Адразу тры ўдзельнікі (два ўдзельнікі і адна ўдзельніца) ініцыятывы Philology.BY на мінулым тыдні накіраваліся ў паўночны рэгіён Беларусі. Нагодай для падарожжа стала II Міжнародная навуковая канферэнцыя «Рэгіянальная анамастыка: праблемы і перспектывы даследавання», якая адбылася 15-16 сакавіка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава.
Ужо па дарозе ў Віцебск удзельнікам навуковай групы пашчасціла паўдзельнічаць у тэставанні прыкладання на тэлефоне і атрымаць такія ж нефармальныя, як і карысныя здымкі для справаздачы аб мерапрыемстве.
Віцебск, як заўсёды, парадаваў сваёй гасціннасцю. Ужо на вакзале нас сустрэлі гаспадары на чале з доктарам філалагічных навук, прафесарам Ганнай Міхайлаўнай Мезенкай, якія ўмомант дамчалі нас да месцаў пражывання і пазнаёмілі з апошнімі навінамі канферэнцыі.
Першы дзень канферэнцыі пачаўся віншаваннямі з нагоды юбілею заснавальніка віцебскай школы анамастыкі і галоўнага арганізатара мерапрыемства – Г.М. Мезенкі. Цёплыя словы і віншаванні ў адрас юбіляркі гучалі ад кіраўніцтва ўніверсітэта і Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, вядомых прадстаўнікоў анамастыкі з вышэйшых навучальных устаноў Беларусі і Расіі, якія прысутнічалі на канферэнцыі.
Змест пленарных дакладаў, якія рушылі ўслед за гэтым, пераконваў у тым, што анамастыка была і застаецца папулярным накірункам навуковых даследаванняў як у славянскіх краінах, так і за іх межамі, пра што сведчыць спіс краін-удзельніц – Беларусь, Канада, Кітай, Польшча, Расія, ЗША, Украіна і Францыя.
Дэманстрацыя вынікаў анамастычных даследаванняў і навуковыя дыскусіі працягваліся і на наступны дзень у рамках секцыйных пасяджэнняў. Усе прачытаныя (а таксама непрачытаныя, але дасланыя на канферэнцыю) даклады ў хуткім часе з’явяцца ў вольным доступе на сайце ўніверсітэта.
Пахадзіўшы па калідорах універсітэта, нам удалося таксама заўважыць цікавыя з лінгвістычнага пункту гледжання аб’екты. Напрыклад, прафесарскую кафедры хіміі, пра што філолагі, здаецца, могуць толькі марыць…
Або цудоўную семіётыка-лінгвістычную заканамернасць намінацыі туалетаў для супрацоўнікаў універсітэта 🙂
Арганізатары не давалі сумаваць падчас канферэнцыі: у першы дзень яе правядзення акрамя традыцыйнага фуршэта гасцей чакалі наведванне выставы работ студэнтаў мастацка-графічнага факультэта і экскурсія па горадзе са знаўцамі мясцовых славутасцяў, у другі – візіт у літаратурны музей, размешчаны ва ўніверсітэце, і паездка ў музей-сядзібу выбітнага мастака Іллі Рэпіна «Здраўнёва».
Сярод удзельнікаў групы Philology.BY па шчаслівай выпадковасці 🙂 апынуўся карэнны віцябчанін/віцяблянін (вось і філасофска-лінгвістычная загадка для нашых чытачоў), дзякуючы якому ўсе каментары пра месца правядзення і дзеючых асоб канферэнцыі мы атрымлівалі з першых рук.
Маршрут наведаных за межамі ўніверсітэта месцаў уключыў традыцыйныя для гасцей пазалінгвістычныя аб’екты:
так і тыя, што звязаны з філалогіяй непасрэдна. Напрыклад, Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. Помнік яму размешчаны ў скверы, які носіць яго імя, а новае кафэ, якое неўзабаве адчыніць свае дзверы для наведавальнікаў, размешчана побач.
Канферэнцыя, па-за ўсякім сумневам, атрымалася. Яна дала падставы як для дыскусій, так і для разважанняў па выніках дакладаў. Напрыклад, пра неабходнасць больш актыўна выходзіць за рамкі традыцыйнай апісальнай анамастыкі. Яна дазволіла гасцям пранікнуцца цікавасцю як да традыцыйных параўнальна-гістарычнага і структурнага напрамкаў даследавання, так і да адносна новых для анамастыкі лінгвакультуралагічнага, сацыялінгвістычнага і кагнітыўнага падыходаў да аналізу імёнаў. Яна дала магчымасць зноў палюбавацца выдатным горадам, явіла яго гасцям душэўнасць, ветлівасць і гасціннасць віцябчан/віцяблян.
Пасля гэтага дылема, як называць жыхароў горада над Дзвіной, сыходзіць на задні план 🙂