У верасні 2018 года ў БДУ была абаронена вельмі цікавая кандыдацкая дысертацыя – «Варыянтнасць у гетэрагенным гарадскім маўленні (на матэрыяле запісаў у г. п. Хоцімску)». У даследаванні паказваецца, на якой мове гаворыць беларускі райцэнтр. Мы папрасілі Наталлю Яненка, аўтарку дысертацыі, расказаць сваю навуковую гісторыю – пра выбар тэмы, працу «ў полі», пошук метадалогіі і г. д.

Наталля Яненка

– Займацца даследаваннем вуснага маўлення беларусаў я пачала 10 гадоў таму. У 2008 г. я, студэнтка другога курса філалагічнага факультэта БДУ, стала адным з удзельнікаў сумеснага нямецка-беларускага праекта «“Трасянка” ў Беларусі: “змешаная разнавіднасць” як прадукт беларуска-рускага моўнага кантакту» (2008–2011), рэалізаванага паміж Альдэнбургскім універсітэтам імя Карла фон Асецкага (Германія) і Беларускім дзяржаўным універсітэтам. Для праекта шукаліся студэнты, бацькі якіх пражывалі ў невялікіх беларускіх гарадах або пасёлках і ў паўсядзённым жыцці карысталіся змешаным беларуска-рускім маўленнем, так званай «трасянкай». Было адабрана сем населеных пунктаў (па адным з кожнай вобласці і Мінск). Гарадскі пасёлак Хоцімск (колькасць насельніцтва прыкладна 7000 чалавек) быў выбраны як прадстаўнік усходняй (віцебска-магілёўскай) падгрупы паўночна-ўсходняга дыялекту. Акрамя таго, што хоцімская гаворка ўвогуле з’яўляецца «пераходнай» паміж беларускай і рускай мовамі, моўныя рысы, што супадаюць з рускай мовай, фіксуюцца ў мясцовым маўленні не толькі як мясцовая дыялектная спадчына, але і як вынік новага ўплыву на мясцовую гаворку рускай літаратурнай мовы.

Дыялектныя зоны Беларусі
Дыялектныя зоны Беларусі

Сямейныя запісы

У 2008 і 2010 гг. я рабіла дыктафонныя запісы размоў членаў сваёй сям’і і іх блізкіх сяброў (усяго 12 чалавек) у рамках паўсядзённай камунікацыі: на кухні падчас вячэры; дома ў сяброўкі мамы; у гасцях у стрыечнага пляменніка таты і інш. Былі атрыманы запісы маўлення прадстаўнікоў старэйшага (38–46 гадоў) і малодшага (12–28 гадоў) пакаленняў. Акрамя таго, зафіксавана маўленне жанчыны 69 гадоў. Сярод інфармантаў старэйшага пакалення ёсць выхадцы з Хоцімска і мігранты з вёсак у горад. Усе інфарманты малодшага пакалення нарадзіліся і на момант запісаў жылі ў Хоцімску. Запісана маўленне прадстаўнікоў сферы медыцыны (медсястра), адукацыі (настаўніцы, вучні), будаўніцтва (будаўнік, муляр), гандлю (прыватны прадпрымальнік). Згодна з умовамі праекта я таксама прымала ўдзел у размовах, г. зн. з’яўлялася адным з інфармантаў.

Хоцімскі Свята-Троіцкі сабор (sobor.hotimsk.by)

На наступным этапе праекта збіральнікі матэрыялу рабілі транскрыпцыю атрыманых запісаў па спецыяльна распрацаваных правілах. У выніку быў створаны вялікі корпус беларуска-рускага маўлення (зараз ён даступны ў інтэрнэце ). Нямецкія даследчыкі аналізуюць яго з дапамогай камп’ютарных праграм, выяўляючы колькасныя характарыстыкі ўжывальнасці вылучаных імі «беларускіх», «рускіх», «агульных» і «гібрыдных» адзінак. Статыстычныя падлікі ў такім выпадку служаць аргументам у справе кваліфікацыі маўлення як «змешанага» і даюць магчымасць устанавіць яго аснову, большую або меншую «беларусізаванасць» або «русіфікаванасць» (падрабязней пра падыходы і вынікі даследавання нямецкіх калег можна прачытаць тут).

Метадалогія

Атрымаўшы запісы маўлення членаў сваёй сям’і, я пачала даследаваць іх у рамках курсавой работы, якая пазней перарасла ў дыпломную і ў выніку вылілася ў кандыдацкую дысертацыю. Разам са сваім навуковым кіраўніком Сяргеем Мікалаевічам Запрудскім я прайшла вельмі цікавы шлях метадалагічнага пошуку. На самым пачатку даследавання я дакладна ведала толькі адно: у маўленні маіх інфармантаў выразна прысутнічаюць тры групы моўных адзінак: такія, якія супадаюць з беларускай літаратурнай мовай, такія, якія супадаюць з рускай літаратурнай мовай, і такія, якія маюць выразную дыялектную афарбоўку. Але як яны ўжываюцца моўцамі? Якія з іх пераважаюць, а якія сустракаюцца адзінкава? Ці ёсць у іх выкарыстанні інфармантамі заканамернасці? Узяўшы для аналізу саліентныя пераменныя (такія, якія добра ўспрымаюцца на слых і варыянтнасць якіх з’яўляецца выразнай), я пачала рабіць колькасныя падлікі ўжывальнасці варыянтаў кожнай з іх. Аказалася, што колькасныя паказчыкі могуць моцна вар’іраваць. Аднак спыняцца на статыстыцы не хацелася – была пастаўлена задача атрымаць ад матэрыялу як мага больш.

Літаратура

З падказкі навуковага кіраўніка я пачала знаёміцца з адзінкавымі беларускімі і шматлікімі замежнымі даследаваннямі непадрыхтаванага вуснага маўлення. Прагледзеўшы вельмі шмат літаратуры, паспрабаваўшы прымяніць некалькі методык да вывучэння матэрыялу, мы вызначыліся з метадалогіяй даследавання. Намі была абрана варыяцыянісцкая сацыялінгвістыка – сучасная сацыялінгвістычная парадыгма, згодна з прынцыпамі якой моўная варыянтнасць не з’яўляецца выпадковай і абумоўлена ўнутранымі (унутрымоўнымі) і знешнімі (сацыяльнымі і стылістычнымі) фактарамі. Вельмі важным і прынцыповым для нас з’яўляецца тое, што запісаны і затранскрыбаваны тэкст у рамках гэтай парадыгмы разглядаецца як адна моўная сістэма і аналіз функцыянавання канкрэтнай моўнай пераменнай праводзіцца толькі ў межах гэтай сістэмы, без параўнання з іншымі моўнымі разнавіднасцямі, у нашым выпадку з беларускай і рускай літаратурнымі мовамі. З’яўленне гэтага метаду звязана з імем амерыканскага сацыялінгвіста Уільяма Лабова, які стаў пачынальнікам вывучэння абумоўленасці варыянтнасці ў вусным маўленні знешнімі фактарамі (у тым ліку характарам узаемаадносін паміж моўцамі, умовамі канкрэтнага маўленчага акта і прагматычнымі ўстаноўкамі яго ўдзельнікаў). Даследчык вылучыў два стылі маўлення: нязмушаны (характэрны для нязмушанай паўсядзённай камунікацыі людзей) і старанны (узнікае, калі моўцу задаюць пытанні ў рамках індывідуальнага інтэрв’ю). У далейшым паняцце стылю прымяняльна да вуснай камунікацыі пашырылася і сталі вылучацца стылістычныя фактары, г. зн. знешнія фактары, якія абумоўліваюць варыянтнасць у маўленні канкрэтнага інфарманта.

