У канцы года прынята падводзіць вынікі і складаць рэйтынгі, у тым ліку датычныя кніжных навінак. Свой спіс адметных выданняў 2013-га апублікаваў днямі філолаг-літаратуразнаўца, паляшук і проста харошы чалавек Ціхан Чарнякевіч. Варты ўвагі мовазнаўчы блок рэйтынга мы са згоды аўтара перадрукоўваем на нашым сайце.



Юр Пацюпа «Анонс»

Андрэй Белы нашых дзён, гарадзенец Пацюпа вельмі рэдка, у адрозненне ад паэта-сімваліста, выступаў да чытача з кнігамі. Рабіць гэта ўсякаму гуманітарыю чым далей, тым больш складана, бо і выдаўцы не надта зацікаўлены вучонымі мудрагельствамі, ды і чытач прагне статусаў і іх абнаўленняў, а лінгвістычныя ідэі Максіма Багдановіча выклікаюць толькі разгубленую ўсмешку. Добра, што з’явілася серыя «Беларускага калегіюму», у якой такія файныя і ў той жа час крыху маргінальныя тэксты могуць цяпер выходзіць. Да таго ж, гэта найтаннейшая сучасная серыя — цана адной кніжкі вагаецца ў межах двух даляраў.


Юрась Бушлякоў «Жывая мова»

Пасмяротная кніга Юрася Бушлякова — адзін з помнікаў выбітнаму моваведу і ў той жа час файны практычны дапаможнік як для «нованавернутых», так і для «нібыта абазнаных». Бушлякоў сваёй кнігі не скончыў, але па сутнасці падобнай кнігі наагул скончыць немагчыма: багацце прыкладаў, якімі дзеліцца мова, не змяшчаецца ні ў адзін вучоны талмуд. Але гэтая кніга выдатная не столькі прыкладамі, колькі пяшчотай і дабрынёй, іроніяй і ўсмешкай, з якімі ўсё напісана, у адрозненне ад сухога навуковага лінгвістычнага стылю.


Алесь Каўрус «Словаклад»

Яшчэ адзін даўгабуд — «Словаклад» Алеся Каўруса. Пазаслоўнікавая лексіка, якой шчодра дзяліўся аўтар цягам дзесяці гадоў на старонках часопіса «Роднае слова», выйшла пад цвёрдай вокладкай і такім чынам ператварылася з віртуальнага праекта ў рэальны слоўнік, які дапаўняе і ўзбагачае кожнага скрыптара і наратара. Выдатная падмога для журналіста, перакладчыка і калумніста — гэтых асноўных беларускамоўных прафесій сучаснасці.


Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі (у 2 тамах)

Рэдкая птушка дажыве да завяршэння выдання «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» — бардовага шматтамовіка, які пачаўся яшчэ за саветамі, а скончыцца, відаць, пасля падзення дыктатуры. Для тых, каму няма ўцерпу чакаць поўны варыянт, акадэмічны абрэвіятурны чэмпіён (Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі — філіял Цэнтра даследаванняў мовы, культуры і літаратуры НАН Беларусі) прапанаваў скарочаны аналаг, а менавіта субстантыўную лексіку. Яе, зрэшты, цалкам дастаткова для тых жа перакладчыкаў, якія бяруцца за старажытныя тэксты, а таксама аўтарам гістарычнай прозы, што не-не ды і ўсунуць які анахранізм у свой геніяльны твор.


Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар