А. Я. Міхневіч, Т. Р. Рамза. Словазлучэнне // Кароткая граматыка беларускай мовы : у 2 ч. Ч. 2. Сінтаксіс / навук. рэд. А. А. Лукашанец. – Мінск : Беларус. навука, 2009. – С. 7–37.

Размешчана з ласкавай згоды аўтараў Арнольда Яфімавіча Міхневіча і Таццяны Расціславаўны Рамзы.

Загрузіць тэкст у фармаце pdf (0,5 Mb).


НАРМАТЫЎНЫЯ АСПЕКТЫ СІНТАКСІСУ СЛОВАЗЛУЧЭННЯЎ

Словазлучэнне па-рознаму разумеецца навукоўцамі. Існуюць тры трактоўкі гэтага паняцця ў беларускай лінгвістыцы. Разыходжанні закранаюць як разуменне яго сутнасці («гатовая» гэта адзінка, што існуе «да сказа», ці толькі адзінства, якое ўтвараецца непасрэдна ў выказванні), так і разуменне яго аб’ёму, магчымых кампанентаў, значэння і функцыі.

Большасць айчынных сінтаксістаў разглядае словазлучэнне вузка, як «свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух (або болей) паўназначных слоў, звязаных падпарадкавальнымі адносінамі» (А. І. Наркевіч, Л. П. Падгайскі, М. С. Яўневіч, А. Я. Міхневіч і інш.). Цалкам процілеглае меркаванне належыць Г. Н. Клюсаву, які пад словазлучэннем разумее любое двухчленнае спалучэнне лексем, у тым ліку і службовых слоў са знамянальнымі ці між сабою. Пры гэтым гранічнымі выпадкамі словазлучэння, з аднаго боку, лічыцца сказ (а дакладней, спалучэнне дзейніка і выказніка), а з другога – складанае слова, утворанае ў выніку лексікалізацыі словазлучэння, напр.: пад вечар > падвечар, з-пад ілба > спадылба і г.д. Дэфініцыя Г. Н. Клюсава падкрэслівае сінтаксічны аспект словазлучэння, яго асноўную функцыю: «Сэнсава-граматычнае аб’яднанне («складванне») двух ці больш слоў, узятае не ў выражальна-камунікацыйным, а ў сінтаксічна-канструкцыйным, спалучальна-камбінаторным плане (г. зн. як канкрэтнае праяўленне сувязі слоў), называецца словазлучэннем». Трэці падыход займае становішча між названымі палярнымі трактоўкамі, бо шырэйшы за першы, але значна вузейшы за другі. Згодна з гэтай канцэпцыяй (М. Г. Булахаў, Л. І. Бурак і інш.), да словазлучэння адносяцца аб’яднанні мінімум двух самастойных слоў. А таму імі проціпастаўляюцца прэдыкатыўныя (спалучэнне дзейніка і выказніка) і непрэдыкатыўныя словазлучэнні, да якіх адносяцца не толькі падпарадкавальныя, але і злучальныя, накшталт: хутка і якасна; малады, але дасведчаны; бары, гаі, дубровы і пад. Утварэнне і ўжыванне такіх спалучэнняў падпарадкоўваецца правілам функцыянавання аднародных членаў сказа, і таму іх мэтазгодна разглядаць у сінтаксісе простага сказа.

Разам з тым правамерна размяжоўваюць паняцці словаспалучэнне і словазлучэнне, якія знаходзяцца ў рода-відавых адносінах.

Адна з універсальных уласцівасцей слоў – здольнасць спалучацца з іншымі словамі, або словаспалучальнасць. Словаспалучэнне – гэта комплекс дзвюх або болей слоўнікавых адзінак, незалежна ад іх самастойнасці ці службовасці, паўназначнасці ці сінсемантычнасці, напр.: летні дождж, ідзе снег, да берага; эх, дарогі!; два тыдні, ліха яго бяры!; не хацеў, на кнігу, у адносінах да; маўчы, хлопча; зрабіў бы, хай ідзе, нехта з вас, ні пра што, сказаў “дзякуй”, гучна спяваць і г.д.

Словаспалучэнне як любое аб’яднанне слоў ахоплівае і паняцце словазлучэння і паняцце несловазлучэння. Несловазлучэнне можа ўключаць як раўнапраўныя кампаненты, так і службовыя (звязку, прыназоўнік, злучнік, часціцу, выклічнік).

Да несловазлучэнняў адносяцца:

• спалучэнне дзейніка і выказніка (прэдыкатыўнае спалучэнне): Вецер хмару аднекуль прынёс. (Н. Маеўская);

• спалучэнне аднародных членаў (злучальная злучнікавая і/ці бяззлучнікавая сувязі): Дзень такі празрысты і высокі. (Н. Маеўская); Па расе, па траве, па вадзе босенькі хлопчык кудысьці ідзе. (Н. Маеўская);

• спалучэнне з адасобленымі членамі сказа (паўпрэдыкатыўная сувязь): Вярба, схілёна, мые вецце, бы маладзіца валасы. (Н. Маеўская); Вухне ў садзе, падаючы, яблык. (Н. Маеўская);

• аналітычныя спалучэнні (адным са складнікаў якіх найчасцей з’яўляецца службовае слова):

для дзеяслова:

складаная форма будучага часу: будуць сілкавацца, будзе апавядаць;

складаная форма даўномінулага часу: быў сказаў; былі вярнуліся;

складаная форма загаднага ладу: давайце паплаваем; (ня)хай працуе;

для прыметніка і прыслоўя:

складаная форма вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання: больш каштоўны; менш удалы; самы надзейны; найбольш мэтазгодна;

складаная форма будучага часу (калі прыметнік ці прыслоўе з’яўляюцца часткай выказніка): будзе карысна, будзе дажджлівай;

для назоўніка:

склонавая форма назоўніка з прыназоўнікам: паводле меркавання, у кірунку да метро; дзякуючы дапамозе, з нагоды свята, у сувязі з іспытамі;

для лічэбніка:

састаўныя лічэбнікі: дваццаць сем, пяцьдзесят восьмы, сто адзінаццаць.

У адрозненне ад несловазлучэння, словазлучэнне – акрэслены граматычны тэрмін, якім пазначаецца «свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух або болей знамянальных слоў (разам з адпаведнымі службовымі словамі або без іх), якое служыць для выражэння адзінага, але рачлененага паняцця або ўяўлення» (В. Ахманава) і ўтворана на аснове падпарадкавальнай сувязі, напр.: камп’ютарныя гульні, з музычнага твору, самотніца-восень, трываласць матэрыялу, адчыніць дзверы, хтосьці з іх, па-ранейшаму спакойна, са скрухай заўважыць, збочыць з шашы і інш.

Словазлучэнне адрозніваецца і ад слова, і ад сказа. Калі слова называе нейкі прадмет (асобу, з’яву, факт), то словазлучэнне канкрэтызуе ці характарызуе яго, параўн.: мова і мілагучная мова, царкоўнаславянская мова, родная мова, мова старадрукаў, мова дзіцяці; пісаць і пісаць ліст, пісаць сяброўцы, пісаць акуратна, пісаць з задавальненнем і інш. У адрозненне ад сказа, словазлучэнне заўсёды бінарнае (складаецца не менш як з двух слоў), а сказ можа ўтварацца і з аднаго слова, напр.: Ноч. Зоркі. Цішыня. Акрамя таго, словазлучэнне функцыянуе ў структуры сказа, таму не мае ўласнай інтанацыйнай і камунікатыўнай завершанасці. Словазлучэнне арганізуецца толькі на аснове падпарадкавальнай сувязі, а сказ мае і прэдыкатыўную (сувязь дзейніка і выказніка), і падпарадкавальную, і злучальную.

У адрозненне ад сказа, словазлучэнне не мае прэдыкатыўнага значэння, г. зн. яму не ўласцівыя катэгорыі часу, ладу, асобы, мадальнасці, і таму яно не можа самастойна выконваць камунікацыйных функцый, утвараць закончанае паведамленне. У маўленні словазлучэнні звычайна выступаюць у якасці частак асобных паведамленняў. Так, у сказе Жоўтыя пухаўныя каткі звісалі на вербалозінах, склікаючы пчолак і чмелікаў (Я. Колас) вылучаюцца наступныя словазлучэнні: жоўтыя пухаўныя каткі (жоўтыя каткі, пухаўныя каткі), звісалі на вербалозінах, склікаючы пчолак і чмелікаў (склікаючы пчолак, склікаючы чмелікаў).

Па-за сказам словазлучэнні не могуць быць з дастатковай паўнатой ахарактарызаваныя і ў адносінах інтанацыі, таму што апошняя набывае акрэсленасць і выразна праяўляецца толькі ў акце камунікацыі.

Такім чынам, для словазлучэння аказваюцца нерэлевантнымі, неістотнымі некаторыя аспекты нарматыўнай ацэнкі, што маюць значэнне для характарыстыкі сказа. Разам з тым словазлучэнні, як і ўсе іншыя віды сінтаксічных канструкцый (простыя і складаныя сказы, адасобленыя, далучальныя, параўнальныя і іншыя віды зваротаў і г.д.) атрымліваюць нарматыўную ацэнку-характарыстыку па канструкцыйнай адпаведнасці правілам граматыкі (нарматыўна-граматычная ацэнка) і па мэтазгоднасці іх граматычнага і камунікатыўна-стылістычнага ўжывання (нарматыўна-камунікатыўная ацэнка).

Нарматыўна-граматычная ацэнка свабодных аб’яднанняў паўназначных слоў можа быць здзейснена толькі пры вылучэнні пэўных разрадаў словазлучэнняў. Найбольш агульныя разрады вылучаюцца перш за ўсё ў залежнасці ад колькасці аб’яднаных слоў і тыпу адносінаў паміж імі. На гэтай падставе адрозніваюцца словазлучэнні простыя (двухслоўныя) і складаныя (шматслоўныя), а таксама падпарадкавальныя (злучальныя спалучэнні разглядаюцца ў межах простага сказа).

Нарматыўна-граматычная ацэнка падпарадкавальных словазлучэнняў грунтуецца на аналізе заканамернасцей іх утварэння, а нарматыўна-камунікатыўная ацэнка – на аналізе заканамернасцей ужывання словазлучэнняў у сказах, г. зн. у маўленні. Згодна з гэтым нарматыўная характарыстыка свабодных падпарадкавальных аб’яднанняў паўназначных слоў уключае апісанне некалькіх груп заканамернасцей: утварэння простых падпарадкавальных словазлучэнняў, утварэння складаных падпарадкавальных словазлучэнняў, ужывання простых і складаных падпарадкавальных словазлучэнняў.

Для паўнаты характарыстыкі падпарадкавальных словазлучэнняў трэба ўлічваць шэраг паказчыкаў, большасць якіх мае і нарматыўнае значэнне. Галоўныя з гэтых паказчыкаў такія:

– бінарнасць словазлучэння;

– фармальна-граматычная спалучальнасць слоў;

– марфалагічныя асаблівасці слоў;

– семантыка-сінтаксічная спалучальнасць слоў;

– словаўтваральныя асаблівасці слоў у словазлучэнні;

– віды падпарадкавальнай сувязі слоў;

– сродкі падпарадкавання слоў;

– парадак слоў у словазлучэнні;

– наяўнасць сінонімаў для словазлучэння;

– неадназначнасць (аманімічнасць) словазлучэння;

– семантыка-сінтаксічныя адносіны паміж словамі ў словазлучэнні;

– стылістычныя ўласцівасці словазлучэння;

– даўжыня (аб’ём) словазлучэння;

– сінтаксічная члянімасць словазлучэння;

– спосабы ўскладнення словазлучэння;

– ужывальнасць словазлучэння;

– сэнсавыя асаблівасці словазлучэння.

НАРМАТЫЎНЫЯ АСПЕКТЫ ЎТВАРЭННЯ ПРОСТЫХ ПАДПАРАДКАВАЛЬНЫХ СЛОВАЗЛУЧЭННЯЎ

Бінарнасць словазлучэння. Усе падпарадкавальныя словазлучэнні маюць бінарную структуру, г. зн. што ў іх структуры заўсёды вылучаюцца два члены – галоўны і залежны. Залежны член перадае дадатковую характарыстыку паняцця, якое выражана галоўным членам. У простых падпарадкавальных словазлучэннях галоўны і залежны члены супадаюць са знамянальнымі словамі – іх адпаведнымі словаформамі, напр.: стары дуб, перад падрыхтоўкай да экзамену, рэдагаваць рукапіс, восем гадзін. Ранг члена вызначаецца напрамкам сінтаксічнага падпарадкавання, параўн.: прачытаць > кнігу і прачытаная < кніга, мудры чалавека, кветкі > для маці і маці > з кветкамі, сем > бяроз і сёмая для студэнтаў, каля гуртажытка > для студэнтаў, пайсці > ў грыбы, апісаць > на падставе фактаў, ісці > ў кірунку да вакзала і пад.

Галоўны член простага падпарадкавальнага словазлучэння можа быць выражаны словамі, што належаць да любой з шасці знамянальных часцін мовы: назоўнікам, прыметнікам, займеннікам, прыслоўем, лічэбнікам і дзеясловам. Адпаведна вылучаюцца шэсць асноўных тыпаў падпарадкавальных словазлучэнняў:

назоўнікавыя: хата за лесам, жаданне працаваць, трэці этап, вёска Паплавы, дубы-волаты і пад.;

прыметнікавыя: поўны захаплення, гатовы змагацца, вельмі рухавы;

займеннікавыя: нехта з афіцэраў, штосьці загадкавае, яму з ёй;

прыслоўныя: занадта хутка, справа ад сцяжынкі, нечакана для ўсіх;

лічэбнікавыя: дзесяць месяцаў, другі злева, двое ў шынялях;

дзеяслоўныя: сустракаць гасцей, раптоўна знікнуць, катацца на каньках, паехаў вучыцца, катацца на каньках, паехаў вучыцца; катацца на каньках, паехаў вучыцца; галоўны кампанент якіх выражаецца не толькі спрагальнымі формамі дзеяслова, але і ягонымі асобымі формамі – дзеепрыметнікам і дзеепрыслоўем: напісаны ад рукі, толькі-толькі расквітнелы; самотна курлыкаючы, глыбока асэнсаваўшы.

Свабодныя і несвабодныя словазлучэнні. У залежнасці ад ступені зліцця кампанентаў адрозніваюць свабодныя і несвабодныя словазлучэнні. Свабодныя словазлучэнні ўтвараюць словы з самастойным лексічным значэннем, кожнае з якіх мае сваю сінтаксічную ролю ў сказе, напр.: гістарычны нарыс, уважліва выслухаць. Несвабодныя словазлучэнні складаюцца са слова і спалучэння лексічна несамастойных слоў, якія ў сказе выконваюць функцыю аднаго члена сказа, напр.: правучыцца тры семестры, спатрэбіцца дзень хадзьбы, хлопец з шырокімі плячыма, свята 8 Сакавіка. Сярод несвабодных словазлучэнняў адрозніваюць сінтаксічна, фразеалагічна і метафарычна непадзельныя.

Сінтаксічна непадзельныя – гэта словазлучэнні, лексічна звязаныя і нечлянімыя толькі ў пэўным кантэксце. Да іх адносяцца:

• колькасна-іменныя спалучэнні двух знамянальных слоў: На старонках летапісу Тураў упамінаецца ўпершыню ў 980 годзе. (В. Вольскі);

• спалучэнні з выдзяляльным значэннем: У 40-ых гадах ХІХ стагоддзя Напалеон Орда з’яўлязся дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы – аднаго з самых знакамітых тэатраў Еўропы. (“Звязда”);

• азначальныя спалучэнні з двух знамянальных слоў: Гняздо бусла знаходзіцца на высокай алешыне са зрэзанай вяршалінай. (В. Вольскі);

• спалучэнні дапаможнага (паўслужбовага) і знамянальнага слова: Прыйсці ўжо гразіцца зіма… (Н. Маеўская); Ці ж варта варушыць балючае – былое… (Я. Янішчыц);

• спалучэнні двух знамянальных слоў (апісальныя аналітычныя спалучэнні): А мы баімся прытулак яму даць. (І. Шамякін) (=прытуліць)

Фразеалагічна непадзельныя – гэта словазлучэнні, лексічная несамастойнасць кампанентаў якіх выяўляецца ў любым кантэксце, напр.: Будзе мне сніцца ў квецені вішня, сцежка, якою ў свет белы выйшла. (Н. Маеўская); Млечны Шлях мне кладзецца пад ногі… (Н. Маеўская).

Метафарычна непадзельныя – гэта ўстойлівыя спалучэнні, галоўнае слова якіх набывае новае значэнне праз метафарычны перанос, напр.: Так, сумненняў трывожны сувой раскаціўся маркотнай дарогай. (Н. Маеўская) (пры прамым значэнні – сувой матэрыі); Ужо гады на восень хіляць, хада мая – усё цяжэй. (П. Макаль)

Фармальна-граматычная спалучальнасць слоў. Выбар залежнага члена падпарадкавальнага словазлучэння вызначаецца перш за ўсё фармальна – прыналежнасцю слова да адпаведнай часціны мовы. У беларускай мове дзейнічаюць наступныя правілы спалучэння часцін мовы:

назоўнік + назоўнік, прыметнік, займеннік, прыслоўе, лічэбнік, дзеяслоў;

прыметнік + назоўнік, займеннік, прыслоўе, дзеяслоў;

займеннік + назоўнік, прыметнік, займеннік, лічэбнік;

прыслоўе + назоўнік, займеннік, прыслоўе;

лічэбнік + назоўнік, займеннік, прыслоўе, лічэбнік;

дзеяслоў + назоўнік, займеннік, прыслоўе, дзеяслоў.

Такім чынам, у залежнасці ад узаемаспалучальнасці часцін мовы існуе 25 фармальна-граматычных разрадаў простых падпарадкавальных словазлучэнняў:

назоўнікава-назоўнікавыя: кара бярозы, прызыў на службу,

назоўнікава-прыметнікавыя: лёгкія хмары, бацькава хата,

назоўнікава-займеннікавыя: ягоныя дзеці, мары пра яе,

назоўнікава-прыслоўныя: заняткі зранку, дзверы насупраць,

назоўнікава-лічэбнікавыя: дом дзевяць, першы снег,

назоўнікава-дзеяслоўныя: жаданне вучыцца, просьба прыехаць;

прыметнікава-назоўнікавыя: рады сустрэчы, сумны ад гора,

прыметнікава-займеннікавыя: смялейшы за ўсіх, гатовы для нас,

прыметнікава-прыслоўныя: незвычайна смелы, па-асенняму шэры,

прыметнікава-дзеяслоўныя: павінныя працаваць, гатовая адмовіцца,

займеннікава-назоўнікавыя: хтосьці з гасцей, яна з сястрой,

займеннікава-прыметнікавыя: каму-небудзь знаёмаму, нешта сур’ёзнае,

займеннікава-займеннікавыя: мы з вамі, штосьці з гэтага;

займенніка-лічэбнікавыя: кожны трэці, хто-небудзь з двух,

прыслоўна-назоўнікавыя*: далёка ад горада, напярэдадні вайны,

прыслоўна-займеннікавыя*: зблізу ад іх, вышэй за ўсіх,

прыслоўна-прыслоўныя: зусім хутка, па-ранейшаму цёпла,

лічэбнікава-назоўнікавыя: адзінаццаць жэрдак, пяты ад канца,

лічэбнікава-займеннікавыя: сямёра з вас,

лічэбнікава-прыслоўныя: трэці знізу, двое ззаду,

лічэбнікава-лічэбнікавыя: чатыры з шасці, дзве пятыя;

дзеяслоўна-назоўнікавыя: касіць траву, кіраваць інстытутам,

дзеяслоўна-займеннікавыя: папрасіць яе, пагутарыць з усімі,

дзеяслоўна-дзеяслоўныя: хачу спытацца, паехалі дапамагаць,

дзеяслоўна-прыслоўныя: трошкі спазніцца, сустрэцца адвячоркам.

Маўленчая рэалізацыя кожнага з 25 разрадаў падпарадкавальных словазлучэнняў залежыць ад марфалагічных, семантыка-сінтаксічных (або лексіка-граматычных) і словаўтваральных асаблівасцей канкрэтных слоў, з якіх утвараюцца словазлучэнні.

(* прыслоўе ў такіх спалучэннях функцыянальна набліжаецца да прыназоўніка і часта пераходзіць у яго; гл. пра такі пераход найноўшыя даследаванні праф. М.І.Канюшкевіч)

Марфалагічныя асаблівасці слоў. Марфалагічныя абмежаванні словаспалучальнасці дзейнічаюць у межах кожнага з фармальна-граматычных разрадаў словазлучэнняў. Так, назоўнікі далучаюць да сябе ў якасці залежнага члена толькі неасабовыя формы дзеяслова: дзеепрыметнікі, інфінітывы і зрэдку дзеепрыслоўі, напр.: недачутае слова, загад наступаць, паварот налева.

Скланяльныя формы і разрады слоў (напр., дзеепрыметнікі і парадкавыя лічэбнікі) лёгка спалучаюцца з назоўнікам на ўзор прыметніка, але прыналежныя займеннікі ў залежнасці ад марфалагічнай формы (яго, іх – ягоны, іхні) па-рознаму звязваюцца з назоўнікамі, якія яны замяшчаюць і якія азначаюцца імі. Сістэма літаратурнай мовы абмяжоўвае спалучальнасць дзеепрыметнікаў незалежнага стану цяперашняга часу на -учы, -ючы з назоўнікамі. Не спалучаюцца асабовыя займеннікі з прыметнікамі. Парадкавыя лічэбнікі могуць падпарадкоўваць назоўнікі толькі пры дапамозе прыназоўніка і г.д.

Для нарматыўнасці словазлучэння могуць мець значэнне і асобныя марфалагічныя катэгорыі: трыванне, час і інш. Так трыванне дзеяслова абумоўлівае магчымасць далучэння прыслоўя пэўнага тыпу і семантыкі, параўн.: часта прыходзіць, нечакана прыйсці, але не *часта прыйсці.

Даследаванне і апісанне падобных марфалагічных абмежаванняў складае важны аспект нарматыўнай характарыстыкі словазлучэнняў.

Семантыка-сінтаксічная спалучальнасць слоў. Іншы тып абмежаванняў пры рэалізацыі фармальна-граматычных разрадаў словазлучэнняў утвараюць правілы спалучэння слоў, якія належаць да асобных, сінтаксічна значымых лексічных груповак. Так, дзеясловы са значэннем стану прадмета падзяляюцца на дзве падгрупы: дзеясловы нязменнага стану (спаць, вісець, ляжаць, тырчаць, драмаць і пад.) і дзеясловы зменнага стану (таўсцець, чырванець, ніжэць, разумнець, лягчэць і пад.), і толькі другая падгрупа спалучаецца з прыслоўямі, якія ўказваюць на інтэнсіўнасць дзеяння (хутка, імгненна, раптоўна, знянацку і пад.).

