перабольшаная (на маё вока) артыстычнасць, набытая пад час амерыканскіх стажыровак.

Ніколь Наў прадставіла тэму “Clause combining”, г.зн. пра складаныя сказы. Адна лекцыя была больш-менш ясная, але зусім для мяне не новая: агляд вядомых поглядаў на прэдыкатыўнасць і праблему таго, якія сказы складаныя. Другая лекцыя была ў пары момантаў больш захапляльная, але ў асноўным блытаная і таксама не вельмі новая. Так што астатнія яе даклады (два ці адзін) прайшлі міма мяне.

Прафесар Аксель Хольфут з Інстытута літоўскай мовы прачытаў дзве вельмі цікавыя лекцыі пра сінтаксічныя адносіны. Такі карысны і ясны агляд праблем. Ён часта скарачаў доказы і прыклады і накіроўваў да сваіх артыкулаў (амаль усе прысутныя іх ужо былі вывучылі). На жаль, большасць згаданых яго прац надрукаваны па-літоўску, выйшлі ў інстытуцкіх “Дарбэі” (“Працы”). Часта спасылаўся Хольфут на Мельчука і Карбета (ну, яны – стаўпы вядомыя), а яшчэ на нейкага Звікі са Швейцарыі. Такога я не чытаў, мо, адшукаю. Хольфут, значыць, крытыкаваў традыцыйную тройку сінтаксічных адносін: кіраванне, дапасаванне і прымыканне, а таксама канцэнтраваўся на ідэі “morphology-free synatax”.

Яшчэ для гурманаў прапаноўваў экскурсы ў этымалогію літоўскай мовы прафесар Войцэх Смачыньскі з Кракава. Я не хадзіў, бо зноў жа – па-літоўску, але выглядалі гэтыя таварышы вельмі ўзнёсла і маляўніча. Смачыньскі ж быў адным з натхняльнікаў і любімцаў на вечаровых пасядзелках ля вогнішча.

Гэтыя лекцыі былі, значыць, штодня (па тры пары), а ў пятніцу выступалі з кароткімі паведамленнямі ахвотнікі з маладых.

Арганізатарамі былі вялікія ўстановы, але мала аказалася людзей – канкрэтных працаўнікоў. Праходзіла, значыць, школа пад эгідай Інстытута літоўскай мовы Акадэміі навук, Віленскага ўніверсітэта, Віленскага педагагічнага ўніверсітэта, Клайпедскага ўніверсітэта, Міністэрства культуры і Дзяржаўнага савета падтрымкі навукі. Асноўны цяжар, імпэт і ідэі – ўсё гэта ў чарговы раз ад цудоўнай сям’і прафесара Акселя Хольфута і дацэнта (?) Гіны Кавалюнаітэ. Дапамагалі ім дацэнт Віленскага педуніверсітэта Юдзіта Гепараітэ, выкладчыца Клайпедскага ўніверсітэта Крысціна Ленартаітэ і аспірантка Варшаўскага ўніверсітэта Агнешка Рамбялкоўская. З вялікай удзячнасцю і пяшчотай успамінаю іх усіх: добразычлівыя і самаадданыя! Я быў вельмі ўражаны.

Слухачы – розныя: ад студэнтаў да прафесараў, у асноўным літоўцы; яшчэ пару чалавек з Латвіі, з Польшчы, два з Расіі (піцерцы Аляксей Андронаў і Аня Даўгаветэ).

Імпрэза праходзіла ў маляўнічых мясцінах на беразе возера Дзвірагас. Жылі, адпачывалі і вучыліся мы ў маёнтку 18 стагоддзя. Пейзажы па берагах былі вельмі прывабныя, а вада халодная. Таму купалася толькі пару чалавек, і тое – нагадвала гэта, хутчэй, працэдуру: войкнуў, улез, войкнуў два разы, праплыў кола ці два, да выскоквай на бераг расцірацца. Пашанцавала, што яшчэ стаяла пагода.

Iki pasymatymo! 🙂

Лінгвіст, сербіст, працуе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (кафедра агульнага мовазнаўства). Навуковыя інтарэсы: сербістыка, граматыка, лексікаграфія, камп'ютарная лінгвістыка, методыка выкладання замежнай мовы.

Дадаць каментар