Калі выкладаеш мовазнаўства, то часта заўважаеш: для студэнтаў гэты прадмет складаны. Семіётыка, рэферэнт, рэма, рэканструкцыя, суплетывізм, цыркумфікс, пратэза, фузія — натуральна, што галава ідзе кругам…
Аднак ёсць пару тэм, якія абмяркоўваюцца з ахвотай. Адна з іх — камунікацыя жывёл. На занятках мы неаднойчы гаварылі пра мовы дэльфінаў, пчол і, безумоўна, малпаў. Звычайна згадваюцца шымпанзэ Воша (Washoe, 1965–2007) і гарыла Кока (Koko, 1971–2018).
4 ліпеня 1971 года ў заапарку Сан-Францыска нарадзілася малпачка Кока. Калі ёй споўніўся адзін год, з ёй стала займацца псіхолаг Фрэнсіс Пэні Патэрсан (нар. 1947). “Я думала, што мы справімся за 4 гады”, — успамінала пазней даследчыца.
У 1979 годзе ў Стэнфардскім універсітэце яна абараніла дысертацыю “Linguistic Capabilities of a Lowland Gorilla”. Увогуле ж праца расцягнулася ў дзесяць разоў — больш як на сорак гадоў. Да смерці Кокі 19 чэрвеня 2018 года.
Малпа Кока карысталася 1000 жэстаў і разумела каля 2000 англійскіх слоў.
Пра яе напісалі шмат навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, навуковую кнігу і дзве дзіцячыя кнігі, а таксама знялі два дакументальныя фільмы: “Koko, le gorille qui parle” (1978) і “Koko: The Gorilla Who Talks to People” (2016).
У апошнім відэазапісе пра Коку змешчаны заклік берагчы зямлю:
Я гарыла. Я кветкі, жывёлы. Я прырода. Людзі… Кока любіць Зямлю. Кока любіць.
Але людзі дурныя… Дурныя!.. Како просіць прабачэння. Како плача. Час ідзе! Адрамантуйце Зямлю! Дапамажыце Зямлі.
Спяшайцеся. Абараніце Зямлю! Прырода бачыць вас. Дзякуй.
Калі ў нас яшчэ працаваў Фонд Сораса, то ён выпусціў нямала цікавых кніг. Гэта было вельмі важна – пазнаёміцца з новымі дасягненнямі навукі, айчыннай і заходняй. Так, з дапамогай Фонда выйшлі, напрыклад, лекцыі А. Я. Супруна, Б. Ю. Нормана, Янкі Запрудніка і інш.
А таксама цікавая манаграфія Джын Эйчысан “Гаваркія істоты” (1995). Там крыху напісана і пра Коку.