R.I.P.

Феномен Фёдара Піскунова

Фёдар Антонавіч Піскуноў

У пятніцу, 5-га красавіка 2013 г. пайшоў з жыцця Фёдар Антонавіч Піскуноў. Хімік па адукацыі, прапрацаваўшы ўсё жыццё па спецыяльнасці, Фёдар Антонавіч меў вялікую любоў да беларускай мовы і пераймаўся яе лёсам. Вынікам больш чым дваццацігадовай працы над сістэматызацый беларускага словазмянення стаў «Вялікі слоўнік беларускай мовы», выданы якраз год таму. ВСБМ — не толькі сам па сабе цікавы лексікаграфічны прадукт, але тыя Артыкулы, якія паўсталі на падставе аналізу моўнага матэрыялу да слоўніка, таксама утрымліваюць многа вартых ідэй і высноў.

Выданне ВСБМ для мяне стала тады навіной, і цікавай ва ўсіх сэнсах, таму мне было вельмі прыемна пазнаёміцца з аўтарам слоўніка.

На жаль, я з памылкай запісаў нумар тэлефона і таму не змог сустрэцца з Ф.А., калі мы папярэдне дамаўляліся: тэлефон на памылковым нумары не адказваў. Але праз пэўны час я вырахаваў, які мусіць быць слушны нумар. Усё ж такі дазваніўшыся да Ф.А., я спаткаў паразуменне, і Ф.А. сказаў, што калі нам не ўдалося сустрэцца у горадзе, то можна завітаць да яго. Ён нават сустрэў мяне каля метро, каб я не заблукаў.

Такое стаўленне і змястоўная размова, дый сама зацікаўленасць Ф.А. у мове і моўных праблемах — усё гэта было вельмі прыемным уражаннем, якое выбівалася з таго, што з'яўляецца штодзённым для беларускай лінгвістыкі. Да таго ж, самая тая зробленая праца, якую я пабачыў, была аграмаднай і – галоўнае – паспяховай. Такое таксама спаткаеш нячаста, і такое радуе заўсёды.

Чытаць далей →

Віктар Уладзіміравіч Мартынаў (1924—2013)

25 студзеня не стала беларускага мовазнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара Віктара Уладзіміравіча Мартынава. Нягледзячы на тое што імя гэтага даследчыка вядома далёка за межамі Беларусі, у байнэце падрабязнай інфармацыі пра жыццё і дзейнасць В. У. Мартынава няма (што дзіўна і ў той жа час паказальна). Прозвішча вучонага і асобныя яго работы згадваюцца хіба што ў адным з тэкстаў на сайце акадэмічнага Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы (цяпер у складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры) і на шэрагу іншых інтэрнэт-старонак. Некаторыя факты з біяграфіі В. У. Мартынава і выбраную бібліяграфію можна знайсці ў рускамоўнай Вікіпедыі. Мы ж у сваю чаргу змяшчаем тут артыкул пра даследчыка, апублікаваны ў энцыклапедыі «Беларуская мова» (Мінск, 1994. — С. 331).Чытаць далей →

Міхаіл Гапеевіч Булахаў (1919—2012)

5 мая пайшоў з жыцця беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (1966), прафесар (1967), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1971), выдатнік народнай асветы (1984), заслужаны работнік БДПУ (2002) Міхаіл Гапеевіч Булахаў. Навуцы і адукацыі даследчык прысвяцiў каля 60 гадоў, на працягу якіх ім было апублікавана больш за 300 работ па рускай, беларускай, іншых славянскіх мовах і па лінгвістычнай тэорыі. Міхаіл Гапеевіч быў навуковым кіраўніком 33 аспірантаў, кансультаваў 5 дактарантаў.

Асобнымі кнігамі выйшлі наступныя даследаванні вучонага:

  • «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ—ХХ стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958);
  • «Прыметнік у беларускай мове» (1964);
  • «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV—XVII стагоддзяў. Ч. 2. Сінтаксічны нарыс» (1971);
  • «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3. Лексікалагічны нарыс» (1973);
  • «Восточнославянские языковеды. Биобиблиографический словарь» (3 тамы, 1976—1978);
  • «Евфимий Федорович Карский. Жизнь, научная и общественная деятельность» (1981);
  • «"Слово о полку Игореве" в литературе, искусстве, науке. Краткий энциклопедический словарь» (1989);
  • «Славянские языки: происхождение, история, современное состояние» (2001);
  • «Опыт исторического словаря русской лингвистической терминологии» (5 тамоў, 2002—2005) і інш.
  • Больш інфармацыі пра зробленае Міхаілам Гапеевічам Булахавым у галіне лінгвістыкі можна знайсці тут (газета «Наша слова», №29(920) ад 22.07.2009, с. 2).