25 студзеня не стала беларускага мовазнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара Віктара Уладзіміравіча Мартынава. Нягледзячы на тое што імя гэтага даследчыка вядома далёка за межамі Беларусі, у байнэце падрабязнай інфармацыі пра жыццё і дзейнасць В. У. Мартынава няма. Прозвішча вучонага і асобныя яго работы згадваюцца хіба што ў адным з тэкстаў на сайце акадэмічнага Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы (цяпер у складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры) і на шэрагу іншых інтэрнэт-старонак. Некаторыя факты з біяграфіі В. У. Мартынава і выбраную бібліяграфію можна знайсці ў рускамоўнай Вікіпедыі. Мы ж у сваю чаргу змяшчаем тут артыкул пра даследчыка, апублікаваны ў энцыклапедыі «Беларуская мова» (Мінск, 1994. — С. 331).

Беларускі лінгвіст В. У. Мартынаў нарадзіўся 25 студзеня 1924 г. ў г. Адэса. Доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Занесены ў «Кнігу гонару» ЗША (1989). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1990). Стаў чалавекам года i атрымаў узнагароду 20 стагоддзя Брытанскага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы (1993). У 1948 г. скончыў Адэскі універсітэт, у 1951 — аспірантуру па славістыцы пры Львоўскім універсітэце. У 1952—60 гг.— загадчык кафедры замежных моў Адэскага універсітэта, з 1960 г.— у Інстытуце мовазнаўства АН Бeлapyci (у 1962—90 гг.— загадчык аддзела агульнага i славянскага мовазнаўства).

В. У. Мартынаў апублікаваў больш за 250 артыкулаў i 12 манаграфій (3 у сааўтарстве). Вучоны даследуе тры актуальныя праблемы. Першая датычыць беларусістыкі. З 1969 г. Мартынаў — рэдактар i сааўтар шматтомнага «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—7, 1978—91). Слоўнік адлюстроўвае моўныя сувязі беларускага народа з іншымі славянскімі i неславянскімі народамі на розных этапах гістарычнага развіцця. Матэрыялы трох кандыдацкіх дысертацый па дыялектнай лексікаграфіі, якія падрыхтаваны пад навуковым кіраўніцтвам В. У. Мартынава, абагульнены ў калектыўнай манаграфіі «Лексіка Палесся ў прасторы i часе» (1971). Два іншыя аўтарскія калектывы, якія ён узначальваў, падрыхтавалі манаграфіі па сучаснай беларускай літаратурнай мове: «Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове. Дзеяслоў» (1967) i «Словаўтваральная сістэма сучаснай беларускай мовы» (пра семантыка-словаўтваральны аналіз імён), а таксама новы тып слоўнікаў: «Канкарданс беларускай мовы XIX стагоддзя» i «Канкардансы беларускіх пісьменнікаў. Канкарданс Кузьмы Чорнага» (не выдадзены).

Другая праблема, славістычная,— высвятленне глотагенезу i этнагенезу славян. У манаграфіях «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне найстаражытнейшай пары: (Да праблемы прарадзімы славян)» (1963) i «Мова ў прасторы i часе: Да праблемы глотагенеза славян» (1983), у шэрагу артыкулаў, у дакладах на Міжнародных з’ездах славістаў у Сафіі, Варшаве, Заграбе — Любляне, Кіеве, Браціславе даследчык выкарыстоўвае сучасныя структурна-тыпалагічныя метады ў кампаратывістыцы i багаты фактычны матэрыял славянскіх, гермaнскіx, балтыйскіх, італійскіх i іншых моў. Глотагенез славян ён лічыць вынікам канвергентных (падобных) i дывергентных (якія разыходзяцца) працэсаў на прабалтыйскай (заходнебалтыйскай) моўнай тэрыторыі.

Трэці кірунак даследаванняў мае агульнамовазнаўчы i прыкладны характар. Абапіраючыся на ўзаемасувязі лінгвістыкі з кібернетыкай i семіётыкай, В. У. Мартынаў стварае варыянт інфармацыйнай мовы, якая магла б служыць «вылічэнню сэнсаў». У сваёй манаграфіі «Семіялагічныя асновы інфарматыкі» (1974) ён сцвярджае, што падобныя задачы можа выканаць універсальны семантычны код (УСК). Вучоны распрацоўвае новыя, усё больш дасканалыя варыянты УСК — у манаграфіі «Універсальны семантычны код: (Граматыка. Слоўнік. Тэксты)» (1977), яго практычнага прымянення i магчымасцей у галіне аўтаматызаванага кіравання i аўтаматыкі — у манаграфіі «Універсальны семантычны код: УСК-3» (1984), прымянення УСК для апісання натуральнай (тут рускай) мовы — у манаграфіі «Катэгорыі мовы» (1982).

В. У. Мартынаў — аўтар артыкулаў: «УСК — мова падачы ведаў i эўрыстычнага пошуку» (1980), «УСК-3: варыянт мовы прадстаўлення ведаў i эфектыўных вылічэнняў» (1983), «УСК-4 — асобага роду мова падачы i пераўтварэння ведаў» (1989) i іншых, што былі прачытаны як даклады на ўсесаюзных i міжнародных ciмпозіумах i канферэнцыях.

Тв.: Лингвистические методы обоснования гипотезы висло-одрской прародины славян. Мн., 1963; Кибернетика. Семиотика. Лингвистика. Мн., 1966; Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968; Праславянская и балто-славянская суффиксальная деривация имён. Мн., 1973, Балто-славяно-италийские изоглоссы: Лексич. синонимия. Мн., 1978; Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982; Балто-славянские этимологии // Acta Baltico-Slavica. Wrocław, 1984. Т. 14; Функциональная грамматика и категории языка // Проблемы функциональной грамматики. М., 1985; Построение и реализация алгоритма планирования в исчислении, основанном на универсальном семантическом коде (у сааўт.) // Изв. АН СССР. Техн. кибернетика. 1985. № 5; Восточно-славянская и этимологическая лексикография (у сааўт.) // Славянская историческая этимологическая лексикография. (1970—1980 гг.). М., 1986; Цели и принципы составления конкордансов нового типа // Вторая Всесоюзная конференция по созданию машинного фонда русского языка: Материалы конференции. М., 1988; Праславянский язык и его место в западнобалтийском диалектном континууме. Mн., 1988; Сакральный мир «Слова о полку Игореве» // Славянский и балканский фольклор. М., 1989; Мова i культура. Некаторыя разважанні // Бел. лінгвістыка. Мн., 1989. Вып. 36.

Літ.:   В я р э н і ч   В. Л.   Biктap Уладзіміравіч Мартынаў: (Да 60-годдзя з дня нараджэння) // Бел. лінгвістыка. Мн., 1984. Вып. 25;   Л у ч ы ц — Ф е д а р э ц   І.   Чалавек XX стагоддзя // Навіны беларускай акадэміі. 19 лютага 1993.

В. Л. Вярэніч

Кандыдат філалагічных навук, былы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар