Некалькі дзён таму ў Пецярбургу выйшла калектыўная манаграфія пад назвай “Взгляд кота Шрёдингера: регистрация движений глаз в психолингвистических исследованиях”.

Даследаванні праводзіліся ў Лабараторыі кагнітыўных даследаванняў СПбДУ. Кіраўнік – д.біял.н., д.філал.н. праф. Т.У. Чарнігаўская.

Раскажу каротка пра кнігу як адзін з яе аўтараў.

Пра методыку

Рэгістрацыя рухаў вачэй – гэта сучасная і вельмі дакладная эксперыментальная методыка. Яна заснаваная на нейрафізіялагічных уласцівасцях чалавека. Справа ў тым, што калі мы чытаем, нешта разглядаем, кіруем аўто альбо любым іншым чынам апрацоўваем візуальную інфармацыю, – нашыя вочы робяць мноства рухаў.

Вось так, напрыклад, выглядае візуалізацыя чытання тэксту:

Рэальны прыклад

Лініі паказваюць, як перамяшчаецца позірк чытача.

Шарыкі – гэта моманты, калі позірк спыняецца, засярождваецца (фіксацыя), іх працягласць вымяраецца ў мілісекундах. На слове можа быць адна фіксацыя, дзве, тры, можа не быць ніводнай.

Позірк можа вярнуцца да ранейшага слова (рэгрэсія). Напрыклад, чытач выбірае няправільнае значэнне шматзначнага слова альбо ідыёму прачытвае як простае словазлучэнне з літаральным сэнсам. Потым, з дапамогай кантэксту, ён разумее памылку і нанова перачытвае фрагмент.

Наяўнасць, колькасць, працягласць фіксацый і рэгрэсій – гэта паказальнікі, на якія магчыма абапірацца, высоўваючы, пацвярджаючы ці абвяргаючы навуковыя гіпотэзы. Калі казаць пра мову, то гэтыя гіпотэзы могуць тычыцца структуры ментальнага лексікона чалавека, а таксама даследавання неадназначнасці і спосабаў яе вырашэння.

Вось некаторыя пытанні, якія можна даследаваць з дапамогай методыкі рэгістрацыі рухаў вачэй (і пра якія можна пачытаць у манаграфіі):

– як пры чытанні тэксту ўзаемадзейнічаюць увага, памяць, асацыятыўныя сувязі,

– што ўспрымаецца цалкам, а што патрабуе ўвагі да дэталяў,

– як успрымаецца тэкст, а як – малюнкі,

– як арганізаваны ментальны лексікон чалавека (як у памяці захоўваюцца словы, як яны выцягваюцца адтуль, як звязаныя адно з адным),

– як мы выбіраем правільнае значэнне шматзначнага слова альбо амоніма,

– як распазнаем ідыёмы,

– як разумеем анафарычныя і іншыя сувязі паміж словамі ў кантэксце.

Наогул жа поле выкарыстання методыкі надзвычай шырокае: https://www.tobiipro.com/fields-of-use/.

Пра неадназначнасць

Неадназначнасць і няпэўнасць інфармацыі – гэта тое, з чым мы сутыкаемся ўвесь час.

У любой мове большая частка слоў – гэта шматзначныя словы, сапраўдных адназначных слоў вельмі мала. Пры гэтым мы рэдка маем цяжкасці з разуменнем таго, што маецца на ўвазе, і нават не падазраем, якую вялізарную працу пры гэтым робіць наш мозг.

Так, пры чытанні самага звычайнага сказу трэба (спрошчана):

– вызначыць месцы і працягласць фіксацый,

– трымаць канцэнтрацыю і ўвагу,

– сканструяваць выказванне – выбіраючы, у тым ліку, патрэбныя значэнні слоў.

На выбар значэнняў слова, у сваю чаргу, уплываюць розныя фактары.

Пад частотнасцю маецца на ўвазе адносная частотнасць значэнняў: адно са значэнняў можа быць дамінантным (тады слова лічыцца незбалансаваным па сваёй структуры), але дамінантнага значэння можа і не быць (збалансаванае слова; сустракаецца радзей). Дамінантнае значэнне мае перавагу ў актывацыі, асабліва каля няма кантэксту.

