Мікіта Віктаравіч Супрунчук. Субстантыўнае словазмяненне сербскай мовы: сінтэз словаформ.

Мінск: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, 2005. Навуковы кіраўнік — прафесар доктар філалагічных навук Барыс Юсцінавіч Норман.


Загрузіць аўтарэферат. (0,5 Мб)


Ключавыя словы: адушаўлёнасць, варыянтнасць, лік, марфалагічны род, парадыгма,

сербская мова, скланенне, склон, словазмяненне, узаемадзеянне катэгорый, узаемадзеянне лексікі і граматыкі, чаргаванне

Аб’ект даследавання – назоўнікі сучаснай сербскай мовы. Прадмет даследавання – статус, склад, сродкі выражэння і функцыянаванне граматычных катэгорый сербскіх назоўнікаў. Мэта даследавання – пабудаваць фармальную мадэль словазмянення сербскага назоўніка. Агульная метадалогія даследавання вызначана сістэмным падыходам да вывучэння мовы. Асноўны метад – сінхронна-супастаўляльнае апісанне. Выкарыстоўваюцца звесткі параўнальна-гістарычнага і колькаснага характару, элементы семнага аналізу.

Навізна даследавання – у спосабе апісання ўзаемадзеяння лексічнага і граматычнага кампанентаў значэння сербскіх назоўнікаў, які дазваляе мінімальна ўлічваць першы кампанент і будаваць парадыгмы з выкарыстаннем толькі другога. Упершыню ў сербістыцы склоны выяўленыя пры дапамозе спецыяльнай фармальнай працэдуры, апісаная асаблівая форма – нумератыўны склон («множны лік колькасці»). Удасканалена апісанне марфаналагічных чаргаванняў, якія суправаджаюць скланенне назоўнікаў. Па-новаму пададзеныя статус, склад і сродкі выражэння роду, ліку, склону, адушаўлёнасці ў сербскай мове. Разгледжаны найноўшыя змены ў гэтай сферы, а таксама ўзаемадзеянне граматычных катэгорый. Прапанаваная новая класіфікацыя тыпаў скланення. Распрацаваны алгарытм пабудовы любой субстантыўнай парадыгмы па зададзенай граматычнай інфармацыі. Прыцягнуты значны корпус даных, у тым ліку супастаўляльных.

Атрыманыя вынікі могуць быць выкарыстаныя ў камп’ютэрных алгарытмах сінтэзу тэкстаў; у практыцы выкладання сербскай мовы і супастаўляльнай граматыкі славянскіх моў; пры складанні вучэбных дапаможнікаў, курсаў, аднамоўных і двухмоўных слоўнікаў, у тым ліку граматычных; у далейшых даследаваннях па граматыцы славянскіх моў, сацыялінгвістыцы, прыкладной лінгвістыцы. Спроба злічэння словазмянення спатрэбіцца ў працы над электроннымі карпусамі славянскіх тэкстаў, камп’ютэрнымі сістэмамі тэкстапараджэння і перакладу.

Дадаць каментар