Другім прыкладам могуць служыць назоўнікі са значэннем ёмішча, якія, у адрозненне ад назоўнікаў іншай семантыкі, рэгулярна ўтвараюць колькасныя словазлучэнні (вядро пяску, шапка груш, шафа папер, вагон торфу і пад.).

Асабовыя імёны не спалучаюцца з прыметнікамі; інфінітыў прымыкае толькі да тых дзеясловаў, што маюць мадальнае (хацець вучыцца, магчы працаваць), фазавае (пачаць расказваць, скончыць спяваць, працягваць гуляць), рухальнае (бегчы ратаваць, нахіліцца разгледзець), маўленчае (абяцаць прыехаць, згаджацца пагасціць, дамаўляцца сустрэцца), каўзальнае значэнне (прасіць прыехаць, раіць не спяшацца, загадваць пастроіцца).

Вывучэнне семантыка-сінтаксічнай спалучальнасці слоў можа даць шмат як уласна граматычнай, так і арталагічнай (нарматыўнай) інфармацыі.

Словаўтваральныя асаблівасці слоў у словазлучэнні. Словаўтваральная характарыстыка членаў словазлучэння істотная ў многіх адносінах.

Перш за ўсё варта адзначыць, што словаўтваральныя асаблівасці слоў нярэдка вызначаюць іх спалучальнасць. Так, дзеепрыслоўі падпарадкоўваюцца пераважна аддзеяслоўным назоўнікам (размовы стоячы, чытанне лежачы). Прыметнікі вышэйшай ступені параўнання з суфіксамі -ейш, -эйш дапасуюцца да назоўнікаў, а з суфіксамі -ей, -эй прымыкаюць да іх, прычым, апошні тып словазлучэнняў хоць і ўжываецца ў мастацкіх творах і вусным маўленні, выходзіць за межы нормы сучаснай літаратурнай мовы.

Трэба ўказаць таксама на наяўнасць шматлікіх радоў, або серый, словазлучэнняў, звязаных з тоеснасцю лексіка-семантычнага зместу пры адрозненні іх фармальна-граматычнай будовы, напр.: прыгожы краявід – прыгажосць краявіду; чытаць кнігу – чытанне кнігі. Такія функцыянальна-пазіцыйныя варыянты словазлучэнняў выконваюць у сказах розныя сінтаксічныя ролі. Гэта дазваляе паставіць пытанне аб вытворнасці / невытворнасці словазлучэнняў, аб сістэмных адносінах паміж рознымі фармальна-граматычнымі разрадамі, аб відах сінаніміі паміж словазлучэннямі і інш.

Асобную праблему складае лексічнае словаўтварэнне і звязаныя з ім выпадкі змешвання аднакаранёвых слоў і парушэння правілаў утварэння словазлучэнняў, параўн.: пускацца ў авантуры, схільны да авантурызму і *пускацца ў авантурызм; аплаціць праезд, плаціць за праезд і *аплаціць за праезд; прад’явіць патрабаванне, праявіць патрабавальнасць і *прад’явіць патрабавальнасць; боль ад раны, балючасць раны і *балючасць ад раны.

У залежнасці ад словаўтваральных асаблівасцей галоўнага слова словазлучэнні можна падзяліць на першасныя (невытворныя) і другасныя (вытворныя), напр.: выйсці наперад > выхад наперад. Апошняе словазлучэнне з’яўляецца другасным. Пра гэта сведчыць і тое, што спалучальнасць дзеяслова з прыслоўем рэалізуецца шырока і паслядоўна, а сувязь назоўніка з прыслоўем адносіцца да перыферыі сістэмы словазлучэнняў.

Першасныя і другасныя сінтаксічныя сувязі маюць месца і ў такіх выпадках, як ісці дадому > дарога дадому, увайсці ў сені > дзверы ў сені, падарыць дзяўчыне кветкі> кветкі для дзяўчыны і пад.

Марфалагічныя, семантыка-сінтаксічныя і словаўтваральныя ўласцівасці слоў, што ўтвараюць словазлучэнні, рэгулярна ўзаемадзейнічаюць, ускладняючы агульныя заканамернасці пабудовы свабодных спалучэнняў паўназначных слоў.

Віды падпарадкавальнай сувязі слоў. Падпарадкавальная (=гіпатаксічная, субардынацыйная) сувязь аб’ядноўвае галоўны і залежны ад яго кампанент, напр.: прасіць прабачэння, плёск хваляў, слуцкія паясы, задужа рухавы. Граматычная залежнасць абумоўліваецца тым, што залежны кампанент прымае тую граматычную форму, якая дыктуецца ўласцівасцямі галоўнага слова як пэўнай часціны мовы. Падпарадкавальная сувязь можа быць непасрэднай і апасродкаванай (праз прыназоўнікі ці іх эквіваленты), напр.: вызначаны густам, паэты-перакладчыкі, шчыраваць над ружамі, адмовіцца з прычыны дрэннага настрою, рухацца ў кірунку да плошчы Незалежнасці.

Абавязковая (аблiгаторная) сувязь выяўляецца тады, калi залежнае слова неабходнае для рэалізацыі значэння галоўнага кампанента, напр.: знаходзiцца ў вёсцы (за дрэвам, пад вадой, на сенажацi, …); валасы пшанічнага (цёмнага, светлага, дзіўнага, …) колеру; неабавязковая (факультатыўная) – калі залежны кампанент толькі магчымы: прыцішыць хуткасць [на скрыжаванні]; прымерыць [модную] абноўку. Прадказальная падпарадкавальная сувязь выяўляецца тады, калi адзін кампанент прадвызначае форму іншага (напр., вінавальны склон пры пераходных дзеясловах: прачытаць рукапіс, дэкламаваць вершы; форма прыметніка пры назоўніках: даччыно дзіцё, з цудоўным голасам і пад.). Непрадказальнай будзе сувязь, калі форма залежнага кампанента абумоўліваецца не столькі ўласцiвасцямi галоўнага слова, колькі кантэкстам, напр.: сустрэцца… ранкам, у кавярні, з кліентам, перад вылетам, дзеля цябе, праз тры гады, а 17.00, для размовы, пасля вячэры; гаршчок … кашы, з кашай, з-пад кашы, для кашы.

Згодна з марфалагічнымі і семантычнымі ўласцівасці слоў у беларускай мове вылучаюць тры асноўныя віды падпарадкавальнай сувязі: дапасаванне, кіраванне і прымыканне.

Дапасаванне – такі від сувязі, калі залежнае слова па словазмяняльных катэгорыях прыпадабняецца да галоўнага, г. зн. паўтарае яго формы роду, ліку і склону. Калі прыпадабненне ахоплівае ўсе названыя катэгорыі, яно з’яўляецца поўным, у іншых выпадках – няпоўным: ліпеньскі мёд, першая ластаўка, любое выказванне, мае сябры, машына-лесавоз.

Пры дапасаванні ўзнікаюць азначальныя адносіны, і пры змене формы галоўнага слова адпаведна змяняецца форма залежнага, напр.: спелае жыта (наз. скл.), спелага жыта (род. скл.), спеламу жыту (дав. скл.), па спелым жыце (месн. скл.).

У якасці залежнага слова выкарыстоўваюцца прыметнікі, дзеепрыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, займеннікі (прыналежныя, указальныя, азначальныя, неазначальныя нейкі, якісьці, абы-які); граматычны сродак сувязі – канчатак: гэты першы зімовы некрануты снег, гэтага першага зімовага некранутага снегу…, гэтыя першыя зімовыя некранутыя снягі і г.д. У якасці галоўнага слова могуць быць не толькі назоўнікі, але любая часціна мовы ці форма слова, якія выконваюць ролю назоўніка (г. зн. субстантывуюцца, пры гэтым могуць заставацца нязменнымі), напр.: наша заўтра, самотнае «бывай», тваё «ага», звонкае «ку-ка-рэ-ку».

Сувязь дапасаванне ўзнікае і пры спалучэнні назоўніка з колькаснымі лічэбнікамі 2, 3, 4, якія патрабуюць ад яго форму назоўнага склону множнага ліку, напр.: два падручнікі, тры сканеры, чатыры факсы (але назоўнікі, якія маюць націскны канчатак, кіруюцца гэтымі лічэбнікамі, бо маюць форму роднага склону былога парнага ліку: два плячы, дзве галавы, тры вядры, тры ракі, чатыры сястры і пад.).

Колькасныя лічэбнік ад 5-і, а таксама няпэўна-колькаснае слова некалькі кіруюць назоўнікам у назоўным і вінавальным склонах, ва ўсіх астатніх – дапасуюцца да яго, параўн.: шэсць канспектаў і шасці канспектаў, шасці канспектам, з шасцю канспектамі; некалькі чалавек і некалькіх чалавек, некалькім чалавекам і пад.

Дапасаванне дзеяслова да назоўніка адбываецца па-за межамі сістэмы словазлучэнняў – у прэдыкатыўных спалучэннях: зіма прайшла, лета прайшло, год прайшоў, дні прайшлі.

Кіраванне – гэта від сувязі, калі галоўнае слова вымагае склонавую або прыназоўнікава-склонавую форму назоўніка ці займенніка, якая захоўваецца пры ўсіх змяненнях галоўнага кампанента словазлучэння: чытаць кнігу, чытаю кнігу, чытаў бы кнігу, чытай кнігу; цікавіўся кнігамі, цікавячыся кнігамі і г.д.; размова з сынам, размовы з сынам, размовамі з сынам і г.д.; здольны да навукі, здольнага да навукі…; здольнасць да навукі, здольнасцямі да навукі і г.д.

У якасцi залежнага могуць выступаць толькi словы з прадметным значэннем (назоўнікі ці субстантываваныя словы). Граматычныя сродкі сувязі: а) канчатак: любуюся даляглядам; б) канчатак і прыназоўнік: клапаціцца пра бацькоў; в) толькі прыназоўнік (пры нязменных словах): звярнуцца да маці, распавядаць пра кенгуру.

Адрозніваюцца два падвіды кіравання – моцнае і слабае. Пры моцным кіраванні форма залежнага слова вызначаецца непасрэдна лексіка-граматычнымі ўласцівасцямі галоўнага члена словазлучэння: будаваць завод, карыстацца правам, спадзявацца на дапамогу, поўны захаплення, прыезд дэлегацыі. Пры слабым кіраванні выбар залежнай формы залежыць не столькі ад спецыфікі галоўнага слова, колькі ад мэты паведамлення: адпачываць у лесе / на канапе / пасля абеду / перад экспедыцыяй; кветкі на лузе / у вазе / для гасцей і г.д.

Прымыканне – від сувязі, калі сэнсавая суаднесенасць галоўнага і залежнага слова выяўляецца не ў марфалагічнай будове апошняга, а ў яго сінтаксічнай пазіцыі. Прымыкаюць перш за ўсё словы марфалагічна нязменныя (прыслоўі, дзеепрыслоўі, інфінітыў і нязменныя прыметнікі), а таксама словы, словазменныя катэгорыі якіх не маюць сінтаксічнага значэння (прыслоўі, што маюць ступені параўнання), напр.: вёска наводдаль, тройчы герой, льецца не сцiхаючы, умеў рамантаваць, пачало змяркацца, перастала дажджыць, мусiў iсцi, любіў пагаманіць, кава мока, спадніца плісэ, ехаць хутка / хутчэй і пад. Граматычна залежнасць перадаецца з дапамогай iнтанацыi (у маўленні) i парадку слоў, параўн: Прыступкі разбурыліся знізу. – Прыступкі знізу разбурыліся. Пры прымыканні ўзнікаюць адносіны акалічнасныя (пры дзеясловах і прыслоўях), азначальныя (пры назоўніках) ці дапаўняльныя, або камплетыўныя (пры семантычна недастатковых дзеясловах, найперш фазавых і мадальных, а таксама колькасных лічэбніках і няпэўна-колькасных словах).

Асобным выпадкам гэтага віду падпарадкавальнай сувязі з’яўляецца іменнае прымыканне: горад Масты, горада Масты, у горадзе Масты. Іменнае прымыканне часам грунтуецца на лексікалізацыі той ці іншай формы імені, напр.: вярнуцца познім вечарам (тв. скл.) > вярнуцца вечарам / увечары, а таксама лес вечарам, прыгожая вечарам (прыслоўе – лексікалізаваная форма творнага склону назоўніка).

Мяжа паміж слабым кіраваннем і іменным прымыканнем. Праблема размежавання сувязі кіравання і прымыкання ўзнікае ў тых выпадках, калі залежны кампанент мае склонавую форму назоўніка (як пры кіраванні), а адносіны выражаюцца акалічнасныя (як пры прымыканні), напр.: есці на хаду, сон на досвітку, працаваць з ранку да вечара. І таму асноўным крытэрыем для вызначэння тыпу граматычнай сувязі ў словазлучэнні будуць яго семантыка-сінтаксічныя адносіны (граматычнае значэнне) і «застыласць», нязменнасць формы залежнага кампанента.

Сувязь іменнае прымыканне ўласцівая:

а) дзеяслоўным словазлучэнням, залежнае слова якіх прадстаўлена нязменнай прыназоўнікава-склонавай формай назоўніка, бо такая форма не кіруецца галоўным словам і мае акалiчнаснае, а не прадметнае значэнне: зжоўк без часу, беглi да знямогi, вярнуліся пад вечар, ішлі пад дажджом (параўн.: зжоўк без вады, беглі да суседа, вярнуліся пад дах, ішлі пад парасонам – сувязь слабае кіраванне (аб’ектнае значэнне);

б) назоўнікавым словазлучэнням, залежнае слова якіх прадстаўлена прыдаткам – адным словам ці цэлым спалучэннем, што не кіруецца галоўным словам, і адносіны паміж кампанентамі не аб’ектныя, а азначальнныя, напр.: штотыднёвік «ЛіМ», станцыя Вязынка, шаша Мінск – Варшава, кафэ «У Францыска», прынцып «не нашкодзь».

Сувязь слабае кіраванне ўласцівая тым словазлучэнням, дзе залежны кампанент мае прыназоўнікава-склонавую форму назоўніка і адносіны паміж кампанентамі аб’ектныя, напр.: націснуць на клавішы, гуляць у шахматы, гуляць з дзіцем, гуляць на дзіцячай пляцоўцы, расшчапіць сякерай, расшчапіць на трэскі. Аднак праз тое, што залежны кампанент словазлучэння мае прыназоўнікава-склонавую форму назоўніка, нярэдка адна і тая ж сінтаксічная з’ява кваліфікуецца і як слабае кіраванне, і як іменнае прымыканне.

Сродкі падпарадкавання слоў. Адносіны сінтаксічнай падпарадкава-насці паміж членамі словазлучэння афармляюцца з дапамогай канчатка, прыназоўніка і канчатака ці толькі прыназоўніка, словапарадку (сінтаг-матычным суразмяшчэнні) і – у сказавым кантэксце – інтанацыі, напр.:

маляўнічы далягляд , родныя прасторы (канчатак);

здзіўляцца з таленту, разважаць над праблемай (прыназоўнік і канчатак);

паехаць на метро, запрасіць у кіно (прыназоўнік).

Радкі / зверху зусім сцёрліся. і Радкі зверху / зусім сцёрліся. (інтанацыя)

Радкі зверху зусім сцёрліся. і Радкі зусім сцёрліся зверху. (парадак)

Аднак часцей за ўсё пералічаныя спосабы афармлення сінтаксічнай сувязі камбінуюцца, утвараючы комплексы сінтаксічных сродкаў.

Асаблівую значнасць у нарматыўна-граматычным плане ацэнкі падпарадкавальных словазлучэнняў мае прыназоўнік. Існуе шэраг актуальных пытанняў, звязаных з нормамі яго ўжывання: варыятыўнасць склонавых формаў пры адным і тым жа прыназоўніку (рабіць па даручэнню / рабіць па даручэнні), сінаніміка прыназоўнікаў (ісці к лесу – ісці да лесу, жыць дзеля сына – жыць для сына) пашырэнне сферы функцый асобных прыназоўнікаў (план распрацоўкі – план па распрацоўцы, меры для аховы – меры па ахове і падобныя выпадкі ўжывання па), узнікненне і колькаснае павелічэнне стылістычна маркіраваных складаных прыназоўнікаў (з улікам, з мэтай, у інтарэсах, у параўнанні з, у кірунку да, па дамоўленасці з, з часоў і інш.).

Парадак слоў у словазлучэнні. Парадак слоў у простым падпарадкавальным словазлучэнні ў нарматыўна-граматычным аспекце можа быць ахарактарызаваны як адносна ўстойлівы. Пры гэтым выяўляюцца наступныя тэндэнцыі.

1. Усе дапасаваныя залежныя члены стаяць перад галоўным словам: маладыя галасы, памытая падлога, сёмы том, нашы лясы, найсмялейшы хлопчык, да восьмай гадзіны і г.д. Адваротны, інверсійны парадак слоў у такіх выпадках звязаны з умовамі кантэкставага ўжывання словазлучэння, параўн., у прыватнасці: да пятай гадзіны – гадзіны да пятай; нашы лясы – лясы нашы .

2. Залежныя члены ў кіруемых склонавых формах знаходзяцца звычайна пасля галоўнага слова: майстраваць шпакоўню, гай за ракой, поўны радасці, злева ад дарогі, восьмы з краю, адзін з сяброў і г.д. У постпазіцыі размяшчаюцца і залежныя члены, выражаныя словамі непрыметнікавага скланення: дубы-волаты, над ракой Арэсай, дом шаснаццаць, кватэра-аднапакаёўка, а таксама: намер паспрачацца, сядзець дрэмлючы і пад.

3. Залежныя члены, выражаныя незмяняльнымі словамі, могуць размяшчацца як перад, так і пасля галоўнага слова ў адпаведнасці з іх функцыяй (найперш у кантэксце выказвання): усюды шукаць – шукаць усюды, апоўначы прыехаць – прыехаць апоўначы, па-ранейшаму дужы – дужы па-ранейшаму.

Напр., у сказе Спаткаліся двое на вуліцы тлумнай, ля клумбы асенняй, пад ліпаю сумнай (Т. Дзмітрусёва) словазлучэнні на вуліцы тлумнай, ля клумбы асенняй, пад ліпаю сумнай маюць адваротны парадак слоў, бо дапасаваныя азначэнні стаяць пасля галоўнага слова (пры прамым парадку слоў было б: на тлумнай вуліцы, ля асенняй клумбы, пад сумнай ліпаю). У сказе Позняга лета святло вочы пяшчотна трывожыць (Т. Дзмітрусёва) словазлучэнні позняга лета святло і вочы трывожыць маюць адваротны парадак, бо ў абодвух выпадках кіруемыя залежныя словаформы стаць перад галоўнымі (пры прамым парадку слоў было б: Святло позняга лета пяшчотна трывожыць вочы).

Наяўнасць сінонімаў для словазлучэння. Сінаніміка словазлучэнняў азначае іх максімальную сэнсавую тоеснасць. Семантыка сінтаксічных сінонімаў тоесная, форма – адрозная, г. зн., яны маюць адзін тып семантыка-сінтаксічных адносінаў (граматычнае значэнне), але розную граматычную сувязь (сродкі выражэння падпарадкавання), напр.: жытні хлеб – хлеб з жыта, зірнуў праз акно – зірнуў у акно, ад Дзвіны пацягнула – з Дзвіны пацягнула , бегчы сцяжынкаю – бегчы па сцяжынцы. Найбольш разнастайнымі ў адносінах сінаніміі з’яўляюцца словазлучэнні з прыназоўнікамі. Так, рускамоўнай канструкцыі з прыназоўнікам па адпавядае шэраг уласных беларускіх канструкцый з прыназоўнікам ці без яго, напр.: жить по соседству – жыць у суседстве, у суседзях, суседзямі; организовать по инициативе – арганізаваць з ініцыятывы, пры ініцыятыве, ініцыятывай, паводле ініцыятывы; сделать по принуждению – зрабіць пад прымусам, з прымусу, прымусова, з-пад прымусу; по происхождению – паходжаннем, паводле паходжання, з паходжання.

Шматлікія простыя словазлучэнні маюць паралельныя сінанімічныя канструкцыі. Частка такіх сінонімаў звязана з магчымасцямі ўтварэння словазлучэнняў, частка – з кантэкставай сінанімізацыяй. Да ліку першых адносяцца, напр.:

а) сінонімы, што адрозніваюцца склонавымі формамі: спрэчкі між сяброў – спрэчкі між сябрамі,

б) сінонімы, што адрозніваюцца прыназоўнікамі: працаваць дзеля перамогі – працаваць для перамогі, парашкі ад кашлю – парашкі супроць кашлю;

в) сінонімы з адрознымі прыназоўнікамі і флексіямі: марыць аб вясне – марыць пра вясну, ісці к брату – ісці да брата;

г) сінонімы, якія адрозніваюцца наяўнасцю / адсутнасцю прыназоўніка: скрып калёсаў – скрып ад калёсаў, двое з супрацоўнікаў – двое супрацоўнікаў; нехта знаёмы – нехта са знаёмых;

д) сінонімы-трансформы: човен брата – братаў човен, пачаць разважаць – пачаць разважанне.

Колькасць тыпаў сінанімічных адносінаў значна ўзрасце, калі выйсці за межы двухслоўных (але па-ранейшаму двухчленных) словазлучэнняў, напр.: сівабароды дзед – дзед з сівою барадою, дом сем – дом нумар сем, ісці павольна – ісці павольнаю хадою і пад.

Семантыка-сінтаксічныя адносіны паміж словамі ў словазлучэнні. Семантыка-сiнтаксiчныя адносiны ў словазлучэнні ўзнікаюць паміж яго кампанентамі на аснове ўзаемадзеяння лексiчных значэнняў слоў-складнікаў i iх граматычных формаў. Семантыка-сінтаксічныя адносіны паміж членамі простага словазлучэння вельмі разнастайныя, аднак яны могуць быць абагульнена прадстаўлены некалькімі тыпамі: адносіны азначальныя, аб’ектныя, суб’ектныя, камплетыўныя і акалічнасныя. У межах кожнага тыпа існуюць прыватныя значэнні; акрамя таго могуць быць змешаныя падтыпы: адносіны аб’ектна-азначальныя, азначальна-акалічнасныя і іншыя.

Азначальныя, ці атрыбутыўныя, адносiны ўказваюць на прадмет і яго прымету, таму ўзнiкаюць пры ўзаемадзеяннi назоўнiка з тымі часцінамі мовы, якія абазначаюць прымету: прыметнiкамi, дзеепрыметнікамі, указальнымі, прыналежнымі, азначальнымі, некаторымі няпэўнымі займеннiкамі, парадкавымi лiчэбнікамі, напр.: зорнае неба, гэткае здарэнне, твая залікоўка, увесь горад, якісьці хлопец, нечы адказ, трэцяе выпрабаванне.

Азначальныя адносiны ўласцівыя і тым словазлучэнням, залежнае слова якіх з’яўляецца iнфiнiтывам ці нязменным прыметнікам або назоўнікам са значэннем маўлення, напр: ахвота працаваць, імкненне аберагчы; азбука морзэ, крой рэглан; словы ўдзячнасці, лекцыя дэкана.