Адносная частотнасць значэнняў вызначаецца з дапамогай корпусу.

Незалежна ад сваёй частотнасці, значэнні могуць атрымоўваць перавагу ў канкрэтнай сітуацыі, пар. крыніца ў дысертацыі ці крыніца ў мастацкім творы пра вёску.

Роля кантэксту не такая адназначная, як можа падасца на першы погляд. Нават калі кантэкст ёсць, могуць здарацца камунікатыўныя правалы. І наадварот, нават без кантэксту мы часта адразу правільна інтэрпрэтуем неадназначную інфармацыю. Так адбываецца, у прыватнасці, таму, што мы заўсёды прадбачым, прагназуем тое, чаго яшчэ не пачулі/не прачыталі, – карыстаючыся вопытам, “інтуіцыяй” (скажам, мы інтуітыўна разумеем, што грызці граніт– гэта хутчэй ідыёма, чымсьці словазлучэнне з літаральным значэннем).

Дадзеныя фактары пры апрацоўцы шматзначных слоў ці амонімаў узаемадзейнічаюць складаным чынам. Для даследчыка асабліва цікавымі з’яўляюцца сітуацыі, калі гэтыя фактары “супрацьстаяць” адзін аднаму: напрыклад, кантэкст стаіць пасля мэтавага слова і падтрымоўвае радзейшае па частотнасці значэнне слова ці словазлучэння, пар. (з эксперыменту):

1. Она не могла размотать этот запутавшийся клубок, потому что тонкие шерстяные нитки постоянно спутывались между собой.

2. Она не могла размотать этот запутавшийся клубок, потому что при даче показаний все события смешались у нее в голове.

(У рускага слова клубок адносная частотнасць прамога значэння – 34%, пераноснага – 66%, такім чынам, гэта незбалансаванае слова з перавагай пераноснага значэння).

Спосабы ўзаемадзеяння фактараў апісваюцца некалькімі тэарытычнымі мадэлямі.

Варта заўважыць, што без неадназначнасці і няпэўнасці немагчымыя ні мастацтва, ні гумар, ні моўныя гульні. Для паўсядзённай камунікацыі важна інтэрпрэтаваць тэкст адзназначна, а вось для мастацтва, наадварот, важна мець як мага больш інтэрпрэтацый і сэнсаў.

Чаму Кот?


Jool1018, from Wikimedia Commons

У сучасным свеце любая навука адыходзіць ад класічнай схемы, паводле якой вучоны – гэта глядач, які сядзіць у залі і нібыта аб’ектыўна назірае за светам на сцэне. На самай справе, падзелу на сцэну і залу няма – даследчык заўсёды знаходзіцца ў тым жа свеце, які даследуе, а факт назірання так ці йначай уплывае на аб’ект даследавання.

Кот Шродзінгера стаў для аўтараў кнігі мадэллю суб’екта, які ўспрымае, апрацоўвае і перадае інфармацыю. Кот ходзіць па лінгвістычных узроўнях і дапамагае іх вывучаць.

Замест завяршэння

Тое, што мы бачым і ўяўляем – гэта не дакладная праекцыя “аб’ектыўных” фізічных сігналаў, якія паступаюць на нашыя рэцэптары, а тое, што будуе, стварае наш мозг. Усе мы па-рознаму чытаем, разумеем, успрымаем, адчуваем – бо заўсёды абапіраемся на ўласны – унікальны – вопыт. Аб’ектыўнай, сапраўднай карціны свету няма. “Мы бачым толькі тое, што ведаем” (Т. У. Чарнігаўская).

Правы на загалоўны малюнак належаць Выдавецтву Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Кандыдат філалагічных навук, займаецца даследаваннямі і працуе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, а таксама ў адукацыйным цэнтры «Фрактон». Навуковыя інтарэсы: балтыйскія мовы, індаеўрапейскае мовазнаўства, эксперыментальная лінгвістыка, псіхалінгвістыка.

Дадаць каментар