Уільям Лабоў (www.linguisticsociety.org)

Апісаныя прынцыпы варыяцыянісцкай парадыгмы вельмі важныя ў маёй рабоце і выразна адрозніваюцца ад падыходаў іншых даследчыкаў вуснага маўлення беларусаў. Адметнай асаблівасцю (сацыя)лінгвістычнага вывучэння гэтага феномена (які на розных этапах рознымі навукоўцамі называецца трасянкай, змешаным беларуска-рускім маўленнем) з’яўляецца імкненне даследчыкаў вычленіць у ім беларускія, рускія і змешаныя элементы і на аснове колькаснага аналізу іх размеркавання кваліфікаваць наяўны матэрыял як прыклад адпаведнай (беларускай, рускай або змешанай) мовы. Пры гэтым моўная атрыбуцыя канкрэтных адзінак і маўлення ў цэлым адбываецца на аснове параўнання матэрыялу з літаратурнымі разнавіднасцямі беларускай і рускай моў.

У сваім даследаванні я свядома адмаўляюся ад паняццяў «трасянка» (агульнапрынятае азначэнне якога да гэтай пары не распрацавана) і «змешанае маўленне» і кваліфікую запісаны матэрыял як гетэрагеннае маўленне – маўленне, заснаванае на мясцовай (хоцімскай) гаворцы з прысутнасцю элементаў, якія выразна ад яе адрозніваюцца і па форме супадаюць з элементамі беларускай (у меншай ступені) і рускай (у большай ступені) моў. Мной выкарыстоўваецца класіфікацыя варыянтаў, якая ўключае наступныя адзінкі: 1) «умоўна беларускія», 2) «умоўна рускія» і 3) «мясцовыя». Прымяненне дадзенай класіфікацыі абумоўлена неабходнасцю размежавання варыянтаў і не прадугледжвае ацэнку той ці іншай словаформы як прыналежнай да адпаведнай моўнай разнавіднасці. Абапіраючыся на падыходы Пітэра Аўэра , свой матэрыял я разглядаю як «адну мову». Насычэнне моўнага фрагмента варыянтамі той ці іншай разнавіднасці стварае эфект своеасаблівага «беларускага» або «рускага» стылю маўлення інфармантаў. Прычыны і характар пераключэння моўцаў з аднаго стылю маўлення на іншы разглядаюцца мной падрабязна.

Пітэр Аўэр (idw-online.de)

Службовыя запісы

Адным з важных стылістычных фактараў, які ўплывае на маўленне моўцаў, з’яўляецца сітуацыя камунікацыі. Жадаючы прааналізаваць характар маўленчых паводзін сваіх інфармантаў у розных сітуацыях, у 2013 г. я зрабіла запісы іх маўлення ў рамках неафіцыйных размоў з калегамі па рабоце на працоўных месцах (гутаркі настаўніц падчас перапынкаў; размовы прадаўшчыц у адсутнасць пакупнікоў; дыялогі будаўнікоў падчас работы або перакураў). Неафіцыйны характар размоў у дадзеным выпадку з’яўляецца прынцыповым. Ён абумоўлены задачай атрымаць менавіта гетэрагеннае маўленне, а не маўленне, набліжанае да рускай мовы, якое магло мець месца ў рамках афіцыйных сітуацый (напрыклад, на педсавеце ў школе ці на планёрцы на будоўлі). Увогуле такая сітуацыя вельмі цікавая, амбівалентная, бо на маўленне інфармантаў у падобных умовах уздзейнічаюць чыннікі розных, нават супрацьлеглых напрамкаў: з аднаго боку, афіцыйнае месцазнаходжанне (працоўнае месца) можа выклікаць з’яўленне ў маўленні інфармантаў «умоўна рускіх» варыянтаў; з другога боку, сяброўскія адносіны паміж суразмоўцамі (якія знаходзяцца на адной прыступцы службовай лесвіцы) і неафіцыйны характар камунікацыі могуць абумоўліваць звычайны для моўцаў характар маўлення (у тым ліку з перавагай «мясцовых» ці «ўмоўна беларускіх» варыянтаў). Які з фактараў (працоўнае месца або сяброўскія адносіны) дзейнічае мацней – адно з важных пытанняў, якое паўставала перада мной падчас даследавання.