Аб’ектныя адносiны ўказваюць на дзеянне і прадмет, на які дзеянне пераходзіць; узнiкаюць перадусім пры ўзаемадзеяннi дзеясловаў (у тым лiку іхніх формаў – дзеепрыметнікаў i дзеепрыслоўяў) з назоўнікамі: раздрукаваць нататку, рэкламаваць спажыўцам, узляцеўшы на дрэва, характарыстыка супрацоўніку, капаць рыдлёўкай, дзякаваць за дапамогу, атрымаць ад дзядулі, убачыць траiх, запрасiць сямнаццаць чалавек.

Аб’ектныя адносiны ўласцівыя словазлучэнням з галоўным словам прыметнiкам: падобны да бацькi, гатовы да сяўбы, ласкавы з дачкой, назоўнікам, што суадносіцца з дзеясловам: паведамленне пра навальнiцу, спагада да людзей, рэцэнзія на кнігу, сузмесце артыкула і інш.

Суб’ектныя адносiны (як разнавіднасць аб’ектных) указваюць на дзеянне і яго ўтваральніка, узнiкаюць у словазлучэннях з дзеясловамi i дзеепрыметнікамі залежнага стану. Залежная форма назоўнікаў (творны склон) абазначае дзеяча: чытаецца наведвальнікамі, зацягнулася хмарамі, вызвалены армiяй, перакулены вадой, вернуты братам; па аналогii могуць быць i назоўнікавыя словазлучэннi: абмеркаванне ўрадам, вызваленне прызыўной камiсiяй, у тым ліку і з родным склонам: гоман людзей, з’яўленне аўтамабiля, ад’езд капiтана, смех дзіцяці, бо ўстанаўліваюцца адносiны ‘дзеянне i дзеяч’.

Камплетыўныя, ці дапаўняльныя, адносiны – гэта вынік сэнсавай недастатковасці галоўнага слова, а таму ўзнікаюць такія адносіны ў сінтаксічна несвабодных спалучэннях (са значэннем меры, колькасці, часткі, сукупнасці, дапаўняльнасці). Гэтыя адносіны, як правіла, накладваюцца на адзін з тыпаў ужо названых адносінаў і сігналізуюць пра непадзельнасць спалучэння, напр.: чатыры вуглы, мех бульбы, шклянка сырадою; сустрэцца два разы, чакаць з тыдзень; мусіў прызнацца, варта патэлефанаваць, пачало дажджыць. (Некаторыя лінгвісты вылучаюць асобна колькасныя адносіны, якія ўзнікаюць пры спалучэнні лічэбнікаў ці слоў са значэннем колькасці з назоўнікамі.)

Акалiчнасныя адносiны ўказваюць на дзеянне і яго прымету ці на прымету прыметы; уласцiвыя словазлучэнням дзеяслоўным, бо спадарожнiчаюць пэўным дзеянням цi станам. Гэта могуць быць адносіны спосабу дзеяння, меры і ступені, месца, часу, прычыны, мэты і інш., напр: загадкава ўсміхацца, дужа строга, вярнуцца праз год, пазнаёміцца на Каляды, памылiцца праз хваляванне, сказаць здуру, зрабiць наўмысна, падараваць на памяць.

Змешаныя адносіны – гэта вынік граматычнага ўзаемадзеяння кампанентаў словазлучэння, і ўзнікаюць яны тады, калі словазлучэнне зазнала пэўную трасфармацыю (як правіла, кандэнсацыю, ці сцяжэнне) і граматычные значэнні накладаюцца адно на адно. Гэта датычыць перадусім спалучэнняў з залежнай прыназоўнікава-склонавай формай назоўніка ці прыслоўем, накшталт клён у двары, кава па-ўсходняму. Такія словазлучэнні перадаюць змешаныя адносіны: азначальныя і акалічнасныя, бо гэта вытворныя (другасныя) словазлучэнні, якія ўтварыліся ў выніку спрашчэння сінтаксічных сувязяў: клён, які знаходзіўся ў двары > клён у двары; кава, прыгатаваная па-ўсходняму > кава па-ўсходняму. (Адбылася кандэнсацыя азначальнай часткі складанага сказа – у першым выпадку, ці дзеепрыметнага зварота – у другім выпадку, да простага словазлучэння, аднак пры гэтым з марфалагізаванай (уласцівай гэтым часцінам мовы) пазіцыі акалічнасці яны “трапілі” ў немарфалагізаваную (неўласцівую ім як назоўніку і прыслоўю) пазіцыю азначэння.) Аналагічны працэс i ў словазлучэнняў з формай аб’ектнага iнфiнiтыва прынесці абедаць, дзе выяўляюцца адносіны аб’ектныя (па аналогіі з прынесці абед) і акалічнасныя мэты (прынесці ежу, каб нехта мог паабедаць).

Аднак характар семантыка-сінтаксічных адносінаў непасрэдна не звязаны з відам падпарадкавальнай сувязі, таму і ўзнікае магчымасць неадназначнага вытлумачэння сувязі членаў словазлучэння. Характар семантыка-сінтаксічных адносінаў у значнай ступені залежыць ад разумення, ад суб’ектыўнага ўспрыняцця сэнсу словазлучэння і амаль не ўплывае на яго нарматыўнасць, напр.: кветкі на балконе, спатканне пад зоркамі і пад., дзе на азначальнае значэнне накладваюцца адценні значэнняў акалічнасных: кветкі якія? кветкі дзе? кветкі на чым? і г.д.

Неадназначнасць (аманімічнасць) словазлучэнняў. Аманімічнасць некаторых словазлучэнняў беларускай мовы ўваходзіць у нарматыўнае апісанне як адзін з яго аспектаў, бо нормай павінна лічыцца адназначнасць сінтаксічнага спалучэння слоў: мілагучная песня, дзедаў капялюш і пад.

Аманімічнасць простых словазлучэнняў выклікаецца рознымі прычынамі. Найбольш частыя з іх – супадзенне склонавых канчаткаў (дапамога арміі з суб’ектным значэннем роднага склону і дапамога арміі з ускосна-аб’ектным значэннем давальнага склону); неадназначнасць склонавых формаў (запрашэнне пісьменніка з суб’ектным значэннем роднага склону і запрашэнне пісьменніка з аб’ектным значэннем роднага склону) і інш.

Парадыгматыка словазлучэнняў. Словазлучэнням уласцівыя розныя відазмяненні. Формы словазлучэнняў утвараюць два тыпы парадыгмаў – марфалагічныя і трансфармацыйныя.

Марфалагічная парадыгма грунтуецца на фармальнай парадыгме галоўнага слова ў словазлучэнні і прызначана для абслугоўвання фармальна-граматычнай структуры сказа. Напр., словазлучэнне галасістая птушка ўваходзіць у фармальна-граматычную структуру розных сказаў з той склонавай формай слова птушка, якая патрабуецца значэннем адпаведнага члена сказа: Салавей – галасістая птушка (Н. скл.); Чуеце спевы галасістай птушкі? (Р. скл.); Зіма пагражае галасістай птушцы (Д. скл.) і г.д. Марфалагічная парадыгма словазлучэння галасістая птушка вызначаецца сукупнасцю склонавых формаў назоўніка птушка. Адпаведна марфалагічная парадыгма словазлучэння чытаць кнігу адлюстроўвае сукупнасць асабовых, часавых і ладавых формаў дзеяслова чытаць: чытаю кнігу, чытаеш кнігу, чытае кнігу, …, чытаў кнігу, …, чытай кнігу і г.д.

Трансфармацыйная парадыгма словазлучэння грунтуецца на словаўтваральных магчымасцях членаў словазлучэння і прызначана для абслугоўвання семантыка-сінтаксічнай будовы выказвання. Пры трансфармацыях словазлучэння абавязковым з’яўляецца захаванне лексічных марфем, напр.: чытаць кнігу, чытанне кнігі, чытаная кніга, кніжнае чытанне, кніга для чытання і пад. або: глухі ад шуму, глухата ад шуму, глохнуць ад шуму, шумавая глухата і г.д.

Трансфармацыйная парадыгма ў мове выступае як сродак размежавання аманімічных словазлучэнняў. Так, словазлучэнне запрашэнне пісьменніка мае суб’ектнае значэнне, калі ўваходзіць у адну парадыгму са словазлучэннем пісьменнік запрашае, пісьменніцкае запрашэнне, і аб’ектнае, калі ўключаецца ў парадыгму запрашэнне пісьменніка, запрасіць пісьменніка, запрашэнне для пісьменніка, запрошаны пісьменнік.

НАРМАТЫЎНЫЯ АСПЕКТЫ ЎТВАРЭННЯ СКЛАДАНЫХ ПАДПАРАДКАВАЛЬНЫХ СЛОВАЗЛУЧЭННЯЎ

Простыя словазлучэнні з’яўляюцца базай усяго мноства сінтаксічных спалучэнняў знамянальных слоў, таму словазлучэнні складаныя маюць шмат агульнага з простымі. Гэта тычыцца такіх характарыстык, як фармальна-граматычная спалучальнасць слоў, віды і сродкі падпарадкавальнай сувязі, семантыка-сінтаксічныя адносіны паміж словамі і г.д. Разам з тым складаныя словазлучэнні, якія вылучаюцца паводле агульнага для іх фармальнага прызнаку – наяўнасці ў іх складзе больш чым двух знамянальных слоў, – маюць шэраг нарматыўна значымых рысаў, уласцівых толькі ім.

Нагадаем, што простыя словазлучэннi складаюцца з двух паўназначных слоў, адно з якiх пашыраецца іншым: экзаменацыйны білет, дождж-вадалей, ехаць аўтобусам, кошык сунiц, вельмi ўзнёслы. Да простых словазлучэнняў адносяць i словазлучэнні, кампанентам якіх з’яўляюцца аналiтычныя формы слова – са звязкай быць, займеннікам самы, кампаратывамі больш, менш, часціцамі давай(це), (ня)хай, вытворнымі прыназоўнікамі, напр.: хутка будуць снедаць; самае кемлівае дзіцё, менш рэдкая з’ява, давайце паслухаем джаз, няхай сходзіць у суніцы; прачнуцца дзякуючы будзільніку, з нагоды святкавання Вялікадня, паводле меркавання аўтара.

Спосабы пабудовы складаных словазлучэнняў. Сярод складаных падпарадкавальных словазлучэнняў выразна вылучаюцца два тыпы адзінак: словазлучэнні суадносныя з простымі і словазлучэнні не суадносныя з простымі.

Суадносныя з простымі складаныя словазлучэнні ўтвараюцца двума спосабамі:

а) шляхам лінейнага шматступеннага пашырэння простага словазлучэння, напр.: новы будынак > зусім новы будынак > зусім новы будынак школы> зусім новы будынак пачатковай школы і г.д.;

б) шляхам замены аднаго члена словазлучэння яго функцыянальна-семантычным эквівалентам: высокі хлопец – хлопец высокага росту, даўгадзюбая птушка – птушка з доўгай дзюбай, чатырохпавярховы будынак – будынак на чатыры паверхі, успаміны пра камандарма – успаміны пра камандзіра арміі, кіёск чатыры – кіёск нумар чатыры, баец атрада – баец аднаго з атрадаў, прыйсці позна – прыйсці позняй парою, паабяцаць прыехаць – даць абяцанне прыехаць і пад.

Беларускай мове ўласцівыя розныя тыпы складаных словазлучэнняў, не суадносных з простымі:

а) словазлучэнні, у якіх лексічнае значэнне галоўнага слова вымагае некалькі залежных: шаша Брэст – Мінск, лік два : пяць, памножыць два на дзесяць, гутарка паміж Іванам і Антонам, пералёт Еўропа – Аўстралія;

б) словазлучэнні з залежнай часткай, што абазначае прамежак часу, частку прасторы, чарговасць дзеяння і пад.: сустракацца са студзеня па красавік, цягнуцца са старажытнасці па сёння, бегаць з ранку да вечара, напоўніць з нізу да верху, лятаць ад краю да краю, знаёмы ад сцяжыны да каліны, хадзіць ад вёскі да вёскі, працаваць з рання да вечара, перасоўваць з кутка ў куток, расці з лета ў лета, красці зорку за зоркай, браць за вышынёю вышыню, пісаць радок за радком, успамінаць час ад часу, мацнець год ад году;

в) словазлучэнні з фразеалагізмамі ці ўстойлівым спалучэннем у ролі галоўнага або залежнага кампанента: прынцып «падзяляй і ўладарнічай», перыяд халоднай вайны, даць дыхту ворагу і пад.;

г) словазлучэнні, у якіх залежны член выражаецца складанай назвай: верш «Далёка ад дому», прэмія «За ўмацаванне міру», вёска Валова гара, зайсці ў выдавецтва імя П. Броўкі;

д) словазлучэнні з залежным членам, у склад якога ўваходзіць слова ўвесь, цэлы, кожны і пад.: праславіцца на ўсю старонку, абняславіць на цэлы свет;

е) словазлучэнні тыпу займацца чым хто хоча, бадзяцца немаведама дзе, з’есці колькі хто зможа.

Сінтаксічная члянімасць складаных словазлучэнняў. Складаныя словазлучэнні ў залежнасці ад характару іх сінтаксічнай члянімасці падзяляюцца на дзве разнавіднасці:

а) словазлучэнні з паслядоўнай залежнасцю слоў, што ўваходзяць у іх склад: вельмі < дарагі падрыхтаваць > дакументацыю > будаўніцтва > завода;

б) словазлучэнні з непаслядоўнай залежнасцю слоў. Такія словазлучэнні не дапускаюць паслоўнага скарачэння, слова за словам і называюцца словазлучэннямі з сінтаксічна непадзельнай часткай, напр.: кашуля > зялёнага шоўку, брахаць > лянівым брэхам, атрымаць > дзве тэлеграмы (параўн.: *кашуля шоўку, *брахаць брэхам, *атрымаць дзве).

Бінарнасць складаных словазлучэнняў. Незалежна ад тыпу ўсе складаныя словазлучэнні маюць бінарную структуру, г. зн. падзяляюцца на галоўную і залежную часткі. У сваю чаргу ў кожнай частцы, калі яна пабудаваная на падставе падпарадкавання, можна вылучыць граматычна галоўны і граматычна залежны кампанент: мірныя адносіны паміж дзяржавамі Еўропы, але [i]барацьба паміж старым і новым, футбольная сустрэча “Італія – Беларусь”.

Фразеалагізмы як часткі свабодных складаных словазлучэнняў сінтаксічнаму чляненню не падлягаюць: схаваць > чорт яго ведае куды, збегчы > куды вочы глядзяць і пад.

Сінтаксічныя сувязі ў складаных словазлучэннях. Сінтаксічныя сувязі ў складаных словазлучэннях могуць відазмяняцца ў параўнанні з сувязямі ў словазлучэннях простых. Напр., калі ў простае назоўнікавае словазлучэнне з родным склонам суб’екта ўключаецца назоўнік са значэннем аб’екта, змяняецца склонавая форма першага залежнага члена: выкананне спевака > выкананне песні спеваком.

У складаных словазлучэннях значна шырэй выкарыстоўваецца прымыканне: аповесць «Воўчая зграя», сустрэчы кожны дзень, рухацца старэчаю хадою, шахматная партыя Гулько – Пяткевіч.

Парадак слоў у складаных словазлучэннях. У гэтым плане складаныя словазлучэнні характарызуюцца і больш складанымі заканамернасцямі, бо, акрамя прэпазіцыі і постпазіцыі залежнага члена ў простым словазлучэнні, пачынаюць дзейнічаць правілы лінейнага размеркавання некалькіх сузалежных і падзалежных элементаў, правілы сінтаксічна-стылістычнай семантыкі.

Прыкладамі адносна ўстойлівага парадку членаў могуць служыць словазлучэнні: вельмі зручная прылада, новы дырэктар школы, вёска на тым беразе ракі, двое ў шэрых шынялях, дом нумар сем, пераход Мінск – Брэст, падлетак пятнаццаці гадоў, ісці павольным крокам, раман «Сустрэнемся на барыкадах», адправіць два лісты і пад. У іншых выпадках назіраецца пэўная адвольнасць размеркавання членаў словазлучэння, параўн.: прынесці дзённік настаўніцы і прынесці настаўніцы дзённік, маладыя ясныя галасы і ясныя маладыя галасы і г.д. У рэшце рэшт тут вырашальную ролю адыгрывае не значэнне словазлучэння, а змест і сэнс выказвання, сінтаксіс сказа. Іншымі словамі, змяненне парадку залежных членаў у складаным словазлучэнні так ці інакш звязана са змяненнем яго сэнсу, таму што складанае словазлучэнне нясе на сабе пэўны адбітак заканамернасцей размеркавання слоў у сказе, г. зн. адбітак заканамернасцей свайго ўжывання.

Сінанімія складаных словазлучэнняў. Складаныя словазлучэнні маюць больш шырокія магчымасці сінанімізацыі з іншымі словазлучэннямі, бо кожнае з іх сумяшчае магчымасці двух (або болей) простых словазлучэнняў. Сінонімамі складаных словазлучэнняў могуць быць як словазлучэнні таксама складаныя, так і простыя, напр.: чалавек добрай душы – чалавек з добрай душою, душэўны чалавек; жанчына немаладога ўзросту – немаладая жанчына.

Разам з тым складаным словазлучэнням уласцівыя свае абмежаванні ва ўтварэнні сінонімаў. Так, свежае лісце бярозы мае сінонімам свежае бярозавае лісце. Словазлучэнне ж свежае лісце маладой бярозы не сінанімічнае словазлучэнню свежае маладое бярозавае лісце.

Аманімія складаных словазлучэнняў. Такая аманімія ўключае ўсе тыпы аманіміі простых словазлучэнняў. Акрамя таго, пры ўскладненні структуры словазлучэння можа ўзнікаць так званая лінейна-пашыральная аманімія, калі адна са словаформаў можа быць аднесена да іншых членаў словазлучэння, напр.: (папрасіць голасна) > не размаўляць і папрасіць > (голасна не размаўляць), (маладыя мужчыны) > і жанчыны і маладыя у лесе і ўспомніць > (пра малых у лесе) і пад.

НАРМАТЫЎНЫЯ АСПЕКТЫ ЎЖЫВАННЯ ПРОСТЫХ І СКЛАДАНЫХ ПАДПАРАДКАВАЛЬНЫХ СЛОВАЗЛУЧЭННЯЎ У СКАЗЕ

Сінтаксічныя заканамернасці пабудовы сказа звычайна значна складанейшыя, чым правілы ўтварэння словазлучэнняў. У сказе (тэксце) адбываюцца працэсы, пад уплывам якіх ускладняюцца падпарадкавальныя сувязі, перабудоўваецца словапарадак у словазлучэннях, відазмяняюцца сінтаксічныя адносіны, што існуюць паміж асобнымі словаформамі і іх групоўкамі ў межах простых і складаных падпарадкавальных аб’яднанняў лексічных адзінак.

Сінтаксічныя працэсы ў сказе / тэксце. У сказе (тэксце) адбываецца шэраг маўленчых сінтаксічных працэсаў, такіх, як: адасабленне, інверсія, парцэляцыя, далучэнне, эліпсіс, кандэнсацыя, кантамінацыя, падваенне, апакайну і іншыя, для якіх сістэмна пабудаванае словазлучэнне служыць толькі зыходным матэрыялам.

Адасабленне – гэта сэнсава-інтанацыйнае вылучэнне даданых членаў сказа з мэтай надання ім адноснай самастойнасці шляхам змянення іх семантыка-сінтаксічных функцый, напр.: Каравай – як сонца, пад якім дарога, палявая, летняя, у сівым пылку. (М. Калачынскі) (словазлучэнне палявая летняя дарога ў сівым пылку); Каля школы шчабяталі і смяяліся дзеці – звонка, радасна. (Я. Колас) (словазлучэнне смяяцца звонка і радасна).

Інверсія – узмацненне або частковае відазмяненне функцыянальна-семантычнай значымасці слоў шляхам змянення парадку слоў: Пад ліўнямі слёз лён бяліўся ляжалы, чакаючы рук маладых і дужых. (Р. Барадулін) (словазлучэнні ляжалы лён, маладыя і дужыя рукі); За крокаў трыста ад сябе ў святле вулічнай лямпы ён убачыў высокага старога. (К. Чорны) (словазлучэнне ўбачыць за трыста крокаў мае дакладнае колькаснае значэнне, убачыць за крокаў трыста – прыблізнае).

Парцэляцыя – расчляненне словазлучэння ў тэксце на інтанацыйна адасобленыя часткі з мэтай узмацнення экспрэсіўнасці выказвання: У катлаван зайшоў камандзір гарматы, убачыў мяне, крыва ўсміхнуўся: «Раман пішаш?» Я сумеўся. «Не. Пісьмо. Жонцы». (І. Шамякін) (словазлучэнне пісаць пісьмо жонцы).

Далучэнне – інтанацыйна падкрэсленае дапаўненне асноўнай інфармацыі выказвання – дадатковай: Я пакахаў цябе з дзяцінства, і пакахаў да слёз. (П. Трус) (словазлучэнне з дзяцінства пакахаць да слёз); Міколка разумеў, што яны з дзедам трапілі ў бяду, ды яшчэ вялікую. (М. Лынькоў) (словазлучэнне трапіць у вялікую бяду).

Эліпсіс – пропуск элемента выказвання, абумоўлены асаблівасцямі кантэксту: З галінак усюды звісаюць гнёзды. Нявідныя ўлетку, цяпер яны агаліліся: з ігліцы і травінак – клястовы, бярэма ламачча – сарочае, моцнае і круглае, бы шапка-зімоўка, – драздова. (Б. Сачанка) (словазлучэнне гняздо з ігліцы і травінак, моцнае і круглае гняздо); …Потым лятаць вучыліся ў птахаў, агонь здабываць – у навальніц. (А. Вярцінскі) (словазлучэнне вучыцца ў навальніц здабываць агонь).

Кандэнсацыя, ці скарачэнне, – гэта сінтаксічнае і семантычнае сцяжэнне словазлучэння (або выказвання) у кантэксце. Напр. у сказе Калісьці намаганнямі Ўсяслава Сафія свой зазнала зорны час. (І. Багдановіч) кандэнсавалася спалучэнне Полацкі Сафійскі сабор > Сафія; у сказе I ўсё мілагучна для слыху майго: і звонкае «дзе» і густое «чаго». (П. Панчанка) скараціліся словазлучэнні звонкае слова «дзе», густое слова «чаго».

