У Бішкеку 24–25 кастрычніка 2018 г. прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Нацыянальныя лінгвасферы – сумежныя зоны партнёрства» (Ч. Айтматаў). Канферэнцыя праходзіла ў Кіргізскім нацыянальным універсітэце імя Жусупа Баласагына (дарэчы, гэты ўніверсітэт скончыў выбітны беларускі лінгвіст А. Я. Супрун):
На канферэнцыю прыехалі вучоныя з Расіі, Беларусі, Латвіі, Польшчы і Новай Зеландыі. Беларусь прадставіла Анжаліка Дубасава.
Ад самага ўваходу ва ўніверсітэт удзельнікаў сустракалі арганізатары. Наогул, да гасцей ставіліся з вялікай пашанай – дазвалялі выступаць без рэгламенту (для сваіх рэгламент быў строгі), паўсюль запрашалі першымі, частавалі і дарылі падарункі.
Пленарная частка, прысвечаная асобе і творчасці Чынгіза Айтматава, была вельмі ўрачыстай і праходзіла ў вялікай актавай залі галоўнага корпуса. На пленарным паседжанні прысутнічала сястра пісьменніка (на здымку справа):
Праца ішла ў чатырох секцыях:
- Мова ў кантэксце мастацкай думкі;
- Узаемадзеянне мовы, культуры і соцыуму;
- Праблемы лінгвістыкі ў XXI стагоддзі;
- Сучасныя падыходы да выкладання і вывучэння кіргізскай, рускай і іншых моў.
Анжаліка Дубасава выступала на секцыі «Сучасныя падыходы…» з дакладам «Да методыкі выкладання акцэнтуацыі літоўскай мовы дарослым носьбітам рускай мовы».
Атмасфера ў секцыі была вельмі прыязная, абмеркаванні – канструктыўныя, дакладчыкі выступалі эмацыйна і з запалам. Было шмат цікавага, напрыклад, пра тое, як вучаць замежныя мовы кітайцы – строга па падручніку, ледзь не сінхронна па ўсёй краіне, а само навучанне штодня кантралюецца – аўдыторыі з празрыстымі сценамі, падчас заняткаў ходзяць кантралёры і сочаць, каб выкладчыкі добра працавалі, а студэнты ўважліва слухалі).
Цікава было паслухаць і пра праблемы кіргізаў, што вывучаюць рускую мову. Справа ў тым, што кіргізская мова (яна належыць да цюркскіх моў) мае зусім адрозную ад індаеўрапейскай марфалогію, – няма, напрыклад, катэгорыі роду, а граматычныя значэнні перадаюцца з дапамогай афіксаў: іх можа дадавацца шмат, а іх канкрэтны выбар залежыць ад каранёвых галосных і апошняга зычнага асновы. Кіргізам, канешне, бывае цяжка зразумець логіку ладу рускай мовы, а таксама вывучыць рускі націск (у кіргізскай мове ён пастаянны).
А гэта творчасць студэнтаў філалагічнага факультэта (моўныя сем’і і індаеўрапейскае дрэва моў):
Паколькі канферэнцыя была прысвечана Чынгізу Айтматаву, была і адпаведная культурная праграма. Так, мы наведалі музей Ч. Айтматава (створаны ягонай сям’ёй, пакуль будуецца дзяржаўны).
Гэты партрэт Ч. Айтматава зроблены ніткамі!
А гэта па дарозе:
Потым мы наведалі Мемарыяльны комплекс «Ата-Бейіт». Кіргізы шмат пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій, сям’я Ч. Айтматава – у тым ліку.
Бачылі шмат божых каровак. Цікава, што кіргізы спяваюць такія ж песенькі, што і мы, тыпу:
Божая кароўка,
Паляці на неба:
Там твае дзетачкі.
Ядуць цукерачкі…
Потым паехалі ў горы. Горы вельмі прыгожыя!
У гэты ж час у горадзе было больш за +20 С (гэта ўсё – галоўная плошча Ала-Тоо):
У гарах шмат вавёрак, якія даволі актыўна патрабуюць пачастунку:
Да і пасля шпацыру па гарах быў традыцыйны кіргізскі абед. У кіргізаў гасцей трэба саджаць як мага далей ад парогу – чым далей ты сядзіш, тым большы ў цябе статус. Абед быў падобны да вяселля – быў вядучы і шмат тостаў: тосты казалі амаль усе, спярша – госці, потым – гаспадары. Вядучы кожнага выклікаў, прычым рабіў такі ўступ, каб усе здагадаліся, хто наступны. Былі і песні. Пасля абеду, згодна з традыцыяй, усю ежу раздалі гасцям.
Невялікае падарожжа ў Сярэднюю Азію было плённым і надзвычай цікавым.