Для службовай часткі даследавання я сабрала запісы маўлення 4 з 12 інфармантаў. Змяншэнне колькасці інфармантаў 2013 г. у параўнанні з 2008 і 2010 гг. звязана са зменай статусу некаторых удзельнікаў даследавання, у прыватнасці з паступленнем школьнікаў у ВНУ і іх пераездам у буйны горад, выхадам асобных інфармантаў на пенсію.

Атрыманы матэрыял быў затранскрыбаваны ў адпаведнасці з правіламі, прынятымі ў працах па беларускай дыялекталогіі. Аб’ём сямейных запісаў складае 79 дыялогаў (305 хвілін чыстых запісаў, 8452 выказванні, або 34 044 словаформы), службовых – 18 дыялогаў (280 хвілін чыстых запісаў, 5022 выказванні, або 23 300 словаформ). Падзел запісаў на дыялогі ажыццяўляўся ўмоўна, у асноўным згодна з дамінантнай тэмай.

Віды вар’іравання

Услед за П. Экерт і Дж. Рыкфардам і С. Рамэйн у сваім матэрыяле я вылучаю тры віды вар’іравання:

  • вар’іраванне, якое абумоўлена моўнымі, або ўнутранымі, фактарамі (internal constraints),
  • вар’іраванне, якое абумоўлена сацыяльнымі фактарамі, або адрозненнямі, якія існуюць паміж інфармантамі (inter-speaker constraints),
  • вар’іраванне, якое абумоўлена стылістычнымі фактарамі і назіраецца ў маўленні аднаго інфарманта (intra-speaker constraints); пад стылістычнымі фактарамі тут разумеюцца знешнія аспекты сітуацыі камунікацыі (тэма і характар размовы, узаемаадносіны паміж інфармантамі) і прагматычныя ўстаноўкі моўцаў, якія тым ці іншым чынам могуць паўплываць на маўленне інфарманта.

Вар’іраванне першага і другога тыпаў назіраецца ў матэрыяле  абмежавана. Значна шырэй прадстаўлена стылістычнае вар’іраванне, у рамках якога мной вылучаецца фанетычная, марфалагічная і лексічная варыянтнасць. Разгледжана выкарыстанне інфармантамі наступных фанетычных варыянтаў:

  • фрыкатыўны [г] vs. выбухны [ґ],
  • цвёрды [ч] vs. мяккі [ч’],
  • цвёрды [р] vs. мяккі [р’],
  • варыянтнасць зычных [дз’] vs. [д’], [ц’] vs. [т’],
  • пачатковы гук у корані займеннікавага прыметніка, займеннікавага прыслоўя, злучніка, часціцы (йак’еˊй vs. ік’еˊй vs. какоˊй і пад.),
  • пачатковы гук у корані асабовых займеннікаў 3-й асобы (йанаˊ vs. інаˊ vs. анаˊ і пад.).

Спіс прааналізаваных марфалагічных адзінак уключае чатыры пераменныя:

  • канчатак роднага склону адз. л. прыметнікаў, займеннікавых прыметнікаў і парадкавых лічэбнікаў м. і н. р. (-ога, -ага, -ыга, -іга vs. ‑ова, ‑ава, ‑ыва, -іва),
  • канчаткі дзеясловаў 3-й асобы адз. і мн. л. цяперашняга і будучага простага часу з мяккім vs. цвёрдым зычным (-ец’, -іц’, -уц’, -ац’ vs. ‑от, ‑іт, ‑ут, -ат),
  • суфікс дзеяслова прошлага часу адз. л. м. р. (‑ў vs. -л),
  • постфікс -c’a vs. -c’.

