У красавіку 2013 г. пайшоў з жыцця цікавы даследчык беларускай мовы, лексікограф Фёдар Антонавіч Піскуноў. Сёння б яму споўнілася 64 гады. З гэтай нагоды, рэдакцыя сайту хацела б запрапанаваць нашым чытачам апошні артыкул сп-ра Піскунова – “Развагі пра ненаціскное Э, або як назавём жыхароў горада Рэчыца” – які быў апублікаваны ўжо калі аўтар не жыў.
Для большасці тых, хто ведае імя Піскунова, ён запомніўся як аўтар—складальнік вялікага беларускага слоўніка, але на фоне сучаснай сітуацыі ў беларускай лінгвістыцы мне падаецца больш цікавым не гэты яскравы факт, але ў цэлым асоба Фёдара Антонавіча як мовазнаўцы: ягонае разуменне праблем мовы, цвярозы, падмацаваны глыбокім аналізам моўнага матэрыялу погляд на праблемы правапісу і існавання беларускай мовы ў грамадстве. Менавіта гэтым выбіваюцца ягоныя працы з шэрай масы навуковых публікацый на тэму беларускай мовы.
Таксама мы можам рэкамендаваць нашым чытачам артыкул на беларускай Вікіпедыі. Матэрыялы да яго былі падрыхтаваныя Крысцінай Пучынскай, тэкст складзены мною і дапоўнены пазней ужо іншымі ўдзельнікамі гэтага сусветнага энцыклапедычнага праекту, за што ім таксама дзякуй.
На нашым сайце старонка, прысвечаная Фёдару Піскунову, акрамя ўласна звестак пра асобу, змяшчае таксама публікацыі, рэцэнзіі і водгукі на ягоныя працы.
На здымку — родны дом Фёдара Піскунова, вёска Раманавічы. Фотаздымак Крысціны Пучынскай.