У тэорыі маўленчых актаў ёсць такі тып — перфарматыў (уведзены Джонам Осцінам). Гэта выраз, які эквівалентны ўчынку. Кажучы проста, гэта калі асоба непасрэдна называе словамі тое, што павінна значыць дзеянне, якое яна зараз выконвае. Напрыклад, Я загадваю вам зрабіць… ці Аб’яўляю вас мужам і жонкай. У гэтую катэгорыю трапляе і маўленчы факт, якому сёння 103 гады – абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.
Сама з сябе з’ява, можа, не вельмі цікавая, бо ў свеце зараз больш за 200 краін, і ў гісторыі кожнай магло быць хіба па некалькі абвяшчэнняў дзяржаў. Больш важна звярнуць увагу на ўплыў яго на ўсё, што далей адбылося на нашай тэрыторыі. Рэальна БНР як дзяржава не паўстала – у тых умовах гэта было немажліва. Але Рада БНР паказала сусвету, што ёсць такая ідэя і што ёсць людзі, якія гэтую думку падтрымліваюць.
Фактычна вырашаць лёс беларускай дзяржаўнасці давялося бальшавікам. І там былі вельмі розныя думкі. Кнорын пісаў увосені 1918-га:
Мы считаем, что белорусы не являются нацией и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты. Нашей задачей является не создание новых наций, а уничтожение национальных рогаток.
«Мы» тут – гэта не толькі бальшавікі як партыя, але і канкрэтна Мяснікоў (Мяснікян), Кнорын, Ландэр. Вядомыя прозвішчы для мяне як для жыхара сталіцы…
Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) наадварот актыўна прасоўваў ідэю аб самастойнасці Беларусі, але камуністы-беларусы у той час маглі б згадзіцца і на аўтаномію у рамках Расійскай Федэрацыі.
Аднак з’явілася Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі. А без «папяровай» небальшавіцкай БНР, мо, і была б Беларуская вобласць у складзе Савецкай Расіі, пазней – РСФСР. А так Беларусь стала краінай-заснавальніцай СССР, а пасля вайны – і ААН. А ў 1991 годзе і незалежнай краінай. Зараз у нас вельмі няпростая сітуацыя, але калі б 30 гадоў таму мы былі б вобласцю, то ўсё магло быць яшчэ больш сумна.
Цікава, што ў савецкія часы інфармацыя пра БНР была пад забаронай, у падручнікі не трапляла, нягледзячы на тое, што бэнээраўцы былі не «белымі», «буржуямі» ці яшчэ кім, а сацыялістамі і людзьмі з народу. Чаму? Натуральна, таму што бальшавікам альтэрнатывы быць не магло – ні ў часы СССР, ні раней. Ну і бо не трэба казаць лішняга. Гэта павінен быў добра ўбіць сабе ў галаву савецкі чалавек.
Як бачым, казаць, мовіць, заяўляць пра сябе вельмі і вельмі трэба. Вельмі трапная метафара французскага філосафа П’ера Бурдзьё, які ў 1980 годзе прапанаваў тэрмін «сімвалічны капітал». Гэта тыя рэчы (ідэі), каштоўнасць якіх абмоўленая стаўленнем грамадства, а не сабекоштам «тавара». Вартасць з’яў інфармацыйнай прыроды, як пісаў пазней Элвін Тофлер. А словы на 100% складаюцца з інфармацыі.
Сапраўды, наколькі малы ўплыў на паўсядзённае жыццё людзей у 1918 годзе зрабіла абвяшчэнне БНР — і наколькі вялікія вынікі ад таго мы маем сёння. Што стала з грашыма беларусаў, якія стагоддзе таму былі ў банках і траплялі туды пазней? Зніклі, страчаныя войнамі і сацыяльнымі зменамі, з’едзеныя інфляцыяй. А простыя словы, укладзеныя ў «інфармацыйны банк» грамадства сваю каштоўнасць не губляюць, а хіба, наадварот, даражэюць.