Днямі да сяброў суполкі Philology.by звярнуўся Аляксандр Кошаль з просьбай дапамагчы ў зборы інфармацыі пра Адама Паўлюкаўца, аўтара падручніка «Мова эсперанта» (Мінск, 1992). Беглы пошук па даступных друкаваных крыніцах паказаў, што звестак пра гэтага чалавека сапраўды няма. Некалькі згадак удалося знайсці толькі ў інтэрнэце. Ніжэй прыводзім зварот Аляксандра Кошаля да ўсіх, хто можа дапамагчы яму ў росшуках.

* * *

Беларуская гісторыя налічвае шмат лінгвістаў, якія зрабілі значны ўнёсак не толькі ў беларускую мову і культуру, але і ў замежную. Адным з такіх выбітных людзей быў Адам Аляксандравіч Паўлюкавец. Лінгвіст, перакладчык, паэт і патрыёт Беларусі, ён зрабіў вельмі шмат за той час, які скупа адмераў яму Бог.

Маё знаёмства з гэтым легендарным чалавекам пачалося з мовы эсперанта. Простая і лёгкая ў вывучэнні мова для міжнародных зносін скарыла мяне сваёй прыгажосцю і лаканічнасцю. Вельмі ўразіла, што яна была вельмі папулярная ў ХХ стагоддзі сярод народаў былога СССР і непасрэдна ў нашай краіне. Адным з фундаментальных і, на жаль, бадай што адзіным падручнікам на беларускай мове з’яўляецца дапаможнік А. А. Паўлюкаўца «Мова эсперанта». Той варыянт, што быў у агульным доступе, мне не спадабаўся, бо змяшчаў вельмі шмат памылак. Для сябе паставіў задачу: знайсці кнігу ў папяровым выглядзе і цалкам распазнаць яе. Задача была паспяхова мною выканана. Паступова пачаў цікавіцца аўтарам кнігі і, як гэта часта бывае, убачыў, што беларускамоўная Вікіпедыя змяшчае толькі некалькі радкоў пра яго. Пачаліся пошукі… І першым хто, ласкава пагадзіўся ўспомніць пра свайго былога сябра, стаў Мікола Бусел. Вось яго ўспаміны (падобны ліст у 2002 годзе ўжо друкавала «Наша Ніва». — Заўв. Philology.by):

 

Ν. ΜΠ 30.01.2019

…З Адамам Паўлюкаўцом я пазнаёміўся, калі ён пасяліўся да нас у студэнцкі пакой інтэрната па Омскім завулку, 12, што стаяў побач з інстытутам. Адам быў на адзін курс старэйшы за мяне, ён вучыўся на факультэце французскай мовы, мы ж вывучалі іспанскую. Гэта быў невысокі, худы, з негустымі валасамі юнак, вельмі сціпла апрануты. З сабою ён прынёс акрамя звычайных рэчаў скрыначку, у якой акуратна стаялі канверты з лістамі. Адам быў не надта гаваркі, і мы не прыставалі да новага насельніка з роспытамі. Ён мала бываў у пакоі, звычайна пасля заняткаў некуды хадзіў і прыходзіў пад вечар. От тады ён сядаў і браўся за хатняе чытанне па-французску. Памятаю, гэта была даволі тоўстая кніга Les Thibault Ражэра Марціна дзю Гара.

Неяк я ўбачыў у яго і Le Docteur Jivago. Я ведаў, што гэтая кніжка Пастарнака забароненая бальшавікамі, цікавасці да яе я не меў, а вось Адам недзе ёю разжыўся і чытаў.

Калі я пацікавіўся, нашто ён так беражэ лісты, ён расказаў мне, што гэта ягоная перапіска з замежнымі эсперантыстамі, што ён – адзін з сакратароў Міжнароднага саюза эсперантыстаў і што яго запрашалі на кангрэс эсперантыстаў у Польшчу. Але калі ён звярнуўся па візу, кагэбісты параілі яму адмовіцца, маўляў, ён хворы. Канешне, Адам хлусіць не стаў, і нікуды яго не пусцілі. (Відаць, не быў ён агентам уплыву.)

Лісты ж да яго прыходзілі з усяго свету, з прыгожымі маркамі. Чамусьці мне запомніўся канверт з Бразіліі.

У яго ж я ўпершыню пабачыў французскі падручнік геаграфіі, кніжку, ілюстраваную каляровымі фотаздымкамі прыгожых краявідаў. Савецкія падручнікі адразу ж падаліся мне шэрымі і непрывабнымі.

Адам быў перакананым і шчырым беларускім нацыяналістым. Палітычныя погляды ягоныя былі лаканічныя: «Рускія каланізатары, марш у сваю Расію». Хоць я зусім не быў пракамуністым, але гэткі рашучы лозунг неяк збянтэжыў мяне: не часта спаткаеш у нашым асяродку такое яснае выкладанне сваёй пазіцыі. Мне гэты лозунг быў вельмі да душы, хоць сам я лічыў яго трошкі нерэальным. Але, аказваецца, усё магчыма.

У 1969 годзе мне давялося перапыніць навучанне, і я згубіў кантакт з Адамам. Толькі недзе ў сярэдзіне 1980-х гадоў, чытаючы беластоцкую «Ніву», я наткнуўся на ліст у газету. Дапісчык прасіў тых, хто ведае, даслаць яму словы польскае песні, якую спявала ягоная мама. Далей ішлі некалькі радкоў і імя аўтара допісу і ягоны адрас. Гэта быў Адам Паўлюкавец.

Я быў дужа ўзрадаваны, што ведаю, дзе жыве Адам, і адразу ж напісаў яму ліст. Адам адгукнуўся.

Калі я бываў у Менску – звычайна пару разоў на год, – я званіў яму і ён запрашаў мяне да сябе. Жыў ён за адны гоні ад аўтавакзала «Усходні», літаральна хвілін сем хады, у невялікай аднапакаёвай кватэры; выглядаў гэтак жа бедна, як і ў студэнцкія гады. Мне ён расказаў, што пасля вучобы на працу па спецыяльнасці не пайшоў, а паступіў на завод шасцярон токарам, пэўны час працаваў там, а потым кінуў. Жыў з таго, што перакладаў для аднэй хрысціянскае суполкі літаратуру з замежных моў; плацілі яму то прадуктамі, то вопраткай – неяк няёмка было пытаць пра гэта. Мы гаманілі пра рознае, амаль ніколі пра асабістае, і я ні пра што не распытваў яго. Як цяпер удае – дарма, трэба было цікавіцца болей.

Жанчыну ягоную я бачыў мо адзін раз: аўтобус мой пакідаў Менск а другой палове дня, завітваў да яго я звычайна на нейкую гадзіну, калі люд бывае на працы.

У адно з такіх наведванняў Адам падараваў мне напісаную ім кніжку «Мова эсперанта». У кніжцы змешчана ладнага беларускіх вершаў, перакладзеных на эсперанта Адамам. Гэтая кніжка, падпісаная аўтарам, стаяла ў мяне на пачэснай палічцы.

Жыццёвыя клопаты перапынілі мае паездкі ў Менск.

Калі ж глыбокай восенню 1994 года я патрапіў у Менск на курсы ўдасканалення і пазваніў Адаму, слухаўку ўзяла ягоная жонка. «Адам памёр», – сказала яна.

Гэта было так неспадзявана, што я павесіў слухаўку, нічога не спытаўшы ў яе. Ізноў даводзіцца пра тое толькі моцна шкадаваць.

Вось і ўсё, што я памятаю пра Адама Паўлюкаўца.

Час ад часу памяць вяртае мяне да ўспаміну пра яго, шчырага патрыёта і нацыяналіста. Такіх, як ён, было небагата, але іхняя значнасць неадменная.

 

Я звяртаюся да ўсіх, хто чытае гэтыя радкі. Калі ў вас ёсць хоць нейкія біяграфічныя звесткі пра Адама Аляксандравіча, калі ласка, звяжыцеся са мной. Я буду рады любой інфармацыі. З даты яго смерці мінула амаль чвэрць стагоддзя, але я не губляю надзеі знайсці сяброў, знаёмых або, калі пашанцуе, нават сваякоў, якія змогуць дапамагчы зрабіць поўны артыкул. Бо, як кажуць, пакуль жыве памяць пра чалавека, жыве і сам чалавек…

Кнігу А. А. Паўлюкаўца «Мова эсперанта» можна ўзяць тут.

Мая пошта: [email protected]
Telegram/GSM: +1/262/5633090
Viber/GSM: +375/29/5633090

Аляксандр Кошаль
Беларусь, Мінск
31.01.2019

Ілюстрацыя: mignews.com.

 

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар