У выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачыла свет чарговае, 4-е выданне акадэмічнага «Беларуска-рускага слоўніка» ў трох тамах пад агульнай рэдакцыяй члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук А. А. Лукашанца.
Слоўнік не з’яўляецца канцэптуальна новым (хоць час для такога выдання, думаецца, таксама наспеў — з кардынальным пераглядам і ўдакладненнем рэестра, з улікам апошніх лексікаграфічных работ па рускай мове). Гэта фактычна перавыданне папярэдняга трохтомніка (Мінск, 2003) у адпаведнасці з новымі правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (прадмова).
Разам з адлюстраваннем у новым выданні арфаграфічных новаўвядзенняў рэестр слоўніка папоўнены словамі, якія трывала ўвайшлі ў моўную практыку. Некаторыя лексемы выключаны або заменены на беларускія адпаведнікі, выдалены або заменены таксама асобныя ілюстрацыі, удакладнены пераклад шэрагу слоў. Змешчаныя ў трохтомніку беларускія айконімы пададзены ў адпаведнасці з нарматыўным даведнікам «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» па шасці абласцях (Мінск, 2003—2010).
Гэтым жа выдавецтвам рыхтуецца да перавыдання трохтомны «Русско-белорусский словарь», які таксама адрэдагаваны з улікам новых правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі і ўключае некаторыя змены, датычныя рэестра, перакладу і ілюстрацый.