Кантамінацыя, ці аб’яднанне, – утварэнне ў маўленні новага словазлучэння шляхам спалучэння частак двух іншых, сэнсава блізкіх словазлучэнняў: адыгрываць значэнне < адыгрываць ролю і мець значэнне; аплачваць за праезд < аплачваць праезд і плаціць за праезд; Поспех атрымалі і нашы валейбалісты. (З радыёінфармацыі) (словазлучэнні, пабудаваныя згодна з нормай: дабіцца поспеху і атрымаць перамогу); Многія вершы новага зборніка – гэта своеасаблівая заклапочанасць чалавека над карэннымі пытаннямі нашага жыцця… («Звязда») (нарматыўныя словазлучэнні роздум над карэннымі пытаннямі і заклапочанасць карэннымі пытаннямі).

Падваенне – стылістычна абумоўленае паўтарэнне аднаго з членаў словазлучэння ў сказе: Пад акном я бачу кветкі, кветкі юнацкага кахання… (ЛіМ) (словазлучэнне кветкі юнацкага кахання).

Апакайну – утварэнне складанага словазлучэння з неаднародных частак: I дзед разважае аб лёсах Мадрыда і як яму помач падаць. (Я. Колас) (спалучэнне канструкцый разважаць аб чым і разважаць як…).

У многіх выпадках ахарактарызаваныя і іншыя сінтаксічныя працэсы адбываюцца адначасова. Так, у сказе Жывой паэзіі крыніца напоіць смагу маладых і будзе, светлая, бруіцца праз нелічоныя гады (П. Глебка) прыметнік-азначэнне светлая са словазлучэння светлая крыніца жывой паэзіі адначасова і інверсаваная, і адасобленая.

Сінтаксічныя працэсы, што адбываюцца ў словазлучэннях у маўленні, даюць падставы вылучыць пяць асноўных тыпаў падобных змяненняў: расшырэнне сінтаксічных сувязяў, іх перабудова, ускладненне, спрашчэнне і парушэнне.

Расшырэнне сінтаксічных сувязяў адбываецца ў розных формах, у прыватнасці:

а) калі кантэкст дае магчымасць падпарадкоўваць прыметнікі і дзеепрыметнікі асабовым займеннікам, напр.: Шчаслівы, зноў вітаю я народ праслаўленых герояў (М. Танк); Моцна ўсхваляваная, яна вярнулася за сваю парту (І. Шамякін). Па-за кантэкстам такая спалучальнасць адсутнічае, параўн.: *шчаслівы я, *усхваляваная яна. Мадэллю падобнага дапасавання служаць назоўнікава-прыметнікавыя словазлучэнні;

б) калі адасабленне прыводзіць да ўзнікнення пэўнай залежнасці паміж сінтаксічна раўнапраўнымі членамі словазлучэння, напр.: Тут, у баку ад вялікіх дарог, у лясным закутку, не было яшчэ грукатніны, не пахла дымам і порахам. (А. Бялевіч); Заўтра, у дзень адпачынку, зноў многа хто ў грыбы пойдзе. (З. Бядуля); Разгарні ручнік, і ўсё наўяў паўстане, шлях нялёгкі ўвесь, што з даўніны пралёг, ад сялянскіх – за зямлю і хлеб – паўстанняў і да бітвы з камяністасцю палёў. (М. Калачынскі). Сказавыя ўдакладняльныя адносіны не маюць пазакантэкставага афармлення ў выглядзе словазлучэнняў *тут у баку ад дарог, *сялянскія за зямлю і хлеб, *заўтра ў дзень адпачынку;

в) калі падпарадкавальныя адносіны ўзнікаюць паміж сказам у цэлым (галоўны член) і асобным словам (залежны член), так званым дэтэрмінантам сказа, напр.: З выпадку снежных заносаў < (паязды на некаторых перагонах не ходзяць) (З газет); …Ён… не надта захапляецца чаркай – гэта такая брыдота цяпер сярод маладзейшых (В. Быкаў);

г) калі падпарадкавальныя адносіны ўзнікаюць паміж двума словамі, адно з якіх выконвае функцыю структурнай асновы сказа: Смерць фашысцкім захопнікам! Прывітанне ўдзельнікам навуковай канферэнцыі!;

д) калі кантэкст наглядна выяўляе, што падпарадкавальныя адносіны існуюць не паміж асобнымі словамі, а паміж словазлучэннем і словам. Так, у сістэме дзеяслоўна-назоўнікавых словазлучэнняў існуюць канструкцыі з вінавальным і давальным склонамі: прынесці кнігу брату, выдаць білеты пасажырам, а таксама з кожным з гэтых склонаў паасобку: прынесці кнігу, даць брату, выдаць білеты, выдаць пасажырам. Але ў маўленні не адзначаны поўныя сказы тыпу *Ён прынёс брату або *Кандуктар выдаў пасажырам. Гэта дае падставы меркаваць, што падпарадкавальныя адносіны існуюць не непасрэдна паміж дзеясловам і формамі назоўнікаў дав. і він. склонаў паасобку, а паміж словазлучэннем дзеяслова з назоўнікам він. склону і назоўнікам у дав. склоне: (прынесці кнігу) > брату, (выдаць білеты) > пасажырам (параўн.: абілеціць пасажыраў). Параўн. у сказах: I ловяць ластаўкі над галавой ласункі сваім дзецям. (П. Матэвушаў); Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу, або паехаць у сялібу ці ў млын малоць на хлеб збажынку – усё гэта вабіла хлапчынку… (Я. Колас); Караваю оду працай прыбярэзінскі спявае край. (М. Калачынскі);

е) калі паміж галоўным і залежнымі членамі існуюць метамоўныя адносіны, напр.: Не заўсёды «трэба» перамагала «хачу», але ён ужо добра чуў, што «трэба» – важнейшае… (І. Мележ). Толькі ў кантэксце існуе словазлучэнне перамагаць «хачу», а таксама падобныя: ваша «не», бацькава «пачакай», словаформа «апошняга» і г.д.

Прыкладам перабудовы сінтаксічных сувязяў служаць наступныя выпадкі:

а) генералізацыя сувязяў аднародных членаў сказа: чырвоны і жоўты сцяжкі, маладыя настаўніца і ўрач. У кантэксце: …У слоі сярэдзіны дванаццатага стагоддзя быў знойдзен камплект ручкі меча, які складаўся з аздобленых серабром жалезных перакрыжавання і верхавінкі. (Весці НАН);

б) ушчыльненне сувязяў у выніку кандэнсацыі, абрэвіяцыі і падобных працэсаў: Вярнуўшыся з задання, Андрэй дзень-два не выходзіў са сваёй зямлянкі. (І. Шамякін); …Злосна гуў знаёмы басок іх новага начальніка штаба, нядаўняга камроты-адзін. (В. Быкаў); Адбыўся перадвыбарны сход калектыву БУ-31 трэста № 2. («Звязда»);

в) выкарыстанне розных склонавых формаў словазлучэнняў з лічэбнікам у ролі галоўнага члена: сем > крэслаў (кіраванне), але сямі < крэслаў (дапасаванне); На рэспубліканскіх і абласных сцэнах пастаўлена шэсць п'ес маладога драматурга, сярод іх тры п 'есы аб моладзі. (З газет);

г) змяненне характару сувязяў пры эліпсісе і субстантывізацыі: Былі цяжкія дарогі сорак першага, калі вораг рваўся да Масквы. (ЛіМ); У космас не бяруць дужа рослых. (М. Калачынскі); За балотам вёска на выспе (Р. Барадулін); параўн.: поўныя словазлучэнні дарогі сорак першага года, не браць дужа рослых людзей, стаяць (быць, знаходзіцца) за балотам;

д) змяненне характару сінтаксічных сувязяў словазлучэння ў сказе пры паўторных злучніках: Не расстацца мне з тугой ні днём, ні ноччу, але *расстацца ні днём.

Ускладненне сінтаксічных сувязяў у сказе ў параўнанні з сувязямі ў словазлучэнні набывае розныя формы, у прыватнасці:

а) узнікненне прэдыкатыўнага азначэння: Камсамольцам Лукаш вярнуўся ў сваё сяло. (П. Кавалёў); Стол стаяў засланы белым абрусам. (Ц. Гартны); I той пасівелы маёр з кіёчкам…, і ўсе байцы добра ведалі, што ў гэтую ціхую лясную вёску яны зайшлі апошнімі… (А. Бялевіч); Пане Антось нездаволены лезе ў кішэню за табакеркай. (М. Лынькоў); параўн.: засланы белым абрусам стол, нездаволены пан Антось і г.д.;

б) узнікненне дадатковых – прычынных, паясняльных і іншых – значэнняў у выніку адасаблення членаў сказа: Цёмна-карычневыя, нібы абпаленыя агнём, лісты палахліва трапечуцца на дубах да самай вясны. (І. Шамякін); Відзён той дуб з усіх дарог, з галінамі густымі… (П. Броўка); Маша размашыста, па-мужчынску, абцерабіла толькі што паваленае дрэва. (І. Шамякін);

в) замена спалучальнай сувязі падпарадкавальнай: Міколка з дзедам адразу ж падаліся з вагона, далей ад разгневанай маці. (М. Лынькоў); Ганна са старою стаялі каля печы. (К. Чорны); Спявалі ўвечар пад сасною сляпы жабрак з павадыром. (П. Трус); Сумленне з сумленнем раяцца. (Р. Барадулін); Слова да слова ляглі ў такт, рыфма і рытм на месцы… (Н. Тарас); Але прымаюць берагі паром – ў парома з берагамі свой пароль. (Р. Барадулін). Параўн.: Міколка і дзед, Ганна і старая, жабрак і павадыр і г.д. Іншыя сінтаксічныя адносіны назіраюцца ў сказах, дзе дзеяслоў-выказнік стаіць у адзіночным ліку, напр.: Дзік ходзіць з дзічыхай, за ім – табун воўчы. (Я. Купала); Дзед Талаш сустрэўся з Панасам у хмызняку. (Я. Колас); Узгорак з руінамі быў ахутаны таямнічасцю. (Т. Хадкевіч); Доўга вецер з травой гаварыў… (Н. Тарас);

г) узнікненне падвойных сувязяў, што вядзе да неадназначнасці словазлучэнняў ці сказаў: Яна прахапілася ад шчэбету птушак за акном… («Звязда»). Магчыма дваякая інтэрпрэтацыя: птушыны шчэбет > за акном і птушкі > за акном. Параўн. яшчэ: Жыта шнур каля хаты выспеў (Р. Барадулін); Хмызняк на ўзлеску паварочваў убок, нават трохі кудысь назад… (В. Быкаў); Воўк з гушчару дарогай няезджанай бяжыць к вёсцы няпрошаным госцем. (М. Чарот);

д) сумяшчэнне словазлучэнняў пры пропуску сэнсава вядомага і таму сінтаксічна збыткоўнага элемента, напр.: Ездавы нерашуча патаптаўся з шапкай у руках… (В. Быкаў), параўн.: Ездавы нерашуча патаптаўся, трымаючы шапку ў руках. Так замест простых словазлучэнняў патаптацца нерашуча, патаптацца трымаючы, трымаючы шапку, трымаючы ў руках узнікае складанае словазлучэнне нерашуча патаптацца з шапкай у руках. Параўн. яшчэ: Неўзабаве яна выйшла адтуль з вядром у руцэ… (І. Чыгрынаў); Упаў на траву у руках з аўтаматам, каб свяціла сонца над роднаю хатай. (В. Матэвушаў); Тут і песні, што даўно паспелі, вырваліся з вуснаў у дзяўчат… (М. Калачынскі); Занадта руплівы сынок і за партай у класе, і ў хаце. (П.. Матэвушаў); З горыччу ў сэрцы пазіраў Пётр Жалабковіч на пачарнелыя каласы… (А. Бялевіч); Побач у прыцемках чужой саламянай пасцелі амаль са страхам у спакутаваных вачах на іх пазірала Клава. (В. Быкаў); З горкай песняй на дзюбе, ён крылом памахае жалобе. (У. Хадыка);

е) узнікненне дадатковых значэнняў колькаснай няпэўнасці пры інверсіі лічэбнікаў: Кіламетраў за два адгэтуль, калі ехаць у бок ад дарогі лясной дарожкай, стаяла на краю дробнай вёсачкі трухлявая хата. (К. Чорны); Сяргей так і абамлеў: каля яру, крокаў пяцьдзесят ад яго, хадзіў вартавы і аклікаў яго. (Я. Колас).

Спрашчэнне сінтаксічных сувязяў адбываецца найчасцей у наступных выпадках:

а) пры сінтаксічнай кандэнсацыі, напр.: машына, прызначаная / прыстасаваная для перавозкі малака > машына для малака; нядаўна адбудаваная за ракой царква > новая царква за ракой і пад. Параўн. яшчэ: …Антось Ярмаліцкі быў лесніком [славутым] на ўсю Богараўшчыну. (К. Чорны); Усё, што мог, ты мне даваў, святло, цяпло і ўтулак, і крэсла – адпачыць нагам, стол для бясед сяброўскіх… (П. Броўка);

б) пры спрашчэнні падвойных сувязяў у выніку эліпсісу, напр.: Рвануўся Цімох з усіх ног ды [пабёг] далей ад страшнае хвоі. (Я. Колас). У словазлучэнні пабегчы далей ад страшнае хвоі спалучэнне ад страшнае хвоі мела б дваякую сувязь – з дзеясловам пабегчы і прыслоўем далей.

Парушэнне сінтаксічных сувязяў у кантэксце выклікаецца рознымі прычынамі. Так, пашыранае ў вусным маўлені «адваротнае» дапасаванне назоўніка – назвы месяца парадкавага лічэбніка ў назве датаў (прыехаць к дваццатаму снежню, перад першым маем) звязана з пастаянным эліпсісам прамежкавага звяна – назоўнікаў дзень, чысло і пад. (параўн.: прыехаць к дваццатаму чыслу снежня, перад першым днём мая).

Да парушэння нярэдка вядзе кантамінацыя. Вылучаюцца наступныя выпадкі:

а) парушэнні на падставе сінанімічнасці: Вы маглі садзейнічаць на рашэнне гэтай праблемы (уплываць на што – садзейнічаць чаму); На пасяджэнні камісіі ён ахарактарызываў аб становішчы ў інстытуце (ахарактарызаеаць што – расказаць / паведаміць аб чым); У мінулым годзе я пацікавіўся пра лёс свайго рукапісу (пацікавіцца чым – спытаць пра што); Прыйдзецца прысвяціць для азнаямлення з праектам дзень-другі (прысвяціць чаму – адвесці для чаго);

б) парушэнні на падставе кантэкставай сінанімічнасці: Настаўнік праявіць да яго педагагічны такт (праявіць увагу да каго-небудзь – быць тактоўным да каго-небудзь – праявіць такт у адносінаўах да каго-небудзь); Яны на шматлікіх прыкладах расказваюць аб гераізме свайго важака (паказваць на прыкладах што – расказваць, даючы прыклады чаго); Аб гэтым можаце мне паверыць (можаце мне паверыць – аб гэтым я гавару праўду);

в) парушэнне пад уплывам іншамоўнай канструкцыі: Таварышы смяяліся над ім (бел. смяяца з каго – рус. смеяться над кем); Прыгледзімся сродкам, якія былі ўжыты крытыкамі (бел. прыгледзецца да чаго – польск. рrzypatrzyc się сzеmu);

г) парушэнне з прычыны неспалучальнасці лексічных і граматычных катэгорый: Аб гэтым я ўжо не раз гавару (часта гавару – не раз гаварыў – не першы раз гавару); Моладзь кожны год павінна пайсці ў народную гаспадарку (кожны год ісці – у гэты год, як і раней, пайсці); За апошні час ён рабіў нямала (у апошні час / апошнім часам рабіў – за апошні час зрабіў);

д) парушэнне, выкліканае зблытваннем граматычных формаў або словаўтваральна звязаных адзінак: Яны былі здзіўлены самому факту існавання такой установы (здзівіцца чаму – здзіўлены чым); Зараз ствараецца новы помнік аб ахвярах фашызму (помнік ахвярам – памятаць аб ахвярах); Ужо, як стала вядома, пастаноўлена аб правядзенні фестывалю ў Мінску (пастаноўлена правесці – пастанова аб правядзенні).

е) парушэнні пры аб’яднанні рознаструктурных словазлучэнняў, што маюць агульны залежны член: Яны самі арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў гэтых святах (арганізоўваць святы і ўдзельнічаць у святах); Стары часта думаў і вельмі хацеў вяртання на радзіму (думаць пра што / аб чым і хацець чаго).

Даўжыня словазлучэнняў. Даўжыня простага (г.зн. з двух знамянальных слоў) падпарадкавальнага словазлучэння залежыць ад колькасці службовых элементаў, параўн.: галінка бярозы, спаткацца на досвітку, разважаць з улікам перспектывы, працаваць у адпаведнасці з дамовай.

Складанае словазлучэнне тэарэтычна можа быць бясконцым, таму што існуе неабмежаваная магчымасць нарошчвання падпарадкавальных сувязяў, напр.: вызначэнне стану паказчыкаў прыдатнасці кабіны вадзіцеля аўтамабіля… Аднак практычна такія словазлучэнні не ўжываюцца з прычын стылістычных і псіхалінгвістычных абмежаванняў.

Чым разнастайнейшая структура словазлучэння, тым даўжэйшым яно можа быць. Увогуле ж даўжыня вызначаецца і рэгулюецца кантэкстам, стылем маўлення, камунікацыйнымі задачамі выказвання.

Стылістычныя ўласцівасці словазлучэнняў і іх ужывальнасць. Усе фармальна-граматычныя разрады словазлучэнняў прадстаўлены ва ўсіх стылях мовы, аднак ужываюцца яны не аднолькава шырока. Так, словазлучэнні з аддзеяслоўным назоўнікам у ролі галоўнага члена больш уласцівыя кніжна-пісьмовым стылям; у гутарковай жа мове ім найчасцей адпавядаюць дзеяслоўныя канструкцыі, параўн.: Усе чакалі прыходу цягніка. і Усе чакалі, калі прыйдзе цягнік.

Канструкцыі тыпу фота-2001, Алімпіяда 1980 і пад. сустракаюцца выключна ў газетна-публіцыстычным стылі. Словазлучэнні, падзеленыя адасабленнем, парцэляцыяй, інверсіяй, – адзнака стылю мастацкага. Кантамінацыя, эліпсіс пераважаюць у вусным маўленні і г.д.

Ужывальнасць словазлучэнняў залежыць таксама ад вагі той ці іншай часціны мовы ў моўнай сістэме. Зразумела, што назоўнікавыя і дзеяслоўныя тыпы словазлучэнняў сустракаюцца ў маўленні значна часцей за іншыя ў адпаведнасці з той цэнтральнай роляю, якую назоўнік і дзеяслоў адыгрываюць у граматыцы.

Да фактараў, ад якіх залежыць ужывальнасць словазлучэння ў кантэксце, трэба аднесці таксама шматзначнасць фармальна-граматычных схем словазлучэнняў, стылістычную вартасць сродкаў падпарадкавання, жанрава-стылістычныя асаблівасці тэкстаў, разгалінаванасць сінтаксічнай сінанімікі для асобных разрадаў словазлучэнняў і г.д.

Нарматаўна-сэнсавая ацэнка словазлучэнняў. Кожнае словазлучэнне можа атрымаць, акрамя нарматыўна-граматычнай і нарматыўна-камунікатыўнай, і нарматыўна-сэнсавую ацэнку, якая грунтуецца на заканамернасцях лексіка-семантычнай спалучальнасці слоў, г.зн. на іх сэнсавай сумяшчальнасці. У сэнсавай сумяшчальнасці слоў знаходзяць сваё адлюстраванне працэсы мыслення, якое абапіраецца на мову і замацоўвае ў словах і спалучэннях слоў вынікі пазнавальнай дзейнасці чалавека, накіраванай на бясконцую разнастайнасць з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці. Такім чынам, кожнае спалучэнне знамянальных слоў, якое можа быць асэнсаванае ў межах грамадскага вопыту і моўнай свядомасці калектыву носьбітаў мовы, можа быць прызнана сэнсава ўнармаваным. Іншымі словамі, любое словазлучэнне, якое выражае паняцце, абумоўленае грамадскім вопытам асэнсавання рэчаіснасці, адпавядае сэнсавым нормам мовы.

Наяўнасць сэнсавых нормаў і, адпаведна, магчымасці сэнсавай ацэнкі словазлучэнняў пацвярджаецца існаваннем з’явы прадметна-паняційнай несумяшчальнасці слоў (круглы квадрат, смажаны лёд і пад.), калі ні пачуццё рэальнасці, ні здаровы сэнс, ні моўная кампетэнцыя носьбіта мовы не прымаюць такіх канструкцый.

У шэрагу выпадкаў такія спалучэнні выводзяцца за межы сінтаксісу ў намінатыўную падсістэму мовы, а іменна – у фразеалогію, складаныя адзінкі якой ужо не падлягаюць сінтаксічнаму чляненню, напр.: круглы квадрат ‘бяссэнсіца’, падмазаць пяты ‘ўцячы’, без году тыдзень ‘мала’.

Магчымы і трэці шлях, калі словазлучэнне ўжываецца і як свабоднае, і як фразеалагічнае: нагрэць рукі, намыліць галаву, рожкі ды ножкі і пад. Пры гэтым вырашальную ролю мае кантэкст, г. зн. зноў жа закамернасці сэнсавай спалучальнасці слоў.

Адступленні ад сэнсавых нормаў могуць быць вынікам парушэння закамернасцей не толькі прадметна-паняційных суадносінаў лексічных адзінак, але і правілаў сувязі лексічных значэнняў, уласцівых менавіта дадзенай мове (адзін з аспектаў яе ідыяматычнасці). Напр., слова прычына звычайна спалучаецца са словамі нейтральнага ці негатыўнага значэння: прычына з’явы, прычына паражэння, прычына спазнення, прычына адставання, прычына нязгоды, прычына аварыі і г.д. У той жа час словазлучэнні прычына перамогі, прычына натхнення, прычына поспеху і падобныя ўспрымаюцца як стылістычна нязвыклыя (параўн.: сакрэт поспеху, крыніца натхнення, вытокі перамогі). Заканамернасці такога роду становяцца асабліва відавочнымі пры аналізе спалучальнасці слоў у межах свабодных, не фразеалагічных словазлучэнняў тыпу прывесці факты (параўн. *прывезці / прынесці факты), назваць лічбы, атрымаць перамогу, пацярпець паражэнне, вырашыць праблему, даць абяцанне і пад.

Такім чынам, мова дае вельмі шырокія магчымасці для ўтварэння ўсё новых і новых спалучэнняў, аднак сістэма мовы, сітуацыя зносін (прагматыка, стылістыка), моўная кампетэнцыя моўцаў, грамадскі вопыт людзей накладаюць на словаспалучальнасць пэўныя нарматыўныя абмежаванні, што і дазваляе характарызаваць словазлучэнні ў нарматыўна-граматычным, нарматыўна-камунікацыйным і нарматыўна-сэнсавым планах.

Лінгвіст, сербіст, працуе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (кафедра агульнага мовазнаўства). Навуковыя інтарэсы: сербістыка, граматыка, лексікаграфія, камп'ютарная лінгвістыка, методыка выкладання замежнай мовы.

Дадаць каментар