Што было?

У лютым 2009 года пачаліся першыя крокі па рэалізацыі праекта, а ў красавіку гэта быў сайт, які працаваў і адгукаўся на імя Philology.BY. Апошнім часам тэхнічныя магчымасці колішняй платформы, абранай за яе ашчаднасць да рэсурсаў, нас перасталі задавальняць. Аднак міграцыя на новую платформу сталася даволі клапотнай задачай. Тым не менш, нарэшце, тэхнічныя праблемы пераадоленыя.

Што змянілася?

Цяпер сайт працуе на сучасным рухавіку WordPress. Мы мяркуем, што з новымі тэхнічнымі магчымасцямі нам будзе прасцей зрабіць наш сайт больш гнуткім, прыстасаваць да розных тыпаў кантэнта. Хочам адысці ад фармата стужкі анонсаў і больш прасторы даць аўтарскім матэрыялам і навінам.

Вось такое размеркаванне ўсіх допісаў на сайце па аўтарах

Што такое Philology.BY сёння?

  • Гэта сайт, які мае ад 4 да 7 тысяч наведвальнікаў за месяц.
  • Больш за 4 сотні публікацый (пастоў)
  • Рэдакцыйны калектыў з 4 асоб, якія актыўна займаюцца і сайтам, і лінгвістычнай навукай.
  • Суполка з нашых сяброў і калег, якія чытаюць сайт, дасылаюць матэрыялы, праводзяць разам з намі сустрэчы і мерапрыемствы.

Што будзе?

  • Спецпраекты.
  • Мітапы, сустрэчы, лекцыі – карацей, афлайнавыя мерапрыемствы.
  • Супраца з суполкай (сацыяльныя сеткі, мэсэнджары, каментары).
  • Больш жывога, арыгінальнага кантэнта на сайце.

 

У старажытныя часы славяне пачыналі адлік году з вясны, з сакавіка. Таму нам вельмі прыемна пачаць год з такой цудоўнай змены ў нашым праекце. Тым больш што ў гэтым годзе надвор’е пакуль не вельмі спяшаецца нас парадаваць сонейкам, цеплынёй і пралескамі.

Развітваемся са старым сайтам, які адслужыў нам 9 год! Але вясна 🙂

Рэдактар і тэхнічны адміністратар Philology.BY. Спецыялізуецца на лічбавых метадах у гуманітарных навуках (digital humanities). Цікавіцца лексікаграфіяй, сацыялінгвістыкай і марфалогіяй. Акрамя мовазнаўства, займаецца аналізам і візуалізацыяй дадзеных (Dataviz.BY) ды стварэннем вэб-праектаў.

Дадаць каментар