Роўна сто год таму быў выдадзены гэты гістарычны дакумент. Цікава на яго паглядзець з розных прычын, але прапаную пачытаць–прыслухацца да мовы, якая гучала ў Беларусі стагоддзе таму. Чырвоным колерам я вылучыў тыя выразы, якія не ўжываюцца сёння альбо ў тым значэнні, альбо у такой форме, альбо больш не адпавядаюць афіцыйнаму стылю. Арфаграфію і асаблівасці граматыкі я пакінуў па-за ўвагай, бо гэта зусім дробязі.
Увогуле, як бачыце, нягледзячы на 100 гадоў цяжкай і вельмі неадназначнай моўнай гісторыі, сённяшні чалавек даволі лёгка разумее, пра што вялося тады. Гэта добры знак.
Сэнс нам таксама блізкі 🙂
Устаўная грамата да народаў Беларусі
У часе сусветнай вайны, што бурыць адны моцные дзержавы і аслабаняе другіе, абудзілася Беларусь да дзержаўнаго жыцця. Пасьля трох с паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор – Усебеларускі Зьезд 5–17 сьнежня 1917 року, дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронючы дзержаўные правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзержаўным устрою Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў:
- Беларусь у рубяжох разсялення і лічбеннай перавагі беларускаго народу абвешчаецца Народнаю Рэспублікай.
- Асноўные законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнаго, роўнаго, простаго, патаемнаго і прапорцыянальнаго выборчаго права, ні зважаючы на пол, народнасьць і рэлігію.
- Да часу, пакуль зьбярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, законодаўчая ўлада у Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускаго Зьезду, дапоўненай прэдстаўнікамі нацыянальных меньшасьцяў Беларусі.
- Спаўняючая і адміністратыўная ўлада у Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сэкрэтарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае атвет.
- У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі абвешчаецца вольнасьць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў: безумоўная вольнасьць сумленьня, нізачэпнасьць асобы і памешкання.
- У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі усе народы маюць права на нацыянальна-пэрсональную аўтаномію; абвешчаецца роўнае права усіх моваў народаў Беларусі.
- У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнае уласнасьці на зямлю касуецца. Земля перадаецца бяз выкупу тым, хто самі на ёй працуюць. Лясы, вазеры і нутро зямлі абвешчаюцца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі.
- У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўстанаўляецца найбольшы 8-і гадзіновы рабочы дзень.
Абвешчаючы усе гэтые правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускай Народнай Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пільнаваць законнаго парадку жыцця у Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсаў усіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьці працоўнаго люду. А так сама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часі Устаноўчы Сойм Беларусі.
Усіх верных сыноў Беларускай зямлі клічам памагчы нам у цяжкой і атветнай нашай працы.
Спаўняючы Камитэт Рады І-го Усебеларускаго Зьезду.
Выдана у Мінску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року.
Сканаваныя дакументы ўзятыя з сайту БелНДЦЭД.
Дарэчы, тэкст ІІ Устаўной граматы я перанабіраў са сканаванай выявы, таму, можа, што і праглядзеў. Цікава, што тэкст на нашым сайце адпавядае дакументу з большай дакладнасцю, чым на старонцы «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйны сайт».
Што да графікі, уважлівы чытач можа пабачыць, напрыклад, што нешта не тое з літарай А. І сапраўды! Сяргей Шупа ў артыкуле на «Радыё Свабода» тлумачыць:
Пры наборы Другой Устаўной Граматы ў друкарні Грынблата ўзьнікла нечаканая праблема — у наборнай касе скончылася літара «а». Друкарня, разьлічаная на расейскамоўны друк, ня мела дастатковага запасу гэтай самай частай літары беларускіх тэкстаў.
Вырашаць гэтую праблему давялося сьпешным парадкам. Відаць, магчымасьцяў папоўніць касу не было, таму друкары, пачынаючы ад 7-га пункту Граматы, пачалі замест малой «а» ўстаўляць вялікую «А», а каб яна надта не вытыркалася, дабіралі словы крыху большым кеглем.
Але ўрэшце не хапіла і вялікіх «А», і таму апошні фрагмэнт тэксту Граматы (ад «Абвяшчаючы усе гэтыя правы…») набіраўся істотна большым кеглем. На самым фінішы Граматы скончыўся запас «а» і ў гэтым кеглі, і ў апошніх трох словах зноў бяруцца вялікія «А» і словы дабіраюцца яшчэ большым кеглем…
На «ў» і «ё» друкары трох Устаўных Граматаў ужо проста махнулі рукой.