Лексічная варыянтнасць прадстаўлена ў матэрыяле аналізам наступных пар варыянтаў:

  • баˊчыц’ vs. в’іˊдз’ец’,
  • буˊл’ба vs. картоˊшка,
  • гроˊшы vs. дз’еˊн’г’і,
  • баˊц’ка vs. ац’еˊц.

У прыведзеных парах варыянтаў першы адпавядае беларускай літаратурнай мове, з’яўляецца «ўмоўна беларускім», другі – рускай літаратурнай мове, выступае «ўмоўна рускім». У некаторых выпадках разам з «крайнімі» літаратурнымі мной разглядаюцца «прамежкавыя» «мясцовыя» варыянты, пад якімі разумеюцца адзінкі, што маюць выразную дыялектную афарбоўку. Для падрабязнага разгляду былі выбраны тыя саліентныя фанетычныя, марфалагічныя і лексічныя пераменныя, на аснове якіх часцей за ўсё робяцца высновы аб беларускасці або рускасці маўлення ў рамках канкрэтных маўленчых актаў; тым самым гэтыя пераменныя выступаюць у якасці стылістычных сродкаў маўлення.

Хоцімскі парк культуры і адпачынку (fotobel.by)

Алгарытм аналізу матэрыялу

Мной ажыццяўляўся колькасны аналіз (абсалютны і працэнтны) выпадкаў ужывання ў матэрыяле таго ці іншага варыянта асобнай пераменнай. Калі розніца паміж колькасцю іх выкарыстанняў аказвалася вялікай, то асаблівую ўвагу я аддавала варыянту, колькасць выкарыстанняў якога ў матэрыяле вельмі нязначная. Я спрабавала растлумачыць, наколькі гэта магчыма, (амаль) усе выпадкі ўжыванняў гэтага варыянта, выкарыстоўваючы метад сацыялінгвістычнай інтэрпрэтацыі. Калі ж паміж колькасцю ўжыванняў варыянтаў пэўнай пераменнай розніца была нязначнай, то, разглядаючы выкарыстанне канкрэтнага варыянта тым або іншым інфармантам, я ўлічвала пол, узрост, прафесію чалавека і тое, наколькі чаканым з’яўляецца ўжыванне ім гэтага варыянта. Асаблівую ўвагу я аддавала выпадкам, калі маўленчыя паводзіны асобнага інфарманта выразна адрозніваліся ад паводзін інфармантаў той жа прафесіі, узросту і полу.

Важным момантам у сваім даследаванні я лічу тое, што ўсе інфарманты – добра знаёмыя мне людзі (мае бацькі, сястра, родзічы і сябры нашай сям’і). Адпаведна, я ведаю іх звычайную маўленчую практыку, іх характар, спосабы выражэння імі розных эмоцый і інш. Акрамя таго, мой удзел у палявым даследаванні ў якасці аднаго з інфармантаў таксама даў мне вельмі шмат карыснай інфармацыі: я ведаю значную частку сітуацый камунікацыі, настрой іх удзельнікаў, эмоцыі, якія не заўсёды дакладна можа перадаць тэкст і нават аўдыязапіс. Таму з вялікай верагоднасцю можна сказаць, што адлюстраваныя мной назіранні і зробленыя вывады з’яўляюцца абгрунтаванымі.

Высновы

Прааналізаваўшы вышэйапісаным метадам свой матэрыял, я прыйшла да наступных высноў. Значная частка маіх запісаў носіць бессістэмны характар: ужыванне інфармантамі розных варыянтаў пераменных не паддаецца тлумачэнню. Аднак існуе даволі шмат кантэкстаў (20 % прааналізаваных выкарыстанняў), у якіх у размеркаванні варыянтаў назіраюцца пэўныя заканамернасці. У прыватнасці, высветлена, што ў шэрагу сітуацый, якія па той ці іншай прычыне свядома або несвядома ацэньваюцца інфармантамі як спецыфічныя або адлюстроўваюць іх прагматычныя ўстаноўкі, моўцы схільны ўжываць варыянты, якія супадаюць з рускай мовай. Такімі сітуацыямі і стылістычнымі фактарамі з’яўляюцца:

а) фактары, звязаныя са знешнімі аспектамі канкрэтнага маўленчага акта: пэўны характар сітуацыі (наяўнасць некаторай урачыстасці, а таксама выразнае проціпастаўленне роляў: «старэйшы» – «малодшы», «маці» – «дачка», «вопытны» – «нявопытны»); выражэнне інфармантамі розных відаў экспрэсіі (здзіўленне, строгасць, незадавальненне і інш.); тэма размовы, нейкім чынам звязаная з выкарыстаннем рускай мовы (адукацыя, работа, горад); станоўчы характар змешчанай у выказванні інфармацыі; малады ўзрост чалавека, пра якога расказваецца; цытаванне інфармантамі слоў іншых людзей або ўстойлівых выразаў; пэўная стылістычная афарбоўка слова, змешчанага ў выказванні;

б) фактары, якія адлюстроўваюць прагматычныя ўстаноўкі моўцаў: жаданне перадаць пэўныя (звычайна адмоўныя, але часам і станоўчыя) адносіны да чалавека, пра якога вядзецца гаворка; акамадацыя да суразмоўцы; своеасаблівая «рэклама»; пахвальба.

«Умоўна рускія» варыянты могуць служыць самым розным, часам нават супрацьлеглым мэтам: быць сродкам выражэння як адмоўных, так і станоўчых адносін да чалавека, падтрымліваць пэўную ўрачыстасць сітуацыі і выражаць іронію да чалавека, пра якога вядзецца гаворка. Нетыповым, стылістычна маркіраваным можа выступаць і «ўмоўна беларускі» варыянт, аднак у матэрыяле гэта прадстаўлена абмежавана. Выкарыстанне моўцамі «мясцовых» варыянтаў з’яўляецца нейтральным, нават у рамках службовай камунікацыі, што ў нашым выпадку абумоўлена яе нефармальным характарам і сяброўскімі адносінамі ўдзельнікаў дыялогаў.

Скульптура князёўны Хацімы – сімвала Хоцімскага раёна (1prof.by)

Вылучаныя фактары выкарыстання інфармантамі «ўмоўна рускіх» варыянтаў працуюць у абедзвюх частках запісаў. Матэрыял паказаў нязначнае адрозненне паміж сямейнымі і службовымі запісамі, што абумоўлена нефармальным характарам размоў калег на працоўных месцах. Тым не менш у маўленні школьнай настаўніцы адзначаны выпадкі павелічэння долі «ўмоўна рускіх» варыянтаў у службовых запісах у параўнанні з сямейнымі; у маўленні будаўніка назіраецца знікненне «ўмоўна рускіх» варыянтаў падчас камунікацыі на працоўным месцы на ўзроўні амаль усіх пераменных, што можа тлумачыцца статусам яго суразмоўцаў: калі ў сямейных дыялогах гэта інфарманты жаночага полу, у тым ліку з вышэйшай адукацыяй, то ў службовых – мужчыны-будаўнікі.

Выяўленыя асаблівасці маўленчых паводзін інфармантаў дазваляюць казаць пра пэўнае багацце і несумненную выразнасць іх маўлення. Маючы ў якасці матэрыялу некалькі моўных пластоў, яны могуць свабодна вар’іраваць выкарыстанне элементаў таго ці іншага з іх. У маўленні інфармантаў адзначаны выпадкі пераключэння кодаў і цытавання ўстойлівых выразаў.

Замест заключэння

Удзел у даследаванні даў мне вельмі шмат як у навуковым, так і ў асабістым плане. З вялікай цікавасцю я вывучала асаблівасці маўлення сваіх родных і выявіла такія яго характарыстыкі, пра якія раней нават не магла падумаць і на якія не звяртала ўвагі. Мае родныя і блізкія адкрыліся для мяне з новага боку. Шчыры дзякуй маім дарагім інфармантам за згоду на ўдзел у даследаванні і падтрымку на ўсіх яго этапах.

З мэтай прадстаўлення і абмеркавання вынікаў даследавання я прыняла ўдзел у вялікай колькасці рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцый, у тым ліку ў Карлавым універсітэце ў Празе і ў Еўрапейскім універсітэце ў Санкт-Пецярбургу. Было вельмі цікава пазнаёміцца з маладымі навукоўцамі з розных краін, якія з такім энтузіязмам ездзяць па вялікіх і маленькіх, блізкіх і далёкіх населеных пунктах, збіраюць матэрыял «у полі» і на аснове яго аналізу пішуць дысертацыі. Вялікім гонарам лічу знаёмства з доктарам філалагічных навук, членам-карэспандэнтам РАН, прафесарам факультэта антрапалогіі Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу Мікалаем Барысавічам Вахціным , ад якога атрымала кансультацыі падчас візітаў у Санкт-Пецярбург, падтрымку абранай метадалогіі і высокую ацэнку даследавання; шаноўнай спадарыняй Эльжбетай Смулковай – прафесарам, колішнім кіраўніком кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта і кафедры беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку, першым паслом Польшчы ў Беларусі, якая ўзяла на сябе клопат пазнаёміцца з аўтарэфератам, выказала станоўчую ацэнку і каштоўныя заўвагі.

На канферэнцыі «Антрапалогія. Фалькларыстыка. Сацыялінгвістыка» ў Еўрапейскім універсітэце ў Санкт-Пецярбургу. 2014 г.

У снежні 2018 г. у Хоцімску прайшла Першая раённая краязнаўчая канферэнцыя, на якой я выступіла з дакладам. Гэта было, відаць, адно з самых адказных маіх выступленняў, бо слухачамі з’яўляліся тыя, хто кожны дзень чуе аналізаванае мной маўленне і ў большай ці меншай ступені карыстаецца ім. Перада мной стаяла складаная і адначасова цікавая задача – расказаць жыхарам Хоцімска пра адметнасць, багацце і выразнасць іх маўлення, паказаць тыя магчымасці, якімі яны, самі таго не ведаючы, валодаюць. Было вельмі прыемна атрымаць станоўчыя водзывы ад слухачоў. Вялікі дзякуй арганізатарам за магчымасць прыняць удзел у канферэнцыі.

Падчас выступлення на канферэнцыі ў Хоцімску

Вельмі ўдзячная ўсім, хто тым ці іншым чынам спрычыніўся да абароны дысертацыі, асабліва супрацоўнікам кафедры гісторыі беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ і, канечне, свайму навуковаму кіраўніку Сяргею Мікалаевічу Запрудскаму.

З аўтарэфератам дысертацыі можна пазнаёміцца тут . Тэкст дысертацыі даступны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ў Фундаментальнай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Кандыдат філалагічных навук, займаецца даследаваннямі і працуе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (кафедра агульнага мовазнаўства). Навуковыя інтарэсы: сацыялінгвістыка, моўныя кантакты, граматыка, семантыка, прагматыка. Цікавіцца ўзаемадзеяннем лічбавых тэхналогій і гуманітарных навук, у т.л. корпуснай лінгвістыкай і візуалізацыяй дадзеных, а таксама праблемамі прэзентацыі навуковых рэзультатаў і камунікацыі навукоўцаў з шырокай аўдыторыяй.

Дадаць каментар