25 студзеня не стала беларускага мовазнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара Віктара Уладзіміравіча Мартынава. Нягледзячы на тое што імя гэтага даследчыка вядома далёка за межамі Беларусі, у байнэце падрабязнай інфармацыі пра жыццё і дзейнасць В. У. Мартынава няма (што дзіўна і ў той жа час паказальна). Прозвішча вучонага і асобныя яго работы згадваюцца хіба што ў адным з тэкстаў на сайце акадэмічнага Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы (цяпер у складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры) і на шэрагу іншых інтэрнэт-старонак. Некаторыя факты з біяграфіі В. У. Мартынава і выбраную бібліяграфію можна знайсці ў рускамоўнай Вікіпедыі. Мы ж у сваю чаргу змяшчаем тут артыкул пра даследчыка, апублікаваны ў энцыклапедыі «Беларуская мова» (Мінск, 1994. — С. 331).

Беларускі лінгвіст В. У. Мартынаў нарадзіўся 25 студзеня 1924 г. ў г. Адэса. Доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Занесены ў «Кнігу гонару» ЗША (1989). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1990). Стаў чалавекам года i атрымаў узнагароду 20 стагоддзя Брытанскага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы (1993). У 1948 г. скончыў Адэскі універсітэт, у 1951 — аспірантуру па славістыцы пры Львоўскім універсітэце. У 1952—60 гг.— загадчык кафедры замежных моў Адэскага універсітэта, з 1960 г.— у Інстытуце мовазнаўства АН Бeлapyci (у 1962—90 гг.— загадчык аддзела агульнага i славянскага мовазнаўства).

В. У. Мартынаў апублікаваў больш за 250 артыкулаў i 12 манаграфій (3 у сааўтарстве). Вучоны даследуе тры актуальныя праблемы. Першая датычыць беларусістыкі. З 1969 г. Мартынаў — рэдактар i сааўтар шматтомнага «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—7, 1978—91). Слоўнік адлюстроўвае моўныя сувязі беларускага народа з іншымі славянскімі i неславянскімі народамі на розных этапах гістарычнага развіцця. Матэрыялы трох кандыдацкіх дысертацый па дыялектнай лексікаграфіі, якія падрыхтаваны пад навуковым кіраўніцтвам В. У. Мартынава, абагульнены ў калектыўнай манаграфіі «Лексіка Палесся ў прасторы i часе» (1971). Два іншыя аўтарскія калектывы, якія ён узначальваў, падрыхтавалі манаграфіі па сучаснай беларускай літаратурнай мове: «Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове. Дзеяслоў» (1967) i «Словаўтваральная сістэма сучаснай беларускай мовы» (пра семантыка-словаўтваральны аналіз імён), а таксама новы тып слоўнікаў: «Канкарданс беларускай мовы XIX стагоддзя» i «Канкардансы беларускіх пісьменнікаў. Канкарданс Кузьмы Чорнага» (не выдадзены).

Другая праблема, славістычная,— высвятленне глотагенезу i этнагенезу славян. У манаграфіях «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне найстаражытнейшай пары: (Да праблемы прарадзімы славян)» (1963) i «Мова ў прасторы i часе: Да праблемы глотагенеза славян» (1983), у шэрагу артыкулаў, у дакладах на Міжнародных з’ездах славістаў у Сафіі, Варшаве, Заграбе — Любляне, Кіеве, Браціславе даследчык выкарыстоўвае сучасныя структурна-тыпалагічныя метады ў кампаратывістыцы i багаты фактычны матэрыял славянскіх, гермaнскіx, балтыйскіх, італійскіх i іншых моў. Глотагенез славян ён лічыць вынікам канвергентных (падобных) i дывергентных (якія разыходзяцца) працэсаў на прабалтыйскай (заходнебалтыйскай) моўнай тэрыторыі.

Трэці кірунак даследаванняў мае агульнамовазнаўчы i прыкладны характар. Абапіраючыся на ўзаемасувязі лінгвістыкі з кібернетыкай i семіётыкай, В. У. Мартынаў стварае варыянт інфармацыйнай мовы, якая магла б служыць «вылічэнню сэнсаў». У сваёй манаграфіі «Семіялагічныя асновы інфарматыкі» (1974) ён сцвярджае, што падобныя задачы можа выканаць універсальны семантычны код (УСК). Вучоны распрацоўвае новыя, усё больш дасканалыя варыянты УСК — у манаграфіі «Універсальны семантычны код: (Граматыка. Слоўнік. Тэксты)» (1977), яго практычнага прымянення i магчымасцей у галіне аўтаматызаванага кіравання i аўтаматыкі — у манаграфіі «Універсальны семантычны код: УСК-3» (1984), прымянення УСК для апісання натуральнай (тут рускай) мовы — у манаграфіі «Катэгорыі мовы» (1982).

В. У. Мартынаў — аўтар артыкулаў: «УСК — мова падачы ведаў i эўрыстычнага пошуку» (1980), «УСК-3: варыянт мовы прадстаўлення ведаў i эфектыўных вылічэнняў» (1983), «УСК-4 — асобага роду мова падачы i пераўтварэння ведаў» (1989) i іншых, што былі прачытаны як даклады на ўсесаюзных i міжнародных ciмпозіумах i канферэнцыях.

Тв.: Лингвистические методы обоснования гипотезы висло-одрской прародины славян. Мн., 1963; Кибернетика. Семиотика. Лингвистика. Мн., 1966; Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968; Праславянская и балто-славянская суффиксальная деривация имён. Мн., 1973, Балто-славяно-италийские изоглоссы: Лексич. синонимия. Мн., 1978; Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982; Балто-славянские этимологии // Acta Baltico-Slavica. Wrocław, 1984. Т. 14; Функциональная грамматика и категории языка // Проблемы функциональной грамматики. М., 1985; Построение и реализация алгоритма планирования в исчислении, основанном на универсальном семантическом коде (у сааўт.) // Изв. АН СССР. Техн. кибернетика. 1985. № 5; Восточно-славянская и этимологическая лексикография (у сааўт.) // Славянская историческая этимологическая лексикография. (1970—1980 гг.). М., 1986; Цели и принципы составления конкордансов нового типа // Вторая Всесоюзная конференция по созданию машинного фонда русского языка: Материалы конференции. М., 1988; Праславянский язык и его место в западнобалтийском диалектном континууме. Mн., 1988; Сакральный мир «Слова о полку Игореве» // Славянский и балканский фольклор. М., 1989; Мова i культура. Некаторыя разважанні // Бел. лінгвістыка. Мн., 1989. Вып. 36.

Літ.:   В я р э н і ч   В. Л.   Biктap Уладзіміравіч Мартынаў: (Да 60-годдзя з дня нараджэння) // Бел. лінгвістыка. Мн., 1984. Вып. 25;   Л у ч ы ц — Ф е д а р э ц   І.   Чалавек XX стагоддзя // Навіны беларускай акадэміі. 19 лютага 1993.

В. Л. Вярэніч.

Гл. таксама некралогі В. У. Мартынаву на сайце Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя, сайце газеты «Наша ніва», сайце «Радыё Свабода».

Кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар