Сумная навіна прыйшла з Германіі. У Кёльне 23 мая пайшоў з жыцця вядомы мовазнавец прафесар Арнольд Яфімавіч Міхневіч.
Вельмі таленавіты і працавіты даследчык, выдатны арганізатар і абаяльны чалавек, ён зрабіў важкі ўнёсак у даследаванне беларускай мовы і культуры, у развіццё айчыннай педагогікі і рыторыкі.
Арнольд Яфімавіч быў вельмі эрудзіраваным чалавекам, ведаў некалькі замежных моў, шмат чытаў і пісаў, сачыў за новымі тэндэнцыямі ў мовазнаўстве і грамадстве, стараўся перанесці новыя ідэі на нашу глебу. Імкнуўся данесці філалагічныя, беларусазнаўчыя веды да шырокіх колаў грамадства.
Ён стаў арганізатарам, рэдактарам і аўтарам фундаментальнай энцыклапедыі “Беларуская мова” (1994), заснаваў шэраг кніжных серый.
Падрыхтаваў трох дактароў навук і 15 кандыдатаў навук.
Аўтар каля 650 публікацый пра беларускую мову (сінтаксіс, марфалогію, этымалогію, культуру маўлення, узаемадзеянне моў), культуру, літаратуру, рыторыку і інш.
Сваякі, вучні, сябры і калегі смуткуюць з-за гэтай трагічнай падзеі.
У 2006 годзе грунтоўны агляд жыцця і дзейнасці А. Я. Міхневіча падрыхтаваў В. К. Шчэрбін.
Спіс публікацый гл. у кнізе: Арнольд Міхневіч. Выбраныя працы: Мова – Культура – Камунікацыя / уступ. арт. С. А. Важніка. – Мінск: РІВШ